Кіраўнік КДБ Іван Тэртэль заявіў, што КДБ нібыта «спыніў спробы ўчыненьня тэрактаў напярэдадні 9 траўня» ў Беларусі.
Тэртэль адзначыў, што праца ў гэтым напрамку вядзецца ва ўзаемадзеяньні з МУС і Памежным камітэтам Беларусі: «Вы бачыце, што мы ўзмацнілі ахову мяжы». Паводле Тэртэля, гэта была папераджальная мера, зробленая з улікам інфармацыі пра намеры «ўчыніць тэракты менавіта да 9 траўня», цытуе яго Sputnik.
«Мы затрымалі пэўную колькасьць асобаў, якія рыхтаваліся да ўчыненьня тэрактаў. І ведаем, што за гэтым стаяць спэцслужбы», — заявіў Тэртэль і паабяцаў абнародаваць падрабязную інфармацыю 10 траўня.
На мінулым тыдні беларускія ўлады ўвялі пашпартны кантроль на мяжы з Расеяй, апошнімі днямі былі перакрытыя аб’язныя дарогі на мяжы з РФ.
9 траўня стала вядома, што беларусы сутыкаюцца зь нетыповым кантролем на мяжы з Расеяй: паведамлялі, што памежнікі пад запіс на відэакамэру задаюць пытаньні, зьвязаныя з пратэставымі тэмамі, у некаторых патрабуюць разблякаваць тэлефон для надгляду.
Таксама СМІ стала вядома пра дадатковы надгляд і апытаньне некаторых з тых, хто перасякае мяжу, на ўезьдзе ў Беларусь зь Літвы праз пункт пропуску Каменны Лог.
2 траўня Аляксандар Лукашэнка правёў нараду зь сілавікамі. Пасьля той нарады Іван Тэртэль заявіў:
«Мы прагназуем значную эскаляцыю абстаноўкі па пэрымэтры нашай краіны. Гэта зьвязана, па-першае, з тэмай баявых дзеяньняў на паўднёвым напрамку. З гэтым усё зараз зьвязана. І другое — не спыняюцца спробы дэстабілізаваць сытуацыю ўнутры нашай краіны. Гэта перш за ўсё цэнтры за мяжой, якія плянуюць гэтую дзейнасьць пры падтрымцы непасрэдна куратараў, у тым ліку зь ліку замежных спэцслужбаў. Плянуецца шэраг такіх сурʼёзных акцыяў на нашай тэрыторыі».