За апошнія два гады каля сотні адвакатаў пазбавілі ліцэнзій і права на прафэсію ў Беларусі. Некаторым зь іх прысуджаюць па 8–10 гадоў турмы. Адвакатаў запалохваюць, яны адмаўляюцца абараняць людзей у палітычных справах.
Разьбіраліся, што адбываецца ў адвакатуры.
«Адвакат — гэта вельмі дарагі паштальён у СІЗА»
Бацькі палітвязьня, якога асудзілі на даволі сур’ёзны тэрмін, шукаюць для сына ўжо пятага адваката. Першы звольніўся і выехаў за мяжу. Другога пазбавілі ліцэнзіі. Трэці «саскочыў» сам — скасаваў дамову з бацькамі, бо пабачыў, як ціснуць на адвакатаў «палітычных». Чацьвёртага затрымалі ў сакавіку і далі «суткі» нібыта за хуліганства.
Яшчэ на стадыі расьсьледаваньня крымінальнай справы адвакатаў прымусілі даць падпіску аб невыдаваньні. Працэс быў закрыты — ні бацькоў, ні спачувальнікаў у судовую залю не дапусьцілі, як адбываўся працэс, яны ня ведаюць.
Цяпер палітвязень адбывае вельмі працяглае па часе пакараньне ў адной з калёній з самым жорсткім рэжымам утрыманьня. Лістоў няма ўжо больш за 2 месяцы. Адваката да палітвязьня не дапускаюць: нібыта «няма заявы на сустрэчу з абаронцам».
Паслугі адваката ў Беларусі каштуюць нятанна. Часьцяком адвакатаў у калёніі да сваіх падабаронных не дапускаюць: то нібыта няма заявы ад вязьня, то вязень атрымаў чарговае спагнаньне і зьмешчаны ў ШЫЗА.
Запыталіся ў бацькоў палітвязьня, навошта яны шукаюць пятага адваката, калі дапамогі ад іх па выніку — амаль нуль, а паслугі адваката ў Беларусі каштуюць дорага.
«Ой, нядаўна пачулі вельмі клясны жарт, што „адвакат — гэта вельмі дарагі паштальён у СІЗА“. Так, грошы немалыя. А што рабіць? Я падазраю, што сын часта трапляе ў ШЫЗА, ліставаньне яму абмяжоўваюць. Калі сытуацыя крытычная, калі няма ніякай сувязі, усё ж такі ёсьць спадзяваньне, а раптам адвакат прарвецца ў калёнію, напіша скаргу, даможацца хоць нейкай інфармацыі пра сына? Да таго ж нам трэба тэрмінова вырашыць адну важную юрыдычную праблему з дапамогай натарыюса. Спадзяёмся, адвакат дапаможа сыну дамагчыся, каб натарыюс трапіў у калёнію, і правільна аформіць дакумэнты.
Таму працягваем шукаць адваката. Пакуль беспасьпяхова», — кажа маці палітвязьня.
«Пачалася параноя: падавалася, што ўсе мае размовы па тэлефоне і ў мэсэнджарах слухаюць, перапіску чытаюць»
Ганна (імя зьмененае зь меркаваньняў бясьпекі. — РС) мае адвакацкі стаж каля 20 гадоў. У 2011 годзе абараняла двух «палітычных» у крымінальных справах, заведзеных па падзеях на Плошчы ў сьнежні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.
«Не паверыце, у адвакацкім асяродзьдзі ў той час было вельмі прэстыжна абараняць палітвязьняў. Тады можна было нармальна працаваць, ніхто асабліва не перашкаджаў сустракацца з падабароннымі колькі трэба разоў, ня ціснуў, усе адвакаты вельмі стараліся сапраўды абараніць сваіх кліентаў. Я памятаю і судовыя спрэчкі: у працэсе разглядалі справы пяцярых чалавек. І якія яскравыя, публіцыстычныя былі прамовы маіх калег! Пра „эфэкт натоўпу“ з цытатамі вядомых адвакатаў Анатоля Коні і Фёдара Плявакі.
Пасьля я кансультавала людзей у адной праваабарончай арганізацыі. Было некалькі адміністрацыйных справаў, калі людзей затрымлівалі на масавых акцыях, здаецца, у 2017 годзе. Была нармальная праца», — успамінае Ганна пра свае ранейшыя справы.
У 2020 годзе адвакатка таксама заключыла дамовы на абарону палітычных, старалася дапамагчы людзям. Адзін працэс давяла да канца. Другую дамову скасавала датэрмінова. Цяпер за палітычныя справы наагул не бярэцца.
«Працаваць стала немагчыма. Адразу бяруць падпіску аб невыдаваньні. Ну мы ж юрысты, мы ж разумеем, што падставы цалкам надуманыя... Судовыя працэсы спрэс закрытыя. У мяне пачалася ледзьве не параноя: мне здавалася, што ўсе мае размовы па тэлефоне і ў мэсэнджарах слухаюць, перапіску чытаюць. А калі найлепшых адвакатаў пачалі пазбаўляць ліцэнзій на сьмешных падставах, стала неяк непамысна. Натальля Мацкевіч, Сяргей Зікрацкі, Аляксандар Пыльчанка, Людміла Атаманчук, Дзьмітры Лаеўскі — яны ж супэрдасьведчаныя, сапраўдныя прафэсіяналы!
Прабачце, я не магу дазволіць сабе застацца без працы альбо сесьці ў турму. Не магу пакінуць краіну — у мяне пажылыя бацькі, дзеці. Атмасфэра на працы вельмі цяжкая, мы баімся размаўляць паміж сабой. Публічна ніколі не выказваемся. Раней адвакаты раіліся аб справах, якія вядуць, штосьці абмяркоўвалі, размаўлялі. Цяпер выходзім на ганак перамовіцца парай слоў без тэлефонаў і шэптам. Усе прыгнечаныя. А яшчэ і грызе сумленьне, што сутнасьць маёй прафэсіі — абараняць людзей, а я ім адмаўляю. І «самаедзтва»...
Голас Ганны дрыжыць, калі яна расказвае пра атмасфэру на працы і свае перажываньні.
«Што можна за 20 хвілін зразумець, вывучыць, якую выстраіць абарону?»
Калі чалавек застаецца зусім без адваката (яго самога затрымалі, ён адмовіўся весьці справу), то паводле артыкулу 46 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса абаронцу могуць прызначыць. Але тут таксама ёсьць праблемы.
Былая адвакатка, якую пазбавілі ліцэнзіі, раней абараняла палітычных і па дамове сваякоў, і тых, каго ёй прызначалі зьверху.
«Што тычыцца прызначаных абаронцаў, асабіста для мяне, калі я працавала адвакаткай, не было розьніцы, вяду я справу па дамове альбо прызначана паводле артыкулу 46. Я юрыдычную дапамогу аказвала аднолькава. Гэта маё асабістае разуменьне прафэсіі.
Але калі адвакат прызначаны паводле 46-га артыкулу, кожны раз гэта можа быць новы чалавек. Асабліва калі мяняецца месца ўтрыманьня зьняволенага: спачатку ён быў у ІЧУ, а потым накіравалі ў Жодзіна. Адпаведна, менскі адвакат ужо не паедзе туды, а выклічуць жодзінскага. Калі справу пераводзяць у суд, зноў можа памяняцца адвакат. У чалавека могуць зьмяніцца тры адвакаты, а то і больш. Пра пасьлядоўнасьць абароны гаварыць складана.
Ёсьць такі выраз: „Дзе два юрысты, там тры меркаваньні“. У кожнага адваката сваё бачаньне сытуацыі. Падабароннаму, далёкаму ад юрыспрудэнцыі, складана разабрацца, якую выбраць пазыцыю. І, на жаль, гэта істотна адбіваецца на якасьці абароны», — тлумачыць былая адвакатка.
Яна расказала, як адваката Андрэя Мачалава спачатку абараняў ягоны калега Віталь Брагінец. Пасьля затрыманьня Брагінца да Мачалава кожны дзень у працэс прыходзіў новы адвакат, і судзьдзя яму даваў на азнаямленьне са справай 20 хвілін.
«Што можна за 20 хвілін зразумець, вывучыць, якую выстраіць абарону? На мой погляд, улады зараз імкнуцца, каб у палітычных адвакаты былі не паводле дамовы, а менавіта прызначаныя», — робіць выснову былая адвакатка.
Юрысты таксама зазначаюць, што адвакатаў паводле артыкулу 46 КПК прызначаюць толькі ў справах, якія знаходзяцца ў вядзеньні: на стадыі сьледзтва, суду. Калі зьняволены ўжо адбывае пакараньне, ён таксама мае права на абарону, але юрыдычную дапамогу адвакат яму можа аказаць толькі паводле дамовы.
Хроніка перасьледу адвакатаў: спачатку пазбаўлялі ліцэнзій
Пазбаўленьне ліцэнзій, ціск на адвакатаў здараліся і да 2020 году. У 2011-м пазбавілі ліцэнзій некалькіх адвакатаў, якія абаранялі палітвязьняў пасьля падзеяў Плошчы-2010: Паўла Сапелку, Тамару Сідарэнку, Алега і Тацяну Агеевых, Уладзімера Тоўсьціка, Тамару Гараеву. У 2017 годзе з адвакатуры выключылі Ганну Бахціну, якая абараняла фігурантаў справы «Белага легіёну».
Аднак затрыманьняў адвакатаў за «хуліганку», за непадпарадкаваньне да 2020 году не было. Як не было і палітычна матываваных крымінальных спраў супраць іх.
Увосень 2020 году адвакатаў, якія абаранялі знакавых палітзьняволеных (Віктара Бабарыку, Марыю Калесьнікаву ды іншых) пачалі масава пазбаўляць ліцэнзій: Людмілу Казак, Аляксандра і Яўгена Пыльчанкаў, пазьней Натальлю Мацкевіч, Сяргея Зікрацкага, Дзьмітрыя Лаеўскага, Міхаіла Кірылюка... Лік пайшоў на дзясяткі.
24 верасьня 2020 году адвакатку Марыі Калесьнікавай Людмілу Казак на вуліцы схапілі невядомыя, сілай запхнулі ў машыну і павезьлі ў ІЧУ на Акрэсьціна, пасьля абвінаваціўшы ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве 30 жніўня — акцыі пратэсту на праспэкце Пераможцаў. Справа скончылася пазбаўленьнем ліцэнзіі.
Адну з самых аўтарытэтных адвакатак Беларусі Натальлю Мацкевіч, якая бараніла палітзьняволеных Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Марфу Рабкову, Мікалая Дзядка, выключылі з калегіі адвакатаў за тое, што яна нібыта перабіла сьледчага на допыце, калі ён зачытваў правы і абавязкі, а таксама перамовілася з другім адвакатам падчас вочнай стаўкі.
Адвакатам прызначаюць да 10 гадоў турмы
«Рэкардсмэн» у тэрміне за кратамі — вядомы адвакат Максім Знак, які абараняў Марыю Калесьнікаву. Яго затрымалі 9 верасьня 2020 году. Суд пакараў юрыста зьняволеньнем на 10 гадоў. Адваката абвінавацілі ў «змове з мэтай захопу ўлады», «стварэньні ці ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні».
У 2022 годзе на адвакатаў масава пачалі заводзіць крымінальныя справы. Першым асудзілі адваката Андрэя Мачалава, які абараняў «палітычных» — журналістку Кацярыну Барысевіч і баскетбалістку Алену Леўчанку, за нібыта «падробку ордэру на ўдзел у крымінальным працэсе». Мачалаў атрымаў 2 гады «хіміі».
У лютым 2023 году адвакату Віталю Брагінцу, які абараняў Андрэя Мачалава і Алеся Бяляцкага, прысудзілі 8 гадоў пазбаўленьня волі. Затрымалі яго ва ўласным доме нібыта за непадпарадкаваньне міліцыі, арыштавалі на 15 дзён, завялі крымінальную справу. Асудзілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: за «заклікі да санкцый», "распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці,"стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім«, «актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
10 красавіка 2023 года адваката Аляксандра Данілевіча асудзілі на 10 гадоў. Ён кандыдат юрыдычных навук, дацэнт факультэта міжнародных адносінаў БДУ. Данілевіча абвінавацілі ў «пасобніцтве ў закліках да санкцый» (ч. 3 арт. 361) спартоўцам Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну, якіх завочна асудзілі да 12 гадоў калёніі, і «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 арт. 361-4).
2 траўня ў Менскім гарадзкім судзе пачалі судзіць адвакатку Анастасію Лазарэнку. Спачатку ёй выставілі артыкул 203-1 — («Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных зьвестак»). Потым дадалі 342 артыкул («Арганізацыя масавых беспарадкаў». У жніўні 2020 году яна кансультавала пацярпелых і іхных сваякоў пад сьценамі Акрэсьціна) і артыкул 130 («Распальваньне варожасьці»).
20 сакавіка сілавікі зладзілі аблаву на адвакатаў: затрымалі шасьцярых абаронцаў, якія працавалі з палітзьняволенымі. Адвакат Уладзімер Сташкевіч абараняў Мікалая Аўтуховіча і Марыю Калеснікаву; Іван Чыжык — Віктара Бабарыку; Юры Козікаў — Максіма Знака і Яўгена Юшкевіча; Арцём Сям’янаў зьяўляецца адвакатам Ігара Лосіка, Паўла Белавуса, Валянціна Стэфановіча. Інэса Аленская — адвакатка Сяргея Ціханоўскага, Рамана Пратасевіча, Насты Лойкі, Рыгора Кастусёва.
Да прыкладу, Арцёма Сям’янава абвінавацілі паводле арт. 24.3 КаАП («непадпарадкаваньне») і далі 15 сутак. Аднак ня выпусьцілі і 5 красавіка дадалі яшчэ 15 дзён арышту, якія павінны былі скончыцца 20 красавіка. Дзе цяпер Сям’янаў, невядома.
26 красавіка праваабаронцы паведамілі, што стала вядома пра затрыманьне ў канцы студзеня 2023 году адваката Менскай абласной калегіі Аляксея Бародкі. Ён у менскім СІЗА-1; які крымінальны артыкул інкрымінавалі Аляксею, пакуль невядома. Днямі яго выключылі з калегіі адвакатаў разам зь яшчэ чатырма калегамі.
«Ёсьць такое паняцьце: «ахаладжальны эфэкт»
Судовыя працэсы ў справах адвакатаў часта закрытыя.
«Ёсьць такое паняцьце: „ахаладжальны эфэкт“ для тых, хто застаўся. Што тычыцца Максіма Знака, тут зразумела — быў палітычны складнік. А што тычыцца Брагінца, Данілевіча, то іх асудзілі менавіта за актыўнасьць у якасьці адваката. Каб на астатніх гэты „ахаладжальны эфэкт“ пашырыўся: ня брацца за палітычныя справы, а калі ўзяліся, нідзе не камэнтаваць, а пажадана наагул адмаўляцца ад вядзеньня такіх спраў.
Раней самым страшным пакараньнем было пазбаўленьне ліцэнзіі, выключэньне з калегіі. І калі раней ты перажываў, што застаўся без прафэсіі (а я нікім іншым, акрамя адваката, ніколі не працавала), то цяпер думаеш: якое шчасьце (у параўнаньні з калегамі, якім далі па 8-10 гадоў). Пазбавілі ліцэнзіі — і добра. Дзякуй, што не пасадзілі», — кажа былая адвакатка, пазбаўленая ліцэнзіі.
Яна раіць усім ахвотным азнаёміцца з дакумэнтам «Крызіс беларускай адвакатуры: як вярнуць права на абарону»
21 красавіка 2022 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «адвакатура павінна знаходзіцца пад кантролем» і «дзейнічаць паводле закону, а ня нейкіх прыдуманых нормаў — свабоды слова і іншых свабод».
Колькасьць адвакатаў у Беларусі за два гады скарацілася на чвэрць
Паводле аналітычнай справаздачы ініцыятывы «Права на абарону», колькасьць адвакатаў у Беларусі скарацілася з 2200 да 1650 чалавек. Гэта прыкладна на чвэрць.
На думку былога адваката, юрыста праваабарончага цэнтру «Вясна» Паўла Сапелкі, інстытут адвакатуры ў Беларусі стаў аб’ектам рэпрэсій па некалькіх кірунках.
«Былі зьмены ў заканадаўстве, якія істотна пагоршылі і без таго вельмі слабы стан адвакатуры. Былі рэпрэсіі адвакатаў, якія бралі ўдзел у акцыях пратэсту, выказваліся пра падзеі 2020 году, аказвалі дапамогу ў крымінальных і адміністрацыйных справах.
Каля 100 адвакатаў пазбавілі права на прафэсію на надуманых падставах. Сама меней 7 адвакатаў знаходзяцца ў зьволеньні.
Працэсы ў справах адвакатаў адбываліся ў закрытых судовых паседжаньнях з парушэньнем права на галосны публічны разбор.
І цяпер адвакатура з пункту гледжаньня арганізацыйнага стала яшчэ больш слабым інстытутам, страціўшы рэшткі незалежнасьці, ня кажучы пра фармальную юрыдычную незалежнасьць, бо адвакатуру непасрэдна курыруе Міністэрства юстыцыі», — кажа Павал Сапелка.
На яго думку, міжнародны розгалас — адзінае, што можа паўплываць на сытуацыю. Бо ўнутры краіны сытуацыя перасьледу адвакатаў замоўчваецца.