Ва ўмовах вялікай вады апынуліся каля 40 тысяч мясцовых жыхароў, як акупаваных Расеяй, так і падкантрольных Украіне тэрыторый.
Свабода сабрала вэрсіі таго, што адбылося 6 чэрвеня, факты другога дня пасьля разбурэньня дамбы і прагнозы наступстваў.
Падрыў або натуральнае разбурэньне пасьля ранейшых пашкоджаньняў
Украіна і Расея абвінавацілі адна адну ў падрыве плаціны. У абедзьвюх краінах завялі крымінальныя справы па аднолькавым факце з фармулёўкай «тэрарыстычны акт».
6 чэрвеня сьпікер апэратыўнага камандаваньня «Поўдзень» Натальля Гумянюк у тэлеэфіры заявіла, што прарыў дамбы адбыўся ня ў выніку абстрэлу, а здэтанавалі міны, якія раней закладвалі расейцы на выпадак наступу ўкраінскага войску.
Прадстаўнік Conflict Intelligence Team Руслан Лявіеў, аналізуючы спадарожнікавыя фатаздымкі, прыйшоў да высновы, што дамба паступова разбуралася сама пасьля пашкоджаньняў ад абстрэлаў, якія адбыліся ў лістападзе 2022 году. Паводле яго, ніводзін бок — ні Расея, ні Ўкраіна — не зацікаўленыя ў падрыве грэблі і такой катастрофе.
Журналіст амэрыканскага выданьня The Washington Post Эван Гіл таксама зьвярнуў увагу, што перад прарывам дамбы ўзровень вады ў вадасховішчы ўжо быў на «беспрэцэдэнтна высокім узроўні».
Пра гэта напісала і выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі.
«Дамба ў Кахоўцы, якая знаходзіцца пад кантролем Расеі, часткова правалілася крыху раней за 03:00 па мясцовым часе 6 чэрвеня 2023 году. Да 12:00 уся ўсходняя частка дамбы і большая частка гідра- і інжынэрнай інфраструктуры была зьнесеная. Узровень вады ў Кахоўскім вадасховішчы перад абвалам быў рэкордна высокім, у выніку чаго асабліва вялікі аб’ём вады затапіў тэрыторыю ніжэй па цячэньні», — адзначаюць брытанскія выведнікі.
Паводле іх, канструкцыя дамбы, пэўна, яшчэ пагоршыцца цягам наступных некалькіх дзён і прывядзе да дадатковых падтапленьняў. У той жа час кіраўнік ураду Вялікай Брытаніі заявіў, што спэцслужбы краіны прадоўжаць вывучаць магчымыя прычыны разбурэньня дамбы.
У амэрыканскім Інстытуце вывучэньня вайны заявілі, што пакуль ня маюць дакладных доказаў, на падставе якіх можна было б упэўнена гаварыць пра адну зь некалькіх вэрсіяў, таму не змаглі прапанаваць незалежную ацэнку адказнасьці за зьнішчэньне дамбы.
Украінскія ўлады праводзяць эвакуацыю пад абстрэламі
Украінскія ўлады пачалі тэрміновую эвакуацыю грамадзян. Яны пазьбягалі публікацыі месцаў збораў, пабойваючыся расейскіх абстрэлаў і дадатковых ахвяр сярод цывільных.
Катастрофа не спыніла расейцаў. Паводле ўладаў Херсонскай вобласьці, якая найбольш пацярпела ў выніку штучнай паводкі, расейцы за адзін дзень нанесьлі 70 удараў па Херсонскай вобласьці з артылерыі, танкаў і авіяцыі і яшчэ 29 — па абласным цэнтры. У выніку абстрэлаў адзін цывільны загінуў і яшчэ адзін атрымаў раненьні.
Колькасьць ахвяраў паводкі пакуль невядомая. Расейскія акупацыйныя ўлады паведамілі аб тым, што ў Кахоўцы — эпіцэнтры падтапленьня — бязь вестак прапалі сем грамадзян. Крытычная сытуацыя адбываецца ў Алешках — з гэтага горада магчыма вывезьці людзей толькі на спэцыяльнай тэхніцы, бо ўсе дарогі затопленыя.
Што пагражае Запароскай АЭС
Міжнароднае агенцтва атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ) заявіла, што пакуль ня бачыць непасрэднай пагрозы для бясьпекі Запароскай АЭС, якую кантралюе Расея.
Разам з тым кіраўнік арганізацыі Рафаэль Гросі заявіў, што ва ўмовах зьнішчэньня дамбы галоўнай мэтай застаецца падтрыманьне неабходнага ўзроўню вады ў сажалках-ахаладжальніках, бо нястача вады цягам доўгага пэрыяду часу можа выклікаць расплаўленьне паліва і выхад са строю аварыйных дызэль-генэратараў.
Кіраўнік МАГАТЭ заявіў, што тэрмінова наведае Запароскую АЭС.
У вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі перакананыя, што Запароская АЭС не сутыкнецца «з дадатковымі праблемамі бясьпекі ў выніку падзеньня ўзроўню вады ў вадасховішчы».
Як пацярпіць экалёгія
Ва Ўкраінскай кліматычнай сетцы, у якую ўваходзіць некалькі вялікіх экалягічных грамадзкіх арганізацый, заявілі, што маштабы нэгатыўных наступстваў для навакольля можна будзе ацаніць толькі праз пэўны час.
Сярод найбольш імаверных эколягі назвалі:
- масавы мор рыбы, птушак і іншых прадстаўнікоў фаўны, масавая гібель свойскіх жывёлаў у часе разьліву вады;
- пагроза эпідэмічнай сытуацыі ва ўсім Чарнаморскім рэгіёне;
- зьнішчэньне біяразнастайнасьці ў прылеглых да раёну катастрофы тэрыторыях;
- пападаньне ў ваду вялікай колькасьці шкодных рэчываў, такіх як паліва, хімічныя ўгнаеньні, каналізацыйныя сьцёкі і гэтак далей;
- пагроза ядзернай катастрофы ў выпадку спыненьня ахалоджваньня рэактараў Запароскай АЭС.
Страты для сельскай гаспадаркі
У Міністэрстве аграрнай палітыкі і харчаваньня Ўкраіны падлічылі, што страты для галіны ў выніку зьнішчэньня дамбы перавысяць дзясяткі мільярдаў.
Паводле папярэдніх ацэнак, толькі на падкантрольнай Украіне тэрыторыі Херсонскай вобласьці будзе затоплена 10 тысяч гэктараў сельскагаспадарчых угодзьдзяў, у некалькі разоў больш — у акупаванай Расеяй частцы рэгіёну.
«Тэхнагенная катастрофа спыніць водазабесьпячэньне 31 сыстэмы арашэньня палёў Днепрапятроўскай, Херсонскай і Запароскай абласьцей. У 2021 годзе гэтыя сыстэмы забясьпечылі арашэньне на 584 тысячах гектараў, на якіх зьбіралі каля 4 мільёнаў тон збожжавых і алейных культур», — адзначаецца ў паведамленьні міністэрства.
Паводле аграрыяў, у выніку зьнішчэньня дамбы ўжо засталіся без вады 94% арашальных сыстэм Херсонскай, 74% — Запароскай і 30% — Днепрапятроўскай абласьцей.
«Зьнішчэньне Кахоўскай ГЭС прывядзе да таго, што ўгодзьдзі на поўдні Ўкраіны ўжо налета ператворацца ў пустэльню. Без Кахоўскага вадасховішча пацярпяць ня толькі аграрыі, а і крыніцы забесьпячэньня пітной вадой населеных пунктаў», — паведамілі ў Міністэрстве аграрнай палітыкі Ўкраіны.
У Інстытуце водных праблем Расейскай акадэміі навук маштабы наступстваў ацэньваюць так сама, як і ўкраінскія экспэрты.
Мінная небясьпека
Вядома, што адразу пасьля адыходу з Херсону расейскія войскі правялі шчыльнае мінаваньне Кахоўскай дамбы і ўсяго правага берага Дняпра, які знаходзіцца пад акупацыяй Расеі. Цяпер моцнае цячэньне можа вынесьці боепрыпасы ў іншыя рэгіёны. У такіх умовах абясшкодзіць міны практычна немагчыма і яны могуць стыхійна дэтанаваць у іншых месцах.
Кахоўская ГЭС — ніжняя прыступка Дняпроўскага каскаду электрастанцый. Знаходзіцца ў Херсонскай вобласьці. Яе ўзводзілі шэсьць гадоў, пачынаючы з 1950 году. Цяпер станцыя не вырабляе электраэнэргіі і, адпаведна, не працуе ў складзе ўкраінскай энэргасыстэмы. У 2020 годзе ўрад Украіны ўхваліў рашэньне аб далейшай разбудове станцыі і будаўніцтве Кахоўскай ГЭС-2, але з прычыны вайны рэалізацыя праекту так і не пачалася.
Раней «Укргідроенерго» паведамляла, што Расея стварыла на ГЭС сваю вайсковую базу. Гідраэлектрастанцыя знаходзіцца за 5 км ад Новай Кахоўкі, таксама акупаванай расейцамі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.