Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 7 чэрвеня: у Магілёве затрымалі псыхіятра, у Горадні асудзілі інжынэра


Сілавікі ў Менску. Архіўнае фота
Сілавікі ў Менску. Архіўнае фота

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Сілавікі затрымалі сузаснавальніка і дырэктара ТАА «Друк-С» Сяргея Татарчука. Па інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», затрыманьне адбылося 6 чэрвеня раніцай дома ў Сяргея.

Незалежнага назіральніка з Горадні асудзілі на два гады калёніі

8 лютага 2023 году ў судзе Кастрычніцкага раёну Горадні 2 гады калёніі агульнага рэжыму прысудзілі інжынэру Андрэю Навасельчану. «Вясна» паведамляе, што ён быў незалежным назіральнікам на прэзыдэнцкіх выбарах у 2020 годзе.

Навасельчана абвінавацілі паводле трох артыкулаў: арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), ч. 1 арт. 368 («Абраза прэзыдэнта»), ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя або падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») Крымінальнага кодэксу.

Справу разглядаў судзьдзя Ўладзімер Пазьняк. Таксама вядома, што Навасельчан мусіць выплаціць кампэнсацыю маральнай шкоды і дзяржаўны збор, аднак іх сума невядомая.

Андрэя судзілі за ўдзел у горадзенскіх маршах і камэнтары ў Telegram.
Жонка палітвязьня на паседжаньні выступала сьведкай і адзначыла, што ейны муж пасьля выбараў эмацыйна перажываў прымяненьне супрацоўнікамі міліцыі фізычнай сілы ў дачыненьні да пратэстоўцаў.

Як паведамлялі праўладныя тэлеграм-каналы, мужчыну затрымалі ў жніўні 2022 году. Таксама ў 2020 годзе яго затрымлівалі за абразу супрацоўнікаў міліцыі, аднак потым вызвалілі. Першапачаткова казалі, што 37-гадовага мужчыну затрымалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», «абразу супрацоўнікаў міліцыі» і рэгістрацыю ў чат-боце «Плян Перамога».

У Магілёве затрымалі псыхіятра

Сілавікі апублікавалі відэа зь лекарам-псыхіятрам з Магілёва, паведамляе Zerkalo. На запісе ён прызнаецца, што нібыта быў падпісаны на «экстрэмісцкія каналы, а таксама далучыўся да пляну „Перамога“». У чым яго абвінавачваюць, не паведамляецца.

Сілавікі заявілі, што «працягнуць зачыстку сярод правапарушальнікаў у сфэры аховы здароўя».

ГУБАЗіК затрымаў настаўніцу гісторыі за застаўку з гербам «Пагоня» ў чаце для вучняў

Праваабаронцы з спасылкай на тэлеграм-канал сілавікоў паведамляюць, што затрыманая настаўніца стварыла чат для школьнікаў, на застаўку якога паставіла Пагоню.

Сілавікі сьцьвярджаюць, што паскардзіўся на жанчыну нехта з бацькоў вучняў.

ГУБАЗіК затрымаў непаўналетняга жыхара Бярозы

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што хлопец, якога завуць Мікіта, «быў стваральнікам Беларускага Нацыянал-Сацыялістычнага Корпусу». Таксама ў яго дома знайшлі бел-чырвона-белую сымболіку і «кактэйлі Молатава».

Сілавікі пішуць, што хлопец не дасягнуў узросту крымінальнай адказнасьці, таму пакараньне панясуць яго бацькі, а сам ён адправіцца ў спэцшколу-інтэрнат.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG