Большасьць маіх продкаў былі праваслаўнымі, але я ня бачу, за што можна паважаць Расейскую праваслаўную царкву і яе Беларускі экзархат, пагатоў на фоне таго, як гэтая структура, нібыта закліканая дбаць пра духоўнасьць і маральныя арыентыры, паводзіла і працягвае паводзіць сябе на працягу трох дзесяцігодзьдзяў лукашэнкаўскай дыктатуры.
Украінскія ўлады перадаюць Кіева-Пячорскую лаўру (знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасьці) ад УПЦ МП у карыстаньне незалежнай Праваслаўнай царкве Ўкраіны. Паралельна затрымалі былога прамаскоўскага настаяцеля лаўры, а па інтэрнэце ходзяць фатаздымкі ягонай шыкоўнай і безгустоўнай прыватнай вілы, запісы ягоных выказваньняў — часам з апраўданьнем расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Апублікавалі зьвесткі пра наяўнасьць расейскага грамадзянства ў ярархаў УПЦ Маскоўскага патрыярхату, а сьвятары УПЦ МП абражаюць і б’юць украінскіх актывістаў, часам дэманструючы някепскія навыкі рукапашнага бою. Летась у сьвятароў Маскоўскага патрыярхату ва Ўкраіне знаходзілі расейскую нацыяналістычную літаратуру і фіксавалі малебны ледзь не ў падтрымку расейскай ваеннай агрэсіі.
Ня трэба баяцца крытыкаваць БПЦ
Беларусь прайшла празь пяцьдзясят (на захад ад Менску) ці семдзесят (на ўсход ад яго) гадоў савецкай улады з закрыцьцём цэркваў, антырэлігійнай прапагандай, непрыемнасьцямі на працы за хрост і наведваньне набажэнстваў. І тым ня менш вакол рэлігіі, царквы і асабліва Расейскай праваслаўнай царквы і яе духавенства ў постсавецкім грамадзтве — пагатоў сярод старэйшага пакаленьня, былых членаў КПСС і камсамольцаў — застаецца ірацыянальны, амаль паганскі піетэт, не зважаючы на тое, якія прусакі могуць хавацца ў галовах з бародамі і пагоны якога КДБ могуць быць пад царкоўнымі рызамі.
У шырокавядомым у былым СССР сатырычным рамане Ільфа і Пятрова «12 крэслаў» шукальнік скарбаў Іпаліт Вараб’янінаў, абураны пракамуністычнымі выказваньнямі свайго канкурэнта, праваслаўнага папа айца Фёдара, дапытваўся ў апошняга:
«Дык, можа, вы, сьвяты айцец, партыйны?»
«М-можа быць!», — двухсэнсоўна адказваў айцец Фёдар.
Сёньня гэты жарт па-ранейшаму актуальны.
І сацыяльна-палітычная крытыка той ці іншай рэлігійнай арганізацыі не павінна быць табу: ці гэта Каталіцкая царква і ксяндзы-пэдафілы, ці гэта Расейская праваслаўная царква на службе ў дыктатарскіх рэжымаў.
Лукашэнка — гэта цар Герад («Ірад» па-расейска-праваслаўнаму), грэшнік, амаральны і бездухоўны тып, які прынёс і працягвае прыносіць гора мільёнам людзей. Ягоная ўлада ёсьць «ад бога» толькі ў якасьці выпрабаваньня беларускаму народу. Ягоныя вязьні — пакутнікі, якія цярпяць дзеля праўды.
Супраць бяскрыўдных геяў Бел-РПЦ мае што сказаць. Супраць ГУБАЗіКу, КДБ і катаваньняў на Акрэсьціна — ня мае.
У маскоўскага патрыярха Кірыла не знайшлося словаў спачуваньня ахвярам расейскіх ваенных злачынстваў у Бучы і Марыюпалі. Але на забойства прапагандыста Татарскага, які расейскія ваенныя злачынствы падтрымліваў і заахвочваў, Кірыл у той жа дзень адрэагаваў шматслоўным публічным спачуваньнем.
Ролю, якую Каталіцкая царква адыграла ў Польшчы ў часы «Салідарнасьці» і барацьбы з камуністычнай дыктатурай, РПЦ адыграць у Беларусі не магла б нават чыста тэарэтычна. Сучасная беларуская Каталіцкая царква, зрэшты, таксама такой ролі не адыгрывае, але яна хаця б пашырае беларускую мову і з рэдкімі выключэньнямі не спрычыняецца да прасоўваньня іншаземнага (польскага ў ягоным выпадку) нацыяналізму.
Галоўны рухавік «русского мира» ў Беларусі
Расейская праваслаўная царква, структурнай часткай якой зьяўляецца БПЦ МП, шмат у чым ёсьць не рэлігійнай арганізацыяй, а палітычнай. Сярод яе цэнтральных задач — дбаць ня толькі пра духоўны дабрабыт людзей, але і пра палітычную прапаганду, пра індактрынацыю паствы ў духу вернасьці Расеі і расейскага нацыяналізму, выкарыстоўваючы аўтарытэт усходняга хрысьціянства як складніка культуры і ідэнтычнасьці, крыніцы традыцый, альбо проста маральнага апірышча для мільёнаў беларусаў.
У Беларусі няма іншага нагэтулькі важнага грамадзкага інстытуту, для якога прасоўваньне «русского мира» было б адной з галоўных профільных задачаў.
Усе два зь лішнім стагодзьдзі сваёй прысутнасьці ў Беларусі — за царамі, саветамі і за Лукашэнкам — РПЦ была неад’емнай часткай трыяды «расейскі чыноўнік, расейская школа і расейскі поп», інструмэнтам зьнішчэньня беларускай ідэнтычнасьці і нацыянальнай культуры — ад выданьня чарнасоценнай літаратуры да нявечаньня беларускіх помнікаў архітэктуры (у тым ліку былых касьцёлаў).
Жаночы Сьвята-Лізавецінскі манастыр БПЦ (названы так ня ў гонар біблейскай сьвятой, а ў гонар цёткі апошняга расейскага цара Мікалая ІІ) зьбірае грошы ў падтрымку расейскай захопніцкай арміі. Пад эгідай БПЦ арганізуюцца парамілітарныя моладзевыя лягеры з адпаведнай «патрыятычнай падрыхтоўкай». Карыкатурны момант: часам такія праваслаўныя лягеры ўключаюць паездкі на так званую «Лінію Сталіна».
І гэта толькі тое, што на паверхні і што ня тычыцца магчымай агентурнай дзейнасьці расейскіх спэцслужбаў пад прыкрыцьцём БПЦ. У цяперашнім выглядзе РПЦ была адроджаная Сталіным у 1943 годзе. Ад самога пачатку яна, мякка кажучы, актыўна супрацоўнічала з савецкай уладай. Патрыярх Кірыл, паводле шматлікіх праўдападобных сьведчаньняў у часыСССР быў агентам КДБ — злачыннай арганізацыі і тайнай паліцыі таталітарнага рэжыму, які перасьледаваў вернікаў і наўмысна забіў тысячы манахаў і сьвятароў. Але як КДБ СССР нікуды не падзеўся і толькі ператварыўся ў карпарацыю, якая кіруе сучаснай Расеяй, дык куды маглі падзецца сувязі Кірыла і РПЦ з Лубянкай?
Я шчыра лічу, што пасьля аднаўленьня дэмакратычнага ладу дзейнасьць Беларускай праваслаўнай царквы павінна быць прадметам пільнага расьсьледаваньня.
А пакуль што, мяркую, любы сумленны чалавек павінен трымацца ад БПЦ МП як мага далей — як ад адной з найбольш крывадушных структураў лукашэнкаўскага рэжыму. Усходняе хрысьціянства ў Беларусі традыцыйна прадстаўлена грэка-каталіцкай і аўтакефальнай праваслаўнай цэрквамі, якія, быццам раньнія хрысьціяне, цярпяць у сучаснай Беларусі незаконны перасьлед. Падтрымаць іх — нашмат больш годны хрысьціянскі ўчынак, чым мець хоць нешта агульнае з БПЦ МП. На маю сьціплую асабістую думку.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.