У лютым налічвалася 4 млн 172,4 тысячы работнікаў, студзені — 4 млн 172,9 тысячы, у сьнежні 2022-га — 4 млн 189,6 тысячы.
Узровень занятасьці насельніцтва (адносіны колькасьці занятага насельніцтва да колькасьці насельніцтва ва ўзросьце 15–74 гадоў) у першым квартале склаў 66,3%, узровень беспрацоўя (у адпаведнасьці з мэтадалёгіяй Міжнароднай арганізацыі працы) — 3,6% ад колькасьці працоўнай сілы.
Беспрацоўнымі зьяўляліся 4,4% мужчын і 2,5% жанчын. У горадзе працы ня мела 3,3% насельніцтва ў працаздольным узросьце, у сельскай мясцовасьці — 4,3%.
Міністар працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч у этэры тэлеканала СТВ 2 красавіка прызнала скарачэньне колькасьці занятых у эканоміцы: «Назіраецца ... адмоўная дынаміка па занятых у эканоміцы. Мы скарачаемся».
Паводле яе, на гэта ўплываюць два фактары — дэмаграфічны і эканамічны.
«З улікам усё ж той нэгатыўнай санкцыйнай палітыкі, якая праходзіць цяпер у Беларусі, бізнэс стаў актыўна аптымізаваць свае працэсы. І гэта нармальна. Кожны лічыць сваю заробленую капейчыну, але нейкіх глябальных, сур’ёзных праблем на рынку працы няма», — мяркуе міністар.
У 2022 годзе ўзровень занятасьці склаў 67,7 працэнта, беспрацоўя — 3,6 працэнта (паводле мэтадалёгіі МАП; іншая мэтадалёгія падліку, якую выкарыстоўвае Мінпрацы, дае паказчык беспрацоўя на ўзроўні 0,1 працэнта: улічваюцца толькі тыя, хто атрымаў афіцыйны статус беспрацоўнага).