Прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду ініцыявала стварэньне Нацыянальнага цэнтру барацьбы з прапагандай.
Як паведаміў урад Малдовы, адпаведны законапраект будзе ўнесены ў парлямэнт у чэрвені, а цэнтар будзе называцца «Патрыёт».
Цэнтар будзе выконваць дзьве асноўныя функцыі: публікаваць праўдзівую інфармацыю, павышаць устойлівасьць грамадзтва да дэзынфармацыі, выяўляць і ацэньваць дэзынфармацыю, а таксама ліквідоўваць рызыкі, зьвязаныя з гібрыднымі пагрозамі для нацыянальнай бясьпекі.
Летась у сьнежні Камісія ў надзвычайных сытуацыях ураду Малдовы прыпыніла дзеяньне ліцэнзій шасьці тэлеканалаў за некарэктнае асьвятленьне падзей на Ўкраіне.
У лютым 2023 году прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду заявіла, што Расея плянуе пры дапамозе іншаземных грамадзян з вайсковай падрыхтоўкай ажыцьцявіць у Малдове дзяржаўны пераварот, каб цалкам падпарадкаваць краіну Расеі.
У красавіку Эўрапейскі парлямэнт ухваліў рэзалюцыю, у якой рэкамэндаваў да канца 2023 году пачаць з Малдовай перамовы аб яе далучэньні да Эўразьвязу.
18 траўня прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду заявіла, што сяброўства ў Эўразьвязе — найлепшы спосаб для краіны абараніцца ад патэнцыйнай расейскай агрэсіі, а яе цяперашні статус нэўтралітэту заўсёды можа быць перагледжаны.
Першага чэрвеня ў Малдове пройдзе першы саміт Эўрапейскай палітычнай супольнасьці, створанай летась прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам для паляпшэньня супрацоўніцтва паміж Эўразьвязам і краінамі, якія не ўваходзяць у яго склад.
Сёлета ў траўні парлямэнт Малдовы ініцыяваў працэдуру выхаду зь Міжпарлямэнцкай асамблеі СНД.