Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Памежным камітэце і службах памежнага кантролю пракамэнтавалі ўзмоцненыя праверкі на мяжы


На ўезьдзе ў Беларусь апошнім часам узмацніліся праверкі: людзей выклікаюць на размовы, пытаюцца пра ўдзел у пратэстах, цікавяцца зьмесьцівам тэлефона. Журналісты «Зеркала» спыталі ў прадстаўнікоў Дзяржаўнага памежнага камітэту і службы памежнага кантролю, чаму правяраюць людзей і калі перастануць.

На гарачай лініі Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі журналістам адказалі, што ня ведаюць пра ўзмоцненыя праверкі на мяжы, іх прычыну і пра тое, колькі яны будуць доўжыцца.

«Я не магу вам адказваць за ўсе структуры, якія ажыцьцяўляюць кантроль у пункце пропуску. Я адказваю толькі за памежнікаў. Мы пашпарт праверылі дзьве-тры хвіліны — усё, вы паехалі далей», — адказалі на «гарачай лініі» ведамства і дадалі: «Далей, якія супрацоўнікі выконваюць свае функцыі, на жаль, вам адказаць не магу».

На гарачай лініі Смаргонскай памежнай групы, якая працуе на пункце пропуску «Каменны Лог», выданьню таксама адказалі, што ня маюць інфармацыі пра дадатковыя праверкі на мяжы тых, хто едзе зь Вільні. На пытаньне журналістаў, чаму некаторых выклікаюць на размовы, пытаюцца пра пратэсты і як доўга будуць працягвацца праверкі, у ведамстве адказалі толькі, што ня маюць да іх дачыненьня.

«Гэта іншая служба, не памежны кантроль. Памежнікі нічога такога ня робяць, таму няма ў нас ніякай інфармацыі. Сваю функцыю ажыцьцяўляюць мытныя органы, таму ня толькі ад нас усё залежыць», — адказалі ў ведамстве і дадалі: «Апроч нас ёсьць іншыя органы, якія таксама выконваюць свае функцыі, мы за іх не адказваем».

Дзяжурны Берасьцейскай памежнай групы, якая адказвае за адзіны працоўны пункт пропуску «Брэст» на мяжы з Польшчай, на пытаньне, чаму на мяжы вырасьлі чэргі на ўезд і чаму людзей выклікаюць на размовы, адказаў сьцісла: «Памежная служба такія пытаньні не вядзе».

На ўдакладняльную рэпліку журналіста, што людзей на памежным пункце апытваюць людзі ў цывільным і яны ня могуць там быць самі па сабе, у ведамстве адказалі:

«Памежная служба не вядзе [допыты]. На пункце пропуску працуе шмат розных структур. Калі гэта перасячэньне мяжы, гэта ня значыць, што там будуць адны памежнікі. Там розныя структуры, і кожная перад іншымі не дае справаздачу, што і чаму робіць. Кожная мае сваё права ажыцьцяўляць пропуск. Таму памежная служба ніякіх апытаньняў не вядзе».

Дзяжурны Полацкага памежнага атраду адмовіўся адказваць праз тэлефон, ці ёсьць чэргі і допыты ў КПП «Урбаны», які мяжуе з Латвіяй, прапанаваўшы глядзець усю цікавую інфармацыю на сайце Дзяржаўнага памежнага камітэту.

Апошнімі днямі на межах Беларусі ўзмацніліся праверкі на ўезд у краіну. Людзі ў цывільным забіраюць некаторых на размову, пытаюцца, чаму чалавек едзе ў Беларусь, ці хадзіў на пратэсты, ці чытае «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і гэтак далей.

Як расказалі раней выданьню, пытаньні ўзьнікаюць да беларусаў, якіх раней занесьлі ў базу «Беспарадкі» (спэцыяльная база, куды сілавікі заносяць зьвесткі пра ўдзельнікаў пратэстаў, якіх прыцягвалі па адміністрацыйных і крымінальных артыкулах). Таксама на размовы выклікаюць украінцаў, нават тых, хто ўжо даўно жыве ў Беларусі. Акрамя гутарак, правяраюць тэлефоны, на расейскай мяжы некаторым задавалі пытаньні пад запіс на відэакамэру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG