Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнат Польшчы падтрымаў далучэньне Ўкраіны да NATO


Сілы NATO ў Польшчы ў раёне Сувалак, ілюстрацыйнае фота
Сілы NATO ў Польшчы ў раёне Сувалак, ілюстрацыйнае фота

У рэзалюцыі гаворыцца аб тым, што Ўкраіна «сёньня мае самае моцнае войска на кантынэнце з надзвычайным баявым досьведам», таму ўкраінскім абаронцам «патрэбна рэальная падтрымка праз больш цеснае палітычнае і вайсковае супрацоўніцтва з краінамі NATO».

Сэнат Польшчы прыняў рэзалюцыю аб уступленьні Ўкраіны ў NATO. Пра гэта паведамляе «Польскае радыё».

Польскія сэнатары лічаць, што маючы адбыцца саміт NATO ў Вільні павінен стаць важным этапам да паўнапраўнага сяброўства Ўкраіны ў Альянсе, а ў дачыненьні да Кіева неабходна прымяніць працэдуры, якія прайшлі Фінляндыя і Швэцыя. Фінляндыя ўжо стала сябрам NATO, аб Швэцыі пакуль не прынялі рашэньня Вугоршчына і Турэччына.

«Пасьля году жудаснай вайны мы ведаем, што Ўкраіна, супрацьстаючы Расеі, абараняе Эўропу і зьяўляецца ключавым зьвяном, якое абараняе кантынэнт ад агрэсіі з Усходу», — гаворыцца ў дакумэнце.

Саміт NATO адбудзецца 11-12 ліпеня ў Вільні. У пачатку красавіка літоўскі Сойм прыняў рэзалюцыю аб асноўных мэтах Літвы на гэтым саміце. Адной з асноўных мэт літоўскіх уладаў, як гаворыцца ў дакумэнце, павінна стаць «поўная падтрымка Ўкраіны практычнымі мерамі, уключаючы палітычную падтрымку NATO».

Старшыня парлямэнцкага камітэту міжнародных справаў Жыгімантас Павілёніс сказаў, што Літва выступае супраць захаваньня шэрых зон у сфэры бясьпекі.

«Мы павінны абвергнуць тое, што ў Расеі ёсьць права вэта на ўступленьне Ўкраіны ў NATO. Гэта зробіць Альянс мацнейшым і ўмацуе нашу бясьпеку», — сказаў ён.

У канцы верасьня мінулага года прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі аб’явіў, што Ўкраіна падае заяўку на ўступленьне ў NATO ў паскораным парадку.

«Дэ-факта мы ўжо прайшлі свой шлях у NATO. Дэ-факта мы ўжо даказалі сумяшчальнасьць са стандартамі Паўночнаатлянтычнага зьвязу. Яны рэальныя для Ўкраіны — рэальныя на полі бою і ва ўсіх аспэктах нашага ўзаемадзеяньня», — сказаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG