Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд ААН прыгаварыў экс-кіраўнікоў спэцслужбаў Мілошавіча да 15 гадоў зьняволеньня


Франка Сіматавіч на судзе ў Гаазе, 31 мая 2023 году
Франка Сіматавіч на судзе ў Гаазе, 31 мая 2023 году

Міжнародны суд ААН у Гаазе прыгаварыў да 15 гадоў пазбаўленьня волі былых кіраўнікоў спэцслужбаў Югаславіі Ёвіцу Станішача і Франка Сіматавіча. Суд разгледзеў апэляцыю па іх справе і ўзмацніў ім пакараньне.

Пры Слабадану Мілошавічу Станішач быў кіраўніком службы бясьпекі Югаславіі, Сіматавіч — ягоным намесьнікам. Абодвух прызналі вінаватымі ў шматлікіх злачынствах падчас войнаў у Харватыі і Босьніі на пачатку 1990-х гадоў.

У прыватнасьці, як устанавіў суд, яны маюць дачыненьне да арганізацыі захопу горада Басанскі-Шамац (цяпер Шамац, Босьнія) сэрбскімі ўзброенымі фармаваньнямі ў 1992 годзе. Пасьля захопу гораду там пачаліся масавыя рабаваньні, згвалтаваньні і катаваньні басьнійцаў і харватаў. Некалькі мірных жыхароў былі забітыя.

Міжнародны трыбунал па справах былой Югаславіі дабіўся арышту і выдачы ў Гаагу Станішача і Сіматавіча ў 2003 годзе. У 2013 годзе суд апраўдаў іх за недастатковасьцю доказаў віны. Аднак апэляцыйная інстанцыя абскардзіла апраўдальны прысуд, і справу пачалі разглядаць ізноў.

У 2021 годзе суд ААН пастанавіў, што Станішач і Сіматавіч садзейнічалі Слабадану Мілошавічу ў змове з мэтай выгнаньня харватаў і басьнійскіх мусульман і пашырэньня тэрыторыі Сэрбіі. Тады абодва атрымалі па 12 гадоў пазбаўленьня волі. Пасьля прысуд абскардзілі самі асуджаныя, але 31 траўня суд ААН ня толькі пацьвердзіў папярэдні прысуд, але і павялічыў тэрмін пазбаўленьня волі да 15 гадоў. Гэты прысуд канчатковы і абскарджаньню не падлягае.

Міжнародны трыбунал па справах былой Югаславіі дзейнічаў з 1993 па 2017 год. Потым яго зьмяніў Міжнародны суд ААН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG