Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйныя прафсаюзы адрэагавалі на разгляд беларускага пытаньня ў Міжнароднай арганізацыі працы


Кіраўнік Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. Архіўнае фота
Кіраўнік Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. Архіўнае фота

Кіраўнік Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда назваў справу супраць афіцыйнага Менску ў МАП «маніпуляцыяй і фальсыфікацыяй».

Яго заяву разьмясьцілі на сайце Фэдэрацыі прафсаюзаў.

Міхаіл Орда зазначыў, што ў Беларусі больш за 90% работнікаў — сябры прафэсійных саюзаў, у краіне таксама дзейнічае больш за 20 тысяч калектыўных дамоваў з дадатковымі гарантыямі для работнікаў.

Орду абурылі абвінавачаньні МАП у адрас беларускіх ўладаў наконт адсутнасьці ў рабочых магчымасьці абʼяднацца ў прафсаюзы і заключаць калектыўныя дамовы.

«Міжнародная арганізацыя працы па сваёй сутнасьці павінна бараніць занятасьць і даходы людзей. Для гэтага яна створана гістарычна. А сёньня заходнікі спрабуюць працягнуць праз гэтую арганізацыю рашэньне, якое накіраванае на тое, каб пакінуць людзей бяз працы і без заробку», — заявіў старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда.

Орда заявіў, што санкцыі парушаюць каапэрацыйныя сувязі і вытворчыя ланцужкі.

Міжнародная арганізацыя працы праводзіць 111-ю штогадовую канфэрэнцыю ў Жэнэве з 5 да 16 чэрвеня 2023 году. Дэлегаты ад работнікаў, працадаўцаў і ўрадаў 187 дзяржаваў – удзельніц МАП разглаюць шырокае кола пытаньняў, у тым ліку санкцыі супраць афіцыйнага Менску ў сувязі зь невыкананьнем правоў незалежных прафсаюзаў.

У лістападзе 2022 году кіроўная рада Міжнароднай арганізацыі працы пастанавіла ўжыць супраць Беларусі 33-і параграф свайго статуту за безупынныя парушэньні правоў працоўных і прафсаюзаў. Такія захады пагражаюць Беларусі эканамічнымі санкцыямі.

Як чакаецца, абмяркоўваць гэтае пытаньне на канфэрэнцыі МАП, дзе прысутнічаюць прадстаўнікі беларускага «Рабочага руху» і ўладаў, будзе 12 чэрвеня. Для станоўчага выніку трэба дзьве траціны галасоў дэлегатаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG