Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ паведамляюць пра ўзмоцненыя праверкі на ўезьдзе ў Беларусь зь Літвы


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. На беларуска-літоўскай мяжы
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. На беларуска-літоўскай мяжы

На ўезьдзе ў Беларусь зь Літвы праз пункт пропуску Каменны Лог праводзяць дадатковы надгляд і апытаньне некаторых з тых, хто перасякае мяжу, паведамляюць чытачы «Зеркала». Раней стала вядома пра ўзмоцнены кантроль на мяжы Беларусі з Расеяй.

Чытачы выданьня паведамілі, што дадатковыя пытаньні ў пункце пропуску Каменны Лог былі да ўкраінцаў і да тых, хто занесены ў базу сілавікоў «Беспарадкі» (хто праходзіў па крымінальных ці адміністрацыйных «палітычных» справах за ўдзел у пратэстах). Гэтых людзей адводзяць на дадатковы агляд. Што канкрэтна пытаюцца ў людзей, выданьню апэратыўна даведацца не ўдалося.

Паводле зьвестак выданьня, з аднаго з аўтобусаў на дадатковую праверку адправілі больш як 5 чалавек. Адзін з чытачоў выданьня, які ехаў 9 траўня зь Вільні ў Менск, расказаў, што кіроўца аўтобуса пры пасадцы папярэдзіў: «Тым, хто ўдзельнічаў у пратэстах, трэба ісьці на пашпартны кантроль сярод першых», бо іх даўжэй правяраюць.

З прычыны дадатковых праверак пасажырскія аўтобусы затрымліваюцца. Так, аўтобус, які выехаў зь Вільні ў Менск 9 траўня ў 11.30, прайшоў памежны і мытны надгляд на беларускай тэрыторыі каля 18.30, пасьля чаго працягнуў рух у бок Менску.

9 траўня стала вядома, што беларусы сутыкаюцца зь нетыповым кантролем на мяжы з Расеяй: паведамлялі, што пад запіс на відэакамэру задаюць пытаньні, зьвязаныя з пратэставымі тэмамі, у некаторых патрабавалі разблякаваць тэлефон для надгляду.

9 траўня ў КДБ заявілі, што спынілі спробу ўчыненьня тэрактаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG