Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўрапарлямэнце ўнесьлі ў парадак дня дэбаты аб праблемах палітвязьняў у Беларусі


Эўрапарлямэнт. Францыя. Архіўнае фота
Эўрапарлямэнт. Францыя. Архіўнае фота

Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі па стане на 10 траўня 1493 палітвязьні. Іншыя правааабарончыя ініцыятывы лічаць, што палітычных зьняволеных значна больш.

Эўрапейская група кансэрватараў і рэфармістаў (ECR) 9 траўня ўнесла ў Эўрапарлямэнт прапанову «аб уключэньні ў парадак дня абмеркаваньня выпадкаў парушэньня правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закону» ў Беларусі. Дэбаты заплянавалі на 10 траўня.

ECR канстатуе, што становішча палітвязьняў і якасьць умоў утрыманьня ў турмах Беларусі «працягвае пагаршацца». Эўрадэпутаты нагадалі пра нядаўнюю сытуацыю зь «бесчалавечным абыходжаньнем і шпіталізацыяй» былога прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі, сьмерці ў зьняволеньні сама меней чатырох палітычных зьняволеных (Аляксандар Віхор, Дзяніс Кузьняцоў, Вітольд Ашурак і Мікалай Клімовіч). Яны таксама прывялі інфармацыю аб «катаваньнях і спробах самагубстваў» у месцах пазбаўленьня волі, што, на іх думку, сьведчыць пра «непрымальны ўзровень перасьледу і зьнявагі» ў «турмах Лукашэнкі».

Прадстаўнікі ECR прапануюць Эўрапарлямэнту прыняць рэзалюцыю з патрабаваньнем да рэжыму Лукашэнкі «гарантаваць належнае мэдыцынскае назіраньне за здароўем палітвязьняў і магчымасьць доступу да іх незалежных міжнародных мэдыцынскіх камісій», правесьці «незалежнае расьсьледаваньне» і выдаць «экспэртнае заключэньне па факце сьмерці Клімовіча», «неадкладна і безумоўна» вызваліць усіх палітвязьняў.

Рэзалюцыя, на думку дэпутатаў, павінна настойваць «на прыняцьці сыстэмных захадаў у падтрымцы захаваньня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі». Галоўным фактарам яе захаваньня названа «воля беларускага грамадзтва», а галоўнай пагрозай — «імпэрская палітыка Масквы і яе саюзьніка Аляксандра Лукашэнкі».

У падрыхтаваным ECR дакумэнце зьмяшчаюцца зьвесткі аб дыскрымінацыі польскай меншасьці на тэрыторыі Беларусі. Сярод іншага згадваецца справа журналіста і актывіста неафіцыйнага Саюзу палякаў Анджэя Пачобута (асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі), зьнішчэньне ў Беларусі месцаў пахаваньняў жаўнераў польскай Арміі Краёвай. Усё гэта, мяркуюць эўрапейскія кансэрватары і рэфармісты, зьяўляецца «яркім сьведчаньнем антыпольскіх дзеяньняў рэжыму Лукашэнкі».


«Рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае захоп закладнікаў для аказаньня псыхалягічнага ціску на прадстаўнікоў дэмакратычнага руху, наўмысна арыштоўваючы і выносячы прысуды іхным сваякам. . Пры гэтым беларускае грамадзтва працягвае супрацьстаяць у вельмі цяжкіх умовах і дыктатуры Лукашэнкі, і ўцягваньню Беларусі ў агрэсіўную вайну Расеі, працягваючы барацьбу за будучыню нацыі», — гаворыцца ў дакумэнце.


15 сакавіка Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю, у якой асудзіў парушэньне правоў чалавека ў Беларусі, саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны, а таксама заклікаў пашырыць санкцыі ў дачыненьні да афіцыйнага Менску.

У рэзалюцыі сярод іншага рэзка асуджаюцца факты палітычнага перасьледу грамадзянскай супольнасьці, прысуды актывістам, журналістам, праваабаронцам і ўсім, хто выступае супраць рэжыму Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG