62 дні няма вестак ад Міколы Статкевіча. Апошні ліст Максіма Знака родным датаваны 9 лютага, Ігара Лосіка — 20 лютага. На запыты сваякоў, ці знаходзяцца яны ў ШЫЗА, у адміністрацыях калёній не адказваюць.
Права асуджанага карыстацца юрыдычнай дапамогай адваката без абмежаваньняў і ў любы час прадугледжана артыкулам 10 Крымінальна-выканаўчага кодэксу (КВК) і артыкулам 62 Канстытуцыі Беларусі.
Аднак адміністрацыя калёній часта спасылаецца на частку 6 артыкулу 83 КВК, паводле якой спатканьне з адвакатам даецца «па заяве» асуджанага. Пры гэтым адвакаты скардзяцца, што адміністрацыя адвольна трактуе паняцьце «заява» — выключна як пісьмовы зварот асуджанага. А таксама спасылаецца на пункт 183 «Правілаў унутранага распарадку папраўчых устаноў» (якія зацьверджаныя МУС): спатканьне з адвакатам можа адбыцца толькі ў непрацоўны час. А працуюць зьняволеныя часьцяком дапазна ці па зьменах.
«Асуджанага хочуць трымаць у рэжыме „інкамунікада“»
На думку былога адваката, юрыста праваабарончага цэнтру «Вясна» Паўла Сапелкі, на практыцы пытаньне — дапусьціць ці не дапусьціць адваката да зьняволенага — вырашае адміністрацыя калёніі.
«Заканадаўства, якое тычыцца допуску адвакатаў у месцы адбываньня пакараньня, сфармулявана такім чынам, каб паставіць непераадольны бар’ер паміж адвакатам і яго падабаронным.
Асуджанага хочуць трымаць у рэжыме „інкамунікада“, то бок ізаляцыі, спыненьня ўсіх сувязяў з вонкавым сьветам. Нейкага лягічнага тлумачэньня гэтаму няма, гэта проста такая адвольная норма.
І фармальныя патрабаваньні, якія зьмяшчаюцца ў нарматыўных актах, прама парушаюць правы адвакатаў і правы асуджаных.
Гэта значыць, пытаньне допуску адваката на тэрыторыю папраўчай установы цалкам аддаецца на водкуп адміністрацыі калёніі», — кажа юрыст Павал Сапелка.
З адсутнасьці лістоў і нядопуску адваката сваякі робяць выснову, што вязень трапіў у штрафны ізалятар
Апошні ліст ад Ігара Лосіка бацькі атрымалі 20 лютага. Праз тры тыдні яны папрасілі адваката Арцёма Сям’янава паехаць у калёнію. 10 сакавіка адваката да Лосіка не пусьцілі — маўляў, «няма заявы асуджанага». У той жа дзень іншаму адвакату дазволілі спатканьне зь ягоным падабаронным, хоць заявы ад таго таксама не было.
3 красавіка новая адвакатка палітвязьня езьдзіла ў Наваполацкую калёнію, аднак яе таксама не пусьцілі да падабароннага. Прычыну назвалі тую ж самую: Ігар не напісаў заяву на сустрэчу з адвакатам. Абаронца 5 красавіка напісала пісьмовы запыт на спатканьне безь ягонай заявы, аднак адказу з калёніі дагэтуль няма. У той жа дзень Свабодзе стала вядома, што Лосіка другі раз запар зьмясьцілі ў штрафны ізалятар. На які тэрмін і зь якой прычыны, пакуль невядома. А адтуль нельга лісты пісаць, адваката ў ШЫЗА не дапускаюць.
Жонка палітвязьня Міколы Статкевіча Марына Адамовіч нядаўна ў фэйсбуку паведамляла, што ўжо два месяцы няма ніякіх навін пра мужа. І што адказаў на яе афіцыйныя звароты ў калёнію таксама няма. Яна мяркуе, што Мікола Статкевіч працяглы час таксама знаходзіцца ў ШЫЗА.
Надзеі Знак, жонцы і адвакату палітвязьня Максіма Знака, паведамілі ў калёніі № 3 «Віцьба», што яе муж і падабаронны ў ШЫЗА.
Апошні ліст, якія блізкія атрымалі ад Максіма Знака, датаваны 9 лютага. Адвакат ня бачыў Максіма больш за два месяцы. Вядома, што Максім Знак шмат часу праводзіць у ШЫЗА.
Ці абавязаная адміністрацыя калёніі паведамляць сваякам, што асуджаны зьмешчаны ў ШЫЗА, і ці ёсьць абмежаваньні па тэрмінах знаходжаньня, запыталіся ў юрыста «Вясны» Паўла Сапелкі.
«У законах ёсьць „закрыты пералік“, што паведамляць блізкім сваякам. Гэта пераводы з адной установы ў іншую, цяжкая хвароба. Што да зьмяшчэньня ў штрафны ізалятар, яны не абавязаныя паведамляць такую інфармацыю.
На ўтрыманьне ў ШЫЗА няма абмежаваньняў. Даюць 10 дзён, выпускаюць, а літаральна на наступны дзень зноў зьмяшчаюць. Быў такі палітзьняволены Міхаіл Жамчужны, ён амаль увесь свой тэрмін правёў у ізалятарах», — тлумачыць юрыст «Вясны» спадар Сапелка.
«Адвакатам пагражаюць крымінальнымі справамі»
З прычыны масавых рэпрэсій, пазбаўленьня адвакатаў ліцэнзій многія палітзьняволеныя засталіся без абаронцаў. І знайсьці новага адваката вельмі цяжка, ніхто не пагаджаецца, на ўмовах ананімнасьці прызнаецца блізкі сваяк аднаго з «палітычных».
«Адвакатам, якія бароняць знакавых, вядомых асобаў, пагражаюць забаронай на выезд за мяжу, крымінальнымі справамі, іх запалохваюць. А пасьля шалёных тэрмінаў былым адвакатам Брагінцу і Данілевічу (8 і 10 гадоў калёніі) нават тыя, хто даўно абараняе сваіх кліентаў, хочуць „саскочыць“. Таму знайсьці цяпер адваката палітвязьням амаль нерэальна», — кажа суразмоўца Свабоды.
Што рабіць, калі зьняволены застаўся без адваката? Ці могуць яму прызначыць так званага дзяржаўнага абаронцу? Юрыст Павал Сапелка тлумачыць, што ў выпадку з тымі, хто адбывае пакараньне, тут ужо іншая гісторыя:
«Гаворка ідзе не пра абаронцу, бо вядзеньне ў крымінальнай справе завершана, ужо ідзе працэс адбыцьця пакараньня. Тэарэтычна асуджаны мае права карыстацца паслугамі адваката. І тэарэтычна яму юрыдычную дапамогу павінны забясьпечыць. Але тут узьнікае тая ж праблема.
Калі патрэбная дапамога ў напісаньні скаргі ці атрыманьні кансультацыі, зьняволены павінен шукаць магчымасьці заключыць адпаведную дамову. У такой сытуацыі ён можа прасіць сваякоў ці сам пісаць у тэрытарыяльную калегію, кансультацыю, якая знаходзіцца паблізу, у населеным пункце. Зноў жа, мы разумеем, што гэтыя заявы могуць і не пакінуць калёнію», — кажа юрыст Павал Сапелка.
У выніку тэарэтычна зьняволены мае права на юрыдычную дапамогу без абмежаваньняў, на практыцы ўсё вырашае адміністрацыя калёніі. Часта не на карысьць таго, каму патрэбна дапамога.