Пра гэта ён заявіў 24 траўня на форуме фонду Маршала ў Брусэлі, за два месяцы да саміту NATO ў Вільні, паведамляе Agence France-Presse.
«Я думаю, што ўсе разумеюць: сяброўства Ўкраіны ў сярэдзіне вайны не стаіць на парадку дня», — сказаў Столтэнбэрг. Паводле яго, гэта застаецца пасьляваеннай праблематыкай.
Словы Столтэнбэрга прагучалі праз два тыдні пасьля таго, як рэзалюцыю з заклікам далучыць Украіну да альянсу прыняла найбуйнейшая фракцыя Эўрапейскага парлямэнту — Эўрапейская народная партыя. У красавіку афіцыйна запрасіць Украіну ў альянс прапанаваў Сейм Літвы.
Раней Столтэнбэрг адзначаў, што ўсе саюзьнікі па NATO згодныя з тым, што з часам Украіна далучыцца да Паўночнаатлянтычнага саюзу. На думку генэральнага сакратара арганізацыі, пасьля заканчэньня вайны ў Кіева павінныя быць гарантыі для прадухіленьня новых нападаў.
У канцы красавіка Столтэнбэрг упершыню з пачатку вайны наведаў Кіеў і сустрэўся з украінскім прэзыдэнтам. Уладзімір Зяленскі тады адзначыў, што без Украіны ўжо немагчыма ўявіць бясьпеку эўраатлянтычнай зоны. Паводле апытаньняў, уступленьне краіны ў NATO падтрымліваюць 82% украінцаў.
Пра тое, што ў NATO ня ставяць пад сумнеў само пытаньне далучэньня Ўкраіны, заявіла ўчора і амбасадарка Ўкраіны ў NATO Натальля Галібарэнка. Паводле яе, дыскусіі вядуцца толькі пра тое, калі і як менавіта гэта павінна адбыцца.
Разам з тым заходнія саюзьнікі Ўкраіны таксама зьвяртаюць увагу, што для далучэньня да NATO Кіеву давядзецца выканаць шэраг умоваў, каб адпавядаць стандартам вайсковага зьвязу.