Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць адвакатку Лазарэнку, якая кансультавала былых вязьняў пад турмой на Акрэсьціна

абноўлена

Анастасія Лазарэнка, архіўнае фота
Анастасія Лазарэнка, архіўнае фота

Паводле сьледзтва, яна нібыта арганізавала «несанкцыянаваную масавую акцыю», калі праводзіла кансультацыю пад турмой на завулку Акрэсьціна ў Менску ў жніўні 2020 году.

Працэс над адвакаткай Анастасіяй Лазарэнка пачынаецца 2 траўня ў Менскім гарадзкім судзе. Справу разглядае судзьдзя Сьвятлана Чарапанава, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».

Палітзьняволеную затрымалі 2 чэрвеня — праз два дні пасьля яе 40-годзьдзя. Спачатку супраць яе завялі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 КК за «перадачу зьвестак сілавікоў і судзьдзяў у тэлеграм-каналы».

Пазьней ёй выставілі абвінавачваньні паводле арт. 203-1 КК («Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці») і ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»). Паводле сьледзтва, яна нібыта арганізавала «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства», калі праводзіла кансультацыю пад Акрэсьціна ў жніўні 2020 года.

На волі ў яе засталіся пажылы бацька і 19-гадовы сын, які з 16 гадоў пакутуе на хваробу Крона.

Перад судом палітзьняволеную адвакатку абмежавалі ў праве на абарону – аднаго з яе адвакатаў выклікалі ў якасьці сьведкі, таму абараняць ён Анастасію больш не можа. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, здарылася гэта незадоўга да сканчэньня сьледчых дзеяньняў.

Ціск на адвакатаў

Сыстэматычны ціск на адвакатуру ўзмацніўся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

З пачатку 2021 году Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзій ня менш як 60 адвакатаў. Зьліквідавалі каля 100 адвакацкіх бюро, спынена дзейнасьць каля 400 асобных адвакатаў, раней паведамляў пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі вядомы юрыст Дзьмітры Лаеўскі з спасылкай на свае зьвесткі ў верасьні 2022 году.

Інстытут адвакатуры фактычна пазбавіўся незалежнага статусу: з 2021 году адвакаты могуць працаваць толькі пры юрыдычных кансультацыях, загадчыкі якіх прызначаюцца па ўзгадненьні зь Міністэрствам юстыцыі. У 2022 годзе паўнамоцтвы загадчыкаў пашырылі.

Супраць шэрагу адвакатаў завялі крымінальныя справы з палітычных матываў, шэсьць адвакатаў прызнаныя палітвязьнямі.

10 красавіка адваката Аляксандра Данілевіча асудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Юрыста абвінавацілі па ч. 1 арт. 361-4 («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), ч. 3 арт. 361 («заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы»).

Праваабаронцы расцэньваюць пазбаўленьне працы адвакатаў як прыклад «недапушчальнага ўмяшаньня органаў выканаўчай улады ў дзейнасьць незалежнай адвакатуры».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG