Міжнародны трыбунал ААН па былой Югаславіі прызнаў былога лідэра басьнійскіх сэрбаў Радавана Караджыча вінаватым у ваенных злачынствах, злачынствах супраць чалавечнасьці і прысудзіў яму 40 гадоў турэмнага зьняволеньня. Галоўнае злачынства, якое інкрымінуецца Караджычу — генацыд у Срэбраніцы ў 1995 годзе. У ліпені 1995 году былі забітыя ад сямі да васьмі тысяч басьнійскіх мусульман. Разам з тым судзьдзі палічылі недастатковымі доказы асабістай віны Караджыча у забойствах у сямі населеных пунктах.
Караджыч нясе адказнасьць за забойствы і прымусовае перасяленьне мірных жыхароў падчас грамадзянскай вайны ў Босьніі і Герцагавіне ў 1992-1995 гадах.
Сам былы прэзыдэнт Рэспублікі Сэрбскай не прызнаў сябе вінаватым ні па адным з 12 пунктаў абвінавачаньня
Пасьля таго, як у 2006 годзе ў камэры папярэдняга зьняволеньня ў Гаазе памёр былы прэзыдэнт Сэрбіі Слобадан Мілошавіч, Караджыч стаў самым высокапастаўленым палітыкам, якога судзяць за злачынствы ваеннага часу. Прысуд у Гаазе, акрамя 200 акрэдытаваных журналістаў, пажадалі пачуць 150 ахвяраў злачынстваў, больш за 100 прадстаўнікоў навуковай і праваабарончай супольнасьці, дзясяткі дыпляматаў.
Барадаты «доктар Дабіч»
Цяжка было ўявіць, што былога лідэра басьнійскіх сэрбаў калі-небудзь арыштуюць, і многія ўжо страцілі надзею
Арышт Караджыча, якому ўдавалася хавацца ад міжнароднага правасудзьдзя 13 гадоў, стаў сэнсацыяй летам 2008 году. Як прызнаваў галоўны абвінаваўца МТБЮ Сэрж Брамэрц, «цяжка было ўявіць, што былога лідэра басьнійскіх сэрбаў калі-небудзь арыштуюць, і многія ўжо страцілі надзею». Хадзілі чуткі, што ён хаваўся то ў гарах, то ў кляштарах у Босьніі ці Чарнагорыі, то ў Расеі, то ў Беларусі, сьцьвярджалася нават, што недатыкальнасьць Караджыча гарантавалі самі Злучаныя Штаты ў абмен на яго сыход з палітыкі. І вось у ліпені 2008 году высьветлілася, што ён спакойна пражываў у Бялградзе. Ператварыўшыся ў «доктара Дабіча» з густой шавялюрай і акладзістаю барадой, ён чытаў лекцыі па альтэрнатыўнай мэдыцыне і прапагандаваў здаровы лад жыцьця.
Ужо ў хуткім часе пастрыжанаму і гладка паголенаму Караджычу зачыталі абвінаваўчае заключэньне ў Гаазе, дзе ён і знаходзіцца апошнія восем гадоў. Караджыч быў абвінавачаны ў генацыдзе ў Срэбраніцы і яшчэ сямі населеных пунктах, у злачынствах супраць чалавечнасьці і парушэньні законаў і звычаяў вядзеньня вайны. А менавіта ў забойствах, дэпартацыях, негуманным стаўленьні і іншых злачынствах супраць басьнійскіх мусульман і харватаў, тэрарызаваньні цывільнага насельніцтва Сараева шляхам артылерыйскіх і снайпэрскіх абстрэлаў і захопе міратворчага пэрсаналу ААН у закладнікі. Міжнароднае правасудзьдзе называе Караджыча і былога камандуючага арміяй басьнійскіх сэрбаў Ратка Младзіча галоўнымі ўдзельнікамі супольнага злачыннага дзеяньня, мэтай якога было поўнае ачышчэньне ад басьнійскіх мусульманаў і харватаў тэрыторый, якія сэрбскія лідэры лічылі сваімі.
«Сьвятая сэрбская зямля»
З моманту арышту Караджыча стала ясна, што яму ўжо не наканавана вярнуцца з Гаагі. Занадта многае было ўчынена пад яго кіраўніцтвам, і занадта адкрыта ён выказваўся на публіцы. Караджыч быў ключавым палітычным кіраўніком сэрбскага тэрытарыяльнага ўтварэньня ў Босьніі і Герцагавіне — Рэспублікі Сэрбскай, і вярхоўным галоўнакамандуючым, які вызначаў палітыку і ідэалёгію. А яе сутнасьць зводзілася да таго, што БіГ — гэта «сьвятая сэрбская зямля». Пры гэтым сьцьвярджалася, што самі сэрбы знаходзяцца ў небясьпецы і ім нібыта пагражае генацыд з боку мусульманаў і харватаў. Лідэры басьнійскіх сэрбаў, якія атрымалі вайсковую, палітычную і фінансавую падтрымку зь Бялграду, у выніку ўсталявалі кантроль над 70 адсоткамі басьнійскай тэрыторыі. Рэспубліка Сэрбская па сутнасьці ператварылася ў этнічна чыстае мафіёзнае ўтварэньне, дзе кіруючая кліка ўзбагачалася пры дапамозе кантрабанды.
Ідэі Караджыча, якія прадугледжваюць дамінаваньне сэрбаў, у пачатку 1990-х гадоў былі вельмі папулярныя сярод сэрбаў у Босьніі.
«Ідэі Караджыча, якія прадугледжваюць дамінаваньне сэрбаў, у пачатку 1990-х гадоў былі вельмі папулярныя сярод сэрбаў у Босьніі. Яны зьяўляліся часткай палітыкі Мілошавіча, якая з 1987 году была накіравана на ўзмацненьне сэрбскага фактару ва ўсёй Югаславіі», — кажа ў гутарцы з радыё Свабода палітычны аналітык Жэлька Баіч.
— Караджыч выступаў за тое, каб усе сэрбы жылі ў адной дзяржаве, то бок, за тое, каб басьнійскія сэрбы жылі сумесна з сэрбамі з Сэрбіі і Харватыі. Такім чынам, пра самастойнасьць Босьніі і Герцагавіны, на яго думку, не магло быць і гаворкі. У сувязі з гэтым часта ўспамінаюць заяву Караджыча ў парлямэнце на пачатку 90-х, калі ён сказаў, што лідэр басьнійскіх мусульман Алія Ізэтбэгавіч, які мае на мэце незалежнасьць Босьніі, «вядзе свой народ да зьнікненьня». Караджыч, які першапачаткова казаў пра неабходнасьць перасяленьня людзей і абмену маёмасьцю, пазьней прыйшоў да ідэалёгіі і прапаганды генацыду. Ён, яго асяродзьдзе і падкантрольныя сродкі інфармацыі стварылі карціну, згодна зь якой толькі сэрбскі народ меў права жыць на гэтай тэрыторыі. Нацыяналізм у 90-я ішоў з усіх бакоў, але з самага пачатку вайны пазыцыі Мілошавіча і Караджыча і ў палітычным, і ў ваенным сэнсе былі самымі моцнымі. За гэтай палітыкай стаялі і рэшткі Югаслаўскай народнай арміі, — тлумачыць Жэлька Баіч.
Караджыч, згодна з тэкстам абвінаваўчага заключэньня, займаўся зьнішчэньнем і выгнаньнем нясэрбскага насельніцтва ў змове зь іншымі вядомымі дзеячамі. Сярод іх — былы сьпікер парлямэнту РС Момчыла Краішнік (асуджаны МТБЮ на 20 гадоў і выйшаў на волю ў 2013 годзе, адседзеўшы дзьве траціны тэрміну), былы камандуючы арміяй басьнійскіх сэрбаў Ратка Младзіч (чакае прысуду ў Гаазе), былы прэзыдэнт Сэрбіі Слобадан Мілошавіч (памёр у 2006 годзе), былы прэзыдэнт Рэспублікі Сэрбскай Біляна Плаўшыч (асуджаная МТБЮ на 11 гадоў, выйшла на свабоду ў 2009 годзе), былы віцэ-прэзыдэнт Рэспублікі Сэрбскай Нікала Калевіч (пакончыў з сабой у 1997 годзе), былыя прадстаўнікі службы дзяржбясьпекі Сэрбіі Ёвіца Станішыч і Франка Сіматавіч (вызваленыя ад абвінавачаньняў судом першай інстанцыі, аднак іх справа будзе разгледжана зноў), стваральнік Сэрбскай добраахвотніцкай гвардыі Жэлька Ражнатавіч «Аркан» (забіты ў 2000 годзе ў Бялградзе) і лідэр Сэрбскай радыкальнай партыі Воіслаў Шэшаль, якому МТБЮ вынесе прысуд 31 сакавіка.
Удзельнікамі супольнага злачыннага дзеяньня названыя таксама прадстаўнікі органаў улады басьнійскіх сэрбаў, члены створанай Караджычам Сэрбскай дэмакратычнай партыі, кіраўнікі МУС Сэрбіі, камандзіры і старэйшыя афіцэры Югаслаўскай народнай арміі (ЮНА), арміі і МУС Рэспублікі Сэрбскай, лідэры сэрбскіх ваенізаваных сіл і добраахвотных фармаваньняў з Сэрбіі і Босьніі.
Разьня ў Срэбраніцы
Самае цяжкае з выстаўленых Караджычу абвінавачаньняў — генацыд у сувязі з расстрэлам у Срэбраніцы амаль 8 тысяч басьнійскіх мусульман (па іншых дадзеных, больш за 8 тысяч). Сілы пад камандаваньнем Младзіча ў ліпені 1995 году пачалі наступ, нягледзячы на тое што гэты горад быў абвешчаны зонай пад абаронай ААН. Срэбраніца, акружаная тэрыторыямі пад сэрбскім кантролем, мела стратэгічнае значэньне з-за сваёй блізкасьці да мяжы з Сэрбіяй. Увайшоўшы ў горад, Младзіч заклікаў сэрбаў «разьлічыцца з туркамі», дадаўшы, што іншай такой магчымасьці ня будзе. Асноўная частка палонных і мірных грамадзян была забітая ў ходзе масавых расстрэлаў. Каля 500 зь іх да моманту гібелі не дасягнулі і 18-гадовага ўзросту. Як было ўстаноўлена пазьней, многія ахвяры былі неаднаразова перапахаваныя, каб схаваць сьляды гэтых злачынстваў.
Падчас суду, які пачаўся ў Гаазе ў кастрычніку 2009 году, Караджыч не прызнаў сваёй віны ні па адным з 11 пунктаў абвінавачаньня. Ён прытрымліваўся вэрсіі, што басьнійскія сэрбы абаранялі свае тэрыторыі, на якіх пражывалі стагодзьдзямі, і былі гатовыя імі ахвяраваць дзеля міру. «Мы маглі ўзяць пад кантроль усю Босьнію і Герцагавіну. Але мы не выходзілі за межы сваіх этнічных тэрыторый. Узброены народ выйшаў на рубяжы сваіх тэрыторый, каб абараніць сябе», — сьцьвярджаў Караджыч. Асноўную адказнасьць за эскаляцыю канфлікту ён ускладаў на цяпер ужо нябожчыка Алію Ізэтбэгавіча. Усе палітычныя рашэньні на пачатковым этапе крызісу — фармаваньне асобнага парлямэнту і рэспублікі басьнійскіх сэрбаў — падсудны назваў вымушанымі. Ён тлумачыў іх крокамі ў бок незалежнасьці, распачатымі Партыяй дэмакратычнага дзеяньня і Харвацкай дэмакратычнай садружнасьцю, якія праігнаравалі жаданьне сэрбаў застацца ў Югаславіі. Караджыч заяўляў, што сэрбскія палітычныя лідэры шукалі шляхі мірнага рашэньня, ішлі на балючыя саступкі з умовай, што сэрбы будуць мець у Босьніі-Герцагавіне сваю складовую частку, і абвэргаў дачыненьне сэрбаў да ўсіх гучных злачынстваў.