Прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду заявіла, што Расея плянуе пры дапамозе іншаземных грамадзян з вайсковай падрыхтоўкай ажыцьцявіць у Малдове дзяржаўны пераварот, каб цалкам падпарадкаваць краіну Расеі.
«Спробы падрыву дзяржавы былі і летась восеньню, але яны не дасягнулі сваёй мэты дзякуючы апэратыўным дзеяньням нашых органаў бясьпекі і грамадзкага парадку. Восеньню ў цэнтры ўвагі быў энэргетычны крызіс, які павінен быў выклікаць вялікую незадаволенасьць насельніцтва і прывесьці да гвалтоўных дзеяньняў», — працытавала Маю Санду Малдоўская служба Радыё Свабода.
На брыфінгу 13 лютага прэзыдэнтка Малдовы паведаміла, што атрыманы ад украінскіх спэцслужбаў плян прадугледжвае напады на дзяржаўныя будынкі з захопам закладнікаў, якія павінны адбывацца пад выглядам нібыта апазыцыйных акцый пратэсту.
Паводле Маі Санду, у гвалтоўных дзеяньнях плянавалі задзейнічаць «дывэрсантаў з вайсковай падрыхтоўкай», а таксама выхадцаў з замежных краін, у тым ліку Расейскай Фэдэрацыі, Беларусі, Сэрбіі і Чарнагорыі, якім перададзеныя адмысловыя інструкцыі для ўезду на тэрыторыю Малдовы.
Прэзыдэнтка Малдовы дадала, што такі плян павінны былі падтрымаць некаторыя прарасейскія ўнутраныя сілы. Паводле Маі Санду, мэта такіх дзеяньняў — «замена канстытуцыйнай і легітымнай улады ў Кішынёве на нелегітымную», прарасейскую, «каб Расея змагла спыніць працэс эўрапейскай інтэграцыі рэспублікі і выкарыстаць Малдову ў вайне супраць Украіны».
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, выступаючы на саміце Эўразьвязу 9 лютага, заявіў, што Кіеў «перахапіў плян зьнішчэньня Малдовы», складзены расейскай выведкай. У Кішынёве гэта пацьвердзілі.