Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія пілёты здолелі выехаць з Судану. Іх самалёт разьбілі падчас спробы вайсковага перавароту


Хартум падчас красавіцкіх баёў за ўладу
Хартум падчас красавіцкіх баёў за ўладу

Цяпер пілёты знаходзяцца ў Каіры, адкуль чакаюць рэйсу на Менск. Разам зь імі рэйс на Маскву чакаюць грамадзяне Расеі, якія таксама ў красавіку апынуліся ў Судане.

Пілёты самалёту «Ил-76ТД», які захрас у Хартуме праз спробу ўзброенага перавароту ў краіне, пакінулі Судан і цяпер знаходзяцца ў Эгіпце. Яны рыхтуюцца да палёту ў Менск. Пра гэта паведаміў генэральны консул Расеі ў Хургадзе Віктар Варапаеў.

Паводле яго, эгіпецкія ўлады дапамаглі шасьці беларусам і двум расейцам, якія працавалі па прыватных кантрактах, выехаць з Судану — ім выдалі ўязныя візы ў Эгіпет 27 красавіка.

Напярэдадні ўсе васьмёра патэлефанавалі ў расейскае генэральнае консульства ў Хургадзе па экстранай сувязі — яны расказалі, што прыбылі з Хартуму на суданска-эгіпецкі памежны пераход «Аркын», аднак эгіпецкія памежнікі не хацелі прапускаць мужчын на тэрыторыю краіны. Прычыну адмовы яны патлумачылі адсутнасьцю транспарту: суданскі кіроўца аўтобуса адмовіўся перасякаць мяжу.

Тады расейскае дыпляматычнае прадстаўніцтва зьвярнулася да ўладаў эгіпецкай правінцыі Чырвонае мора. У выніку грамадзянам Беларусі і Расеі прапусьцілі, далі візы, і яны адправіліся на аўтобусе ў Каір, адкуль зьбіраюцца вылецець у Менск і Маскву.

Самалёт, якім кіравалі беларусы, належаў грузавой кампаніі Belcanto Airlines. Падчас баёў яго моцна пашкодзілі. Сямёра членаў экіпажу паўмесяца заставаліся ў Хартуме, чакаючы вяртаньня на радзіму.

Узброенае супрацьстаяньне ў Судане адбываецца паміж рэгулярным войскам і ваенізаванай праўрадавай групоўкай «Сілы хуткай падтрымкі», якая не ўваходзіць у склад рэгулярнай арміі Судану і не падпарадкоўваецца яго Міністэрству абароны. У 2019 годзе яна падтрымала вайсковы пераварот, у выніку якога быў адхілены ад улады аўтарытарны прэзыдэнт Судану Амар аль-Башыр. У 2021 годзе арганізацыя, у якой каля 100 тысяч чалавек, падтрымала другі вайсковы пераварот, які адклаў перадачу ўлады цывільнай адміністрацыі.

Армія і цывільныя чыноўнікі патрабуюць, каб «Сілы хуткай падтрымкі» ўключылі ў склад Узброеных сіл. Перамовы аб гэтым павінны былі скончыцца да 1 красавіка, аднак заплянаванае падпісаньне пагадненьня перанесьлі на няпэўны тэрмін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG