Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі сьлед. Хто атрымаў кантроль над папулярнымі рэгіянальнымі суполкамі «ВКонтакте»?


Каляж
Каляж

У сакавіку 2023 году некаторыя папулярныя беларускія суполкі «ВКонтакте» перасталі існаваць. На іх месцы зьявіліся новыя, аб’яднаныя брэндам «Главное».

Было «Это Гомель, детка!» — стала «Гомель. Главное!»

Сярод беларускіх рэгіянальных суполак расейскай сацсеткі «ВКонтакте» некаторыя мелі больш за 100 тысяч падпісчыкаў. Бадай, самай папулярнай суполкай у Гомлі быў паблік «Это Гомель, детка!». У 2020 годзе, адразу пасьля выбараў, яго адміністрацыя дазваляла сабе допісы ў падтрымку пратэстоўцаў, а таксама з крытыкай міліцыі і ўлады. Пасьля рыторыка суполкі зьмянілася на «нэўтральную». Паблік пісаў пра побытавыя рэчы, лякальныя праблемы — разьбітыя дарогі, вуліцы без асьвятленьня, крымінальныя здарэньні. Часам там зьяўляліся адкрыта праўладныя допісы.

Апроч «Это Гомель, детка!» папулярнымі суполкамі ў Гомлі зьяўляюцца «Сильные новости» (больш за 129 тысяч падпісчыкаў) і «Гомель Сейчас» (больш за 109 тысяч удзельнікаў).

«Гомель Сейчас» неўзабаве пасьля пачатку паўнавартаснага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну пераключыўся на расейскі парадак дня. Суполка прасоўвае расейскія наратывы, апраўдвае вайну ва Ўкраіне, ганіць «калектыўны Захад», піша ці перадрукоўвае абразьлівыя допісы пра «змагароў».

У сярэдзіне сакавіка падпісчыкі пабліку «Это Гомель, детка!» заўважылі, што яны ўваходзяць ужо ў іншую супольнасьць, якая называецца «Гомель. Главное!». 136 тысяч падпісчыкаў адначасова перайшлі да новага ўласьніка.

Як расказаў Свабодзе адзін з былых адміністратараў суполкі «Это Гомель, детка!» на ўмовах ананімнасьці, пабліку ў ранейшым выглядзе больш не існуе.

«Мне шкада. У групы быў уласьнік, ён яе прадаў. Новы ўласьнік звольніў усіх рэдактараў і адміністратараў. Цяпер ці ён сам усё робіць ці сваіх людзей падцягнуў», — патлумачыў адзін з былых адміністратараў.

Рука «Москва. Главное» дацягнулася да «Типичного Жлобина»?

Адначасова з «Гомель. Главное!» у «ВК» зьявіліся аналягічныя, аднолькава аформленыя суполкі «Витебск. Главное», «Могилев. Главное!», «Орша. Главное!» і іншыя. Падрабязная гісторыя на сайце суполкі паказвае, што створаны яны былі ў розны час — у 2012, 2014 годзе і пазьней. А «Главным» сталі ўсе амаль адначасова — у сярэдзіне сакавіка 2023 году.

Суполкі гэтага брэнду «Москва. Главное!» і «Санкт-Петербург. Главное!» з сотнямі тысяч падпісчыкаў і аналягічным афармленьнем дзейнічаюць у Расеі. Паблік «Москва. Главное!» быў створаны ў 2021 годзе. Аналягічную групу з Санкт-Пецярбургу стварылі ў 2018 годзе, але назву «Главное» яна атрымала толькі ў студзені 2023 году.

Тэматыка ўсіх суполак «Главное» аднолькавая, нэўтральная. Зранку тут пішуць «Добрага ранку, Жлобін» (Гомель, Магілёў, Віцебск) і ставяць выяву райцэнтру. Потым ідуць навіны кшталту «У гэты дзень нарадзіліся», далей — агульнабеларускія навіны, кшталту «Лукашэнка ўзяў удзел у Вялікадні», і лякальныя навіны пра ямы, паркоўкі, школы.

Суполка «Типичный Жлобин» была створаная ў 2012 годзе. У 2023-м яна займела назву «Жлобин. Главное». Паблік налічвае 38 тысяч удзельнікаў. Многія зь іх пасьля пераходу групы пад новае кіраўніцтва сталі «нешта падазраваць». Пад допісамі ў пабліку зьяўляюцца незадаволеныя камэнтатары.

«Гэта жлобінская суполка, чаму тут допісы пра Гомель?», «Вам што, больш пісаць няма чаго?». Суполка, друкуючы навіны, ніколі ня робіць спасылак на іншыя рэсурсы. Гэта абурыла нават мясцовую раённую газэту «Новы дзень». Ад імя выданьня пад навіной пра паводку зьявіўся камэнтар: «Калі бярэцца тэкст з сайту газэты „Новы дзень“, то хоць указвайце, адкуль узялі, майце сумленьне!». Прапанова засталася без адказу. Іншыя камэнтатары расчаравана заўважылі: «Ды і здымкі тут ня жлобінскія», «Нават здымак з Расеі». Іншыя падпісчыкі расчараваліся паблікам, патрабуюць «Вярніце наш „Типичный“!» і пагражаюць адпісацца ад суполкі.

«Усе ад пачатку посьцяць нэўтральны кантэнт, каб набраць падпісчыкаў»

На ўмовах ананімнасьці Свабода пагутарыла з адным з адміністратараў гомельскай суполкі «ВК», якая мае каля 50 тысяч падпісчыкаў. Максім (імя зьмененае) таксама заўважыў зьнікненьне суполкі «Это Гомель, детка!» і зьяўленьне на яе месцы новай.

«Цікава, што новыя ўласьнікі зачысьцілі ўвесь кантэнт, які быў дагэтуль у пабліку. Гэта ж была доўгая гісторыя, з 2012 году. Адчуваньне, што гэта цалкам новая суполка. Але гэта ня так. З пункту гледжаньня адміністрацыі „ВК“ ня так проста легальна зьмяніць назвы суполак. І ў гэтым выпадку відаць, што на нашы „палеткі“ прыйшоў сур’ёзны гулец. Прычым ягоныя дзеяньні, хутчэй за ўсё, узгадняліся з адміністрацыяй „ВК“. Бо за парушэньні правілаў там жорстка баняць», — разважае Максім.

Суразмоўца кажа, што тэарэтычна суполку можна перадаць, прадаць іншаму ўласьніку.

«Пры ўмове адміністрацыі „ВК“, што нельга зьмяняць тэматыку суполкі, назву і іншае», — дадае адміністратар аднаго з паблікаў.

Наконт нібыта нэўтральнага кантэнту пабліку суразмоўца тлумачыць, што так робяць усе, хто пачынае весці паблікі, разьлічаныя на спажыўцоў з пэўнай мясцовасьці.

«Многія суполкі, якія пішуць пра палітыку, у свой час стартавалі менавіта з нэўтральнага кантэнту. Таму што, калі пачнеш адразу пісаць тэндэнцыйныя рэчы, то людзі адпішуцца, ня будуць чытаць, і „ВК“ будзе расцэньваць цябе як „нецікавую групу“. Каб чыталі, камэнтавалі, ставілі падабайкі, патрэбна тое, што хвалюе людзей, забаўляльны кантэнт, лякальны. Тады і „ВК“ будзе ставіцца ляяльна і прапаноўваць іншым тваю суполку», — кажа Максім.

Ён лічыць, што, пачаўшы з нэўтральнага кантэнту і набраўшы аўдыторыю, можна «ў час X» пачаць «гнаць сваю хвалю», карыстаючыся папулярнасьцю суполкі. Па словах суразмоўцы, ён таксама сутыкаўся з прапановамі прадаць суполку. У 2018 годзе яму паступіла такая прапанова.

«Цана была — прыкладна тысяча даляраў за суполку з 20 тысячамі падпісчыкаў. Але гэта не канчатковая цана, можна яе скідаць. За маю з 50 тысячамі падпісчыкаў прапаноўвалі 2 тысячы даляраў, але я вырашыў не прадаваць. За рэкляму ў суполцы я магу мець каля 500 даляраў штомесяц, які сэнс мне яе прадаваць? Таму мне і дзіўна, што ўласьнікі суполак «ВК», пра якія мы гаворым, прадалі іх. Дапускаю, што, можа, і не прадалі. Можа, суполкі проста «адціснулі», — разважае Максім.


Суразмоўца дадаў, што нацыянальна арыентаваных суполак «ВК» робіцца ўсё менш і менш, з аб’ектыўных прычын.

«Ну будзеш пісаць нешта „экстрэмісцкае“ — тут жа ГУБАЗіК прыйдзе. Таму як сэнс?» — кажа адміністратар.

Такія выпадкі ў Беларусі ўжо здараліся. Адміністратара суполкі «За адзіную дзяржаўную мову Беларусі!» Уладзіміра Буцькаўца пасадзілі ў калёнію на 3 гады. Суполку афіцыйна прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а Ўладзіміра пакаралі за яе адміністраваньне.

«Пэўныя наратывы лепш прасоўваць праз сацыяльныя сеткі, а не традыцыйныя СМІ»

Мэдыяэскперт Паўлюк Быкоўскі лічыць, што «пэўныя наратывы лепш прасоўваць праз сацыяльныя сеткі, а не традыцыйныя мэдыя», бо ў СМІ горшая дыстрыбуцыя.

«Калі ставіцца пэўная задача, то на пляцоўках актыўных суполак, блогераў прасьцей зрабіць патрэбны „пасеў“. Спачатку ствараюцца пляцоўкі, цікавыя для людзей. Там ёсьць інфармацыя, якая адклікаецца на боль і патрэбы людзей. Пакрысе ў размову адміністратары, блогеры падмешваюць тое, што хочуць прапанаваць. Гэта распаўсюджаная тактыка ў маркетынгу — як эканамічным, так і палітычным», — кажа экспэрт.

Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

Ён лічыць, што групы, суполкі ў сацыяльных сетках складана адсочваць.

«На момант 2019-га — пачатку 2020 году, калі ў Менску былі адносна кепскія адносіны з Масквой, мы налічылі каля сарака сайтаў у Менску і рэгіёнах, якія можна было падазраваць у сувязях з расейскай амбасадай ці „Россотрудничеством“. Гэта была цэлая сетка, дырыгаваная з аднаго месца. У выпадку з групамі, суполкамі ў сацыяльных сетках адсочваць цяжэй. Але можна сказаць, што тое, што выказваецца ў пэўных групах, пэўнымі блогерамі — гэта ня проста іхная пазыцыя, а асэнсаваная і каардынаваная праца. Прарасейская прысутнасьць у беларускім сэгмэнце працуе цяпер на ідэалягічнае абгрунтаваньне вайны Расеі супраць Украіны», — кажа Паўлюк Быкоўскі.

Сацыяльная сетка «ВКонтакте» пачала працаваць у 2006 годзе як прыватная расейская кампанія, адным зь яе заснавальнікаў быў Павел Дураў, які пазьней стаў стваральнікам мэсэнджара Telegram. У канцы 2014 году Дураў прадаў сваю частку акцый сацсеткі, яна перайшла пад кантроль Mail.ru Group. Цяпер «ВКонтакте» зьяўляецца часткай расейскага холдынгу VK, які таксама кантралюе «Одноклассники», «Мой мир» і паштовы сэрвіс Mail.ru. Холдынг VK кантралюецца расейскімі ўладамі, якія блякуюць крытычныя ім старонкі.

У 2021 годзе сайт «ВКонтакте» vk.com стаў трэцім па наведвальнасьці ў Беларусі, саступіўшы толькі google.com і youtube.com. Сёлета на запыт беларускіх уладаў на тэрыторыі Беларусі «ВКонтакте» заблякавала старонкі Радыё Свабода і шэрагу іншых незалежных мэдыя, праваабарончых арганізацый і недзяржаўных ініцыятыў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG