Амаль 3 гады Лукашэнка робіць заявы пра ўласныя парты Беларусі на Балтыцы. Улетку ён нават сам праінспэктаваў нібыта будаўніцтва аднаго зь іх у Санкт-Пецярбургу. Але, як сьведчаць факты, ніякага будаўніцтва не пачалося дагэтуль.
«Месцы выдатныя, можна пачынаць будаваць, засталося вырашыць пару арганізацыйных пытаньняў. Сталіцы Арктыкі, усе інвэстыцыйныя льготы. Гэты варыянт вельмі нам пасуе», — сказаў Галоўчанка.
На пачатку студзеня ён запатрабаваў ад ураду «фарсаваць будаўніцтва беларускіх партоў у Расеі». Але, як выяўляецца, за пяць месяцаў беларускі бок толькі агледзеў магчымыя пляцоўкі. Пры гэтым дзяржаўныя СМІ яшчэ летась у верасьні сьцьвярджалі, што губэрнатар Мурманскай вобласьці і старшыня Менгарвыканкаму ўжо пра ўсё дамовіліся, падпісаўшы пагадненьне аб супрацы.
Тэрмінал для беларускіх тавараў плянуюць пабудаваць у порце Мурманску, на заходнім беразе Кольскай затокі. Але дэталяў пра гэты праект увогуле няма, апрача плянаванай магутнасьці 5–7 млн тонаў у год. Лягістыка праз Мурманск моцна саступае шляху праз краіны Балтыі, бо да Мурманску груз трэба давозіць чыгункаю, а яе прапускная здольнасьць моцна абмежаваная. А пасьля тавар трэба транспартаваць у абыход Паўночнай Эўропы па паўночных морах.
У чэрвені мінулага году пляцоўку для будаўніцтва іншага беларускага порту нібыта агледзеў Лукашэнка каля Санкт-Пецярбурга. Будаўніцтва мелася пачацца да канца 2022 году, але так і не пачалося дагэтуль.
Уласнымі партамі ў Расеі Менск хоча кампэнсаваць страты тэрміналаў у партах краін Балтыі пасьля ўвядзеньня санкцыяў. Але ўжо амаль тры гады будаўніцтва так і не пачынаецца.