Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастацтвазнаўца з Канады Зіна Гімпелевіч: «Няхай ангельскамоўныя ведаюць, што беларусы ня лыкам шытыя»


Зіна Гімпелевіч на прэзэнтацыі сваёй кнігі ў Атаве (Канада).
Зіна Гімпелевіч на прэзэнтацыі сваёй кнігі ў Атаве (Канада).

Беларускі інстытут навукі і мастацтва Канады (БІНіМ) і Згуртаваньне беларусаў Канады выдалі кнігу Зіны Гімпелевіч «Biełarusian Fine Art: Time and Time Again» (аўтарка перакладае назоў сваёй кнігі як — «Беларускае выяўленчае мастацтва: зноў і зноў»).

Днямі прэзэнтацыя кнігі адбылася ў Атаве.

«Прафэсар з Кембрыджу „не знайшоў“ ніводнага беларускага мастака-мадэрніста»

— Чаму вы, аўтарка, сярод іншага, ангельскамоўнай манаграфіі пра творчасьць Васіля Быкава, вырашылі зьвярнуцца да тэмы беларускага выяўленчага мастацтва? Чым яна вас прывабіла?

— Па-першае, сапраўднай беларускай я зрабілася толькі ў Канадзе і дзякуючы «выхаваньню» перадапошняй хвалі эміграцыі. Сярод яе ёсьць значная колькасьць вельмі таленавітых мастакоў.

Але штуршок даў прафэсар, гісторык выяўленчага мастацтва з Кембрыджу С. А. Мансбах. Купіла ягоную вялізарную кнігу-альбом з рэпрадукцыямі мастацкіх твораў «Modern Art in Eastern Europe: From the Baltics to the Balkans, ca. 1890–1939» («Сучаснае мастацтва ва Ўсходняй Эўропе: Ад Балтыкі да Балканаў. 1890–1939»). Час, які прафэсар Мансбах прадставіў, уключае пэрыяд існаваньня Парыскай школы. Шмат хто зь яе прадстаўнікоў, якіх можна ўбачыць у кнізе, нарадзіліся ў гістарычнай Беларусі і ў поўным сэнсе слова сталі каранямі культуры Парыскай школы. Дык вось, калі разгарнула кнігу і пачала чытаць і глядзець ілюстрацыі з прыемным пачуцьцём, што зараз знайду шмат «сваіх» мастакоў, не знайшла ніводнага. І, зразумела, раззлавалася на аўтара.

Справа ў тым, што ён не адзін такі «разумны». Велізарная частка заходніх і расейскіх гісторыкаў мастацтва прыпісалі беларускіх мастакоў да расейскіх. Праўда, прафэсар Мансбах гэтага не зрабіў, таму што, паўтараю, «не знайшоў» ніводнага беларускага мастака-мадэрніста.

«Кожны з герояў маёй кнігі зьяўляецца для мяне падарункам Божым»

— «Biełarusian Fine Art: Time and Time Again» — першы такі грунтоўны расповед пра творчасьць беларускіх мастакоў, якія воляю лёсу жылі і тварылі за мяжой. Бальшыня зь іх не змагла і не магла трапіць на сваю радзіму ці радзіму продкаў. Але выглядае так, што і кніга пра іх цяпер мае сур’ёзныя перашкоды, каб трапіць да чытачоў у самой Беларусі. Таму просім вас крыху расказаць ім пра самыя яркія, нечаканыя і невядомыя факты пра вашых герояў.

— Я б з задавальненьнем, але маю ў кнізе амаль 150 мастакоў і кожны зь іх зьяўляецца для мяне падарункам Божым за свой талент, бачаньне сьвету, арыгінальную маляўнічую манэру самавыяўленьня, любоў да Радзімы, павагі да краіны нараджэньня і за тое, што яны былі і падаравалі і дораць нам сваю спадчыну.

Таксама, калі ласка, майце на ўвазе, што кніга ўключае шмат беларускіх мастакоў, якія пражылі жыцьцё ці жывуць цяпер на радзіме. Сярод іх такія розныя, як Савіцкі і «беларускі Далі» Георгій Скрыпнічэнка. Ён быў сябрам майго дзяцінства. Тады мне і ў галаву не прыходзіла, што ён стане сусьветна вядомым мастаком.

Кніжка пачынаецца зь біяграфіі Тамаша Макоўскага (мастака XVI стагодзьдзя) і канчаецца гісторыяй жыцьця і творчасьці Эльгі Паповай (1989 году нараджэньня). Абое для мяне — цудоўныя сюрпрызы (як і кожны іншы беларускі мастак). Давайце раскажу, як сустрэла Эльгу, якая, дарэчы, самавучка.

На прэзэнтацыі кнігі Зіны Гімпелевіч у Атаве
На прэзэнтацыі кнігі Зіны Гімпелевіч у Атаве

Пасьля аднаго зь міжнародных кангрэсаў славістаў я і дзьве мае сяброўкі з інстытуцкага часу, якія былі на маёй лекцыі, пайшлі «праветрыцца». Набрылі на выставу мастакоў, якая праходзіла на вуліцы, здаецца, за беларускім банкам. Ужо ня памятаю, які гэта быў год. Спачатку я спынілася, як укапаная, калі пачула, што дзяўчына-мастачка гаворыць і адказвае людзям па-беларуску. Потым прыгледзелася да яе казачна-фантастычных карцін, пагаварыла зь ёю і купіла адну. Маім сяброўкам, выхаваным на сацыялістычным рэалізьме, не спадабаліся ні карціны, ні мой выбар. Спрабавалі адгаварыць мяне, казалі, што «не павінна так кідацца грашамі» і назвалі «ўпартай дурніцай». Карацей, потым мы замірыліся і, як ні ў чым не бывала, пайшлі на каву. Карціна Эльгі з таго часу жыве ў маім доме і дапамагае мне ў штодзённых няпростых варунках. Сачу за творчасьцю аўтаркі па фэйсбуку.

Вядома, нам усім, хто пакінуў радзіму, цяпер немагчыма туды ехаць, але спадзяюся, што прыйдзе і наш час.

«Падзяліцца можам, але аддаваць сваё — не»

— Многія з герояў вашай кнігі ў сьвеце ўпісаныя ў кантэкст культураў іншых краінаў. Цяпер робяцца намаганьні, каб вярнуць іхныя імёны Беларусі. Як па-вашаму, ці апраўданыя гэтыя высілкі? Ці важна цяпер у гісторыі сусьветнага мастацтва, адкуль паходзілі і кім вызнавалі сябе Марк Шагал, Хаім Суцін, Марк Ротка, Казімір Малевіч і шмат хто яшчэ, каго ў Беларусі многія лічаць сваімі? І ці самі вы неяк уключаныя ў гэты працэс вяртаньня, так бы мовіць, сваіх да сваіх?

— Адна зь сябровак, якой не спадабаліся вобразы Эльгі, ёсьць шчырая адданая беларуска і вельмі праўдзівы чалавек. Яе родная мова, на якой гаварылі бацькі, — беларуская. Яе аксіёма: сваё трэба любіць і шанаваць. Я згодная зь ёю. Падзяліцца можам, але аддаваць сваё — не.

У першую чаргу гэта важна для нас, таму што гэта прамы адказ на тое, што «беларусы нічога ня маюць». Па-другое, мая місія — паказаць беларускую культуру ангельскамоўнаму сьвету. Няхай ведаюць, што беларусы ня лыкам шытыя.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла на прэзэнтацыі кнігі Зіны Гімпелевіч у Атаве
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла на прэзэнтацыі кнігі Зіны Гімпелевіч у Атаве

— Цяпер (ды і ня толькі цяпер) дэбатуецца: як у музэях, у манаграфіях, літаратуры, і гэтак далей, — трэба пазначаць краіну паходжаньня такіх мастакоў, як Шагал ці Суцін? Беларусьсю ці Расейскай імпэрыяй? Ці — неяк інакш?

— І Шагал, і Суцін самі на гэтае пытаньне адказалі. Калі ў Шагала пыталіся, адкуль ён, дык адразу выпальваў: «Зь Віцебску!», а Суцін— «Са Смалявічаў!». Наколькі ведаю, яны ніколі не гаварылі, што паходзяць з Расейскай імпэрыі. Я шмат напісала аб мастаках з «францускай школы». Многія зь іх ёсьць карэньні гэтай школы.

А вось і верш Шагала аб радзіме (пераклад Рыгора Барадуліна):

Мая радзіма ёсьць (жыве) у маёй душы,

Вы разумееце?

І каб зайсьці туды мне непатрэбна віза.

Калі мне дрэнна, яна адчувае гэта,

Кладзе ў ложак і ласкава абдымае,

Як рабіла мама.

Канешне, увесь сьвет хоча сабе прысвоіць нашыя таленты і, у нейкім сэнсе, мае на гэта добры густ і правы. Але падзяліцца можам, поўнасьцю аддаваць сваё не трэба, гэта сябе не паважаць.

Амаль кожны характар у кнізе выбіраўся па месцу нараджэньня ці сучаснай, ці гістарычнай Беларусі. Каб сьвет ведаў і ацаніў па праву нашых людзей і што яны падаравалі сьвету ў розных галінах, і, безумоўна, не ў апошні час — у мастацтве.

«Папрашу, каб сродкі пайшлі на дапамогу беларусам»

— У абвестцы аб продажы вашай кнігі мы прачыталі, што атрыманыя сродкі пойдуць на дапамогу Ўкраіне. Боль краіны, якая змагаецца супраць расейскай ваеннай агрэсіі, зразумелы кожнаму адэкватнаму чалавеку. Але і беларускія творцы моцна пацярпелі ад рэжыму Лукашэнкі. Многіх зь іх кінулі ў турмы, шмат хто змушаны выехаць з радзімы і неяк выжываць на чужыне. Каму дапамагаць — гэта асабістае рашэньне таго, хто дапамагае. І ўсё ж, калі можаце, патлумачце, калі ласка, свой выбар у гэтым выпадку.

— Я ёсьць толькі адзінкай беларускіх арганізацыяў у Канадзе. Управа БІНіМу і тыя, хто быў на прэзэнтацыі маёй кнігі ў Атаве, самі вырашалі, куды грошы пойдуць. Праўда, мяне спыталі, і я згадзілася, таму што ў цяперашнім моманце гэта добры палітычны жэст падтрымкі Ўкраіны і дружбы зь яе народам. Цяпер на захадзе менцяць языкамі, што Беларусь з Пуціным заадно. Але калі будуць сілы, БІНіМ зробіць такую ж імпрэзу, як у Атаве, яшчэ ў Манрэалі ці Таронта. Калі атрымаецца, папрашу, каб сродкі пайшлі на дапамогу беларусам. Спадзяюся, што згодзяцца: мы даволі дружная сямейка.

Зіна Гімпелевіч — знаная беларусістка, ганаровая (Emerita) прафэсарка Канадыйскага ўнівэрсытэту Ўотэрлу, былая, а цяпер ганаровая прэзыдэнтка Канадыйскай асацыяцыі славістаў, ганаровы сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, былая віцэ-прэзыдэнтка Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (МАБ), прэзыдэнтка Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Канадзе (2002–2017).

Нарадзілася ў Менску ў 1949 годзе. Эмігравала ў Канаду ў 1979-м зь першым мужам і дачкой. Сумесна з Івонкай Сурвілай і Паўлінай Сьміт-Пашкевіч арганізавала адну зь першых у сьвеце фундацыяў для дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі і шмат гадоў была першай віцэ-прэзыдэнткай фонду (CRFCVB). Аўтарка дзевяці манаграфій, у тым ліку пра творчасьць Васіля Быкава, 17 разьдзелаў у калектыўных акадэмічных выданьнях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG