Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маласольныя гуркі нават назвалі ў гонар мяне „алегавічамі“». Саньнікаў расказаў пра кулінарную кнігу турэмных рэцэптаў


Кніга «Забароненая кухня»
Кніга «Забароненая кухня»

У Польшчы выйшла кніга «Забароненая кухня» з рэцэптамі страваў, якія можна прыгатаваць у турме. Сродкі ад продажу пойдуць на дапамогу палітвязьням.

Свабода пагаварыла з ініцыятарам кнігі, былым кандыдатам у прэзыдэнты і экс-палітвязьнем Андрэем Саньнікавым пра зьмест кнігі і сакрэты турэмнай кухні.

«Я хацеў паказаць адзін са спосабаў выжываньня»

Палітык Андрэй Саньнікаў расказаў, што ідэя кнігі належыць яму і зьявілася яшчэ тады, калі ён сам сядзеў у турме, больш за 10 гадоў таму.

«Я, як цяпер кажуць, шэф-рэдактар гэтага праекту», — зазначае палітык.

Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў

Хто яшчэ браў удзел у выданьні кнігі, суразмоўца адмовіўся сказаць. Аўтар пазначаны псэўданімам «Лапіцый». Са словаў Саньнікава, гэта ў гонар вядомага старажытнарымскага кулінара і гурмана, які жыў у першым стагодзьдзі да нашай эры. Кніга на расейскай мове. У яе ўвайшлі каля 30 рэцэптаў страваў, якія можна прыгатаваць за кратамі.

«Гэтыя стравы я сам гатаваў у турме альбо ўдзельнічаў у іх гатаваньні. Таксама для кнігі гатаваў стравы ўжо на волі, але ў тых умовах, якія ёсьць у турме. Гэта плястыкавы посуд, кіпяцільнік, іншыя прылады, каб смажыць і парыць», — тлумачыць суразмоўца.

Сярод рэцэптаў ёсьць закускі, салаты, соўсы, супы, асноўныя стравы і адзіны дэсэрт — торт.

«Арыштанцкі торт — гэта традыцыйная ўрачыстая страва, калі нехта выходзіць на волю або адзначаюць дзень народзінаў. Тады ўся камэра бярэ ўдзел, каб яго прыгатаваць. Ён, можа, і шкодны для здароўя, там усё тлустае, шмат цукру, але вельмі смачны», — камэнтуе былы вязень.

«Чалавек трымаецца за тое, што нагадвае дом»

У кнізе няма разьдзелу пра культ гарбаты ў турме, бо, на думку аўтара, гэтая тэма вартая асобнай кнігі. Да таго ж у кнізе сабраныя спосабы, што можна рабіць з турэмным харчам. Адзін зь іх — «падсмачваньне» ежы, якую выдаюць у турме і якая амаль заўсёды нясмачная і непрывабна выглядае.

«Тады можна дадаваць прыправы, спэцыі: або гатовыя, або самому зрабіць з сушаных зяленіва, цыбулі, часныку», — кажа ініцыятар кулінарнай кнігі.

Ва ўводзінах аўтар расказвае, што значыць ежа ў разважаньнях Аляксандра Салжаніцына, Варлама Шаламава, Мігеля дэ Сэрвантэса і іншых.

«Калі табе вельмі цяжка, то можна праз думкі пра ежу або празь яе гатаваньне адысьці ад гэтай рэчаіснасьці. Нават пахі, водары, калі, прыкладам, зеляніну падсушыш, дапамагаюць. Чалавек шукае, за што ён можа там трымацца. Заўсёды чалавек трымаецца за тое, што нагадвае дом», — тлумачыць Саньнікаў тое, што ў турэмнай ежы дакладна больш функцый, чым падтрыманьне энэргіі.

Гатаваньне ежы, паводле яго, дазваляе заняць сябе і адцягнуць увагу ад змрочнага навакольля.

«Я хацеў паказаць адзін са спосабаў выжываньня. Гэта дае пэўнае задавальненьне страўніку. Але калі ты сур’ёзна да гэтага ставісься, ты таксама атрымліваеш задавальненьне і ад працэсу. Ад пахаў, ад таго, што ты павінен вынаходзіць пэўныя спосабы, ствараць нешта сваё», — кажа аўтар кнігі.

Адну са страваў у турме назвалі імем Саньнікава

Кулінарная кніга складаецца з рэцэптаў. Аднак, са словаў спадара Андрэя, у турме рэцэптаў няма.

«Рэцэпт у турме ўзьнікае сам. Што ў нас сёньня ёсьць? Трошкі каўбасы, трошкі зяленіва, трошкі іншага. Давайце паспрабуем. Кубікі булённыя ёсьць? Не? Тады давайце зварым суп на каўбасе. Картоплі ёсьць? Не, тады давайце пашукаем сухіх картопляў», — расказвае ён аб працэсе гатаваньня.

Адну са страваў у турме нават назвалі імем Саньнікава. Гэта маласольныя гуркі, якія гатуюцца за некалькі гадзін у пакеце з кропам і часныком. Іх называлі за кратамі «алегавічы» (імя па бацьку палітыка).

Суразмоўца прызнаецца, што яму самому вельмі падабалася смажаніна — сала, прыгатаванае на вадзяной лазьні з алеем.

«Пакуль яно яшчэ цёплае, яго трэба нарэзаць тонкімі лустамі, зьмяшаць зь пюрэ з бульбы. Вельмі смачна атрымліваецца», — дзеліцца суразмоўца.

Аднойчы ў калёніі адзін са зьняволеных хацеў пачаставаць Саньнікава, расказаў палітык. Зрабіў з падручных сродкаў электраплітку і пасмажыў для кандыдата ў прэзыдэнты бліны, каб выказаць сваю павагу.

«Ён ведаў, што пойдзе ў карцар. І пайшоў у карцар. Для мяне гэта было нешта неймавернае! Дзе ён узяў сьвежыя яйкі для тых бліноў? У калёніі гэта проста немагчыма! Я на ўсё жыцьцё гэта запомніў», — кажа суразмоўца.

Сродкі пойдуць на дапамогу палітвязьням

Першапачатковы ўнёсак за кнігу — 99 эўра. Можна ахвяраваць больш. Сродкі з продажу кнігі пойдуць на падтрымку цяперашніх палітвязьняў. Накладу кнігі аўтар не называе.

Кніга прызначаная хутчэй для людзей на волі, чым у турме. Аўтар ня думае, што яна можа трапіць сёньня за краты.

Рэцэпт сыраквашы да ліцьвінскага халадніку

З дазволу Андрэя Саньнікава публікуем адзін з рэцэптаў новай кнігі. Гэта сыракваша для ліцьвінскага халадніку.

Халодных супоў, у тым ліку халадніку, за кратамі не даюць, але іх можна прыгатаваць самастойна. Заправіць гародніну можна самаробнай сыраквашай. Дзеля гэтага трэба ўзяць малако з малочнага супу, выліць яго ў плястыкавую бутэльку, накрыўку не закручваць. Пакінуць так малако ў сьпякотнай камэры на 24 гадзіны.

«Тут галоўнае не прапусьціць момант і ня даць сыраквашы пратухнуць».

Пасьля гэтага варта спыніць працэс акісьленьня. Дзеля гэтага бутэльку з сыраквашай закручваюць і кладуць у халодную ваду на ноч.

«Мы ў сваёй „хаце“ прыкрывалі сток у ракавіне так, каб падтрымліваць узровень вады на 5-7 сантымэтраў. Кладзеш плазам бутэльку з сыраквашай, а ў кран засоўваеш шматок тканіны, — адзін канец у кране, другі дакранаецца да бутэлькі з прастаквашай, — уключаеш ваду. Калі дакладна адрэгуляваць напор вады, то можна было такім спосабам ахалоджваць сыраквашу хоць усю ноч», — гаворыцца ў кнізе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG