Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заклікаў «спыніць канфлікт» ва Ўкраіне, а «не шукаць ягоных прычын»


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Лукашэнка расказаў сакратарам саветаў бясьпекі дзяржаў АДКБ, як варта вырашаць «канфлікты» ва Ўкраіне, Азэрбайджане і Армэніі.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што плянуе правесьці новую сустрэчу з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, але не ўдакладніў яе магчымых тэрмінаў.

Паводле дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА, Лукашэнка паведаміў аб гэтым 8 чэрвеня на сустрэчы з сакратарамі саветаў бясьпекі дзяржаў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ).

Лукашэнка зноў выказаўся наконт украінскага контранаступу, у часе якога нібыта толькі ўкраінскі бок нясе страты. Ён заклікаў «спыніць канфлікт» ва Ўкраіне, а «не шукаць ягоных прычын».

«Любая наша нарада не абыходзіцца без абмеркаваньня сытуацыі ва Ўкраіне. Як чалавек з досьведам хацеў бы проста папрасіць вас і перасьцерагчы ад спробы шукаць цяпер нейкія прычыны. Рана ці позна мы будзем гаварыць аб прычынах. Але цяпер найбольш важнае пытаньне — спыніць гэты канфлікт», — цытуе агенцтва словы Лукашэнкі.

Лукашэнка сказаў, што Кахоўскую дамбу нібыта падарвала Ўкраіна, каб прыхаваць вялікія страты падчас трох дзён свайго контранаступу. Гэтым самым ён паўтарыў наратыў расейскай прапаганды. Пры гэтым ён не прывёў ніякіх доказаў сваім словам. Украіна заяўляе што дамбу падарвалі расейцы.

Ён таксама заявіў аб неабходнасьці спыніць узброеныя канфлікты на прасторы АДКБ, у тым ліку паміж Армэніяй і Азэрбайджанам.

«Цярпеньне і спробы знайсьці вырашэньне пытаньня, каб было выгадна і Армэніі, і Азэрбайджану», — сказаў Лукашэнка.

У лютым 2022 году кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў. Тэрыторыя Беларусі і пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне ў асобныя пэрыяды.

10 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пра дамоўленасьць з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў на тэрыторыі Беларусі. З 15 кастрычніка Расея пачала перакідаць войскі ў Беларусь.

У студзені прайшла тыднёвая трэніроўка аб’яднанага камандаваньня «рэгіянальнай групоўкі войскаў». З пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна таксама праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў.

Вучэньні адбываюцца на фоне вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны. У гэтай агрэсіі кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае Крэмль, хоць беларускае войска ў баях ня ўдзельнічае. Менавіта пасьля вайсковых манэўраў у Беларусі войскі Расеі ў лютым 2022 году перасеклі мяжу, напаўшы на Ўкраіну.

Украіна актыўна ўмацоўвае паўночныя тэрыторыі, дапускаючы паўторнае ўварваньне праціўніка зь Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG