Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дынастыя прапагандыстаў, супраца з «Русью молодой», партнэр-камуніст. Хто такая Дыяна Шыбкоўская зь «Мінскай праўды»


Каляж. Прапагандыстка «Мінскай праўды» Дыяна Шыбкоўская
Каляж. Прапагандыстка «Мінскай праўды» Дыяна Шыбкоўская

Газэта «Мінская праўда» да апошняга часу была малазаўважная ў шэрагу іншай дзяржаўнай прэсы. Пісала пра жыцьцё ў Менскай вобласьці: пасяўная, надоі, лён-даўгунец.

Сытуацыя карэнным чынам зьмянілася ў 2020 годзе, калі галоўнай рэдактаркай выданьня стала Ларыса Коршук, якая да гэтага працавала ў койданаўскай раёнцы «Ўзвышша».

Коршун адразу паспрабавала пераўтварыць «Мінскую праўду» ў яркі таблоід. Нічога іншага, як здабываць сабе папулярнасьць на цкаваньні апазыцыі, беларускай мовы, нацыянальных сымбаляў і гістарычных постацяў, у газэце не прыдумалі. «Мінская праўда» атрымала вядомасьць дзякуючы крынжовым карыкатурам на першай старонцы за аўтарствам віцьбіча Антона Астроўскага.

Напрыклад, Астроўскі маляваў Бабарыку і Цапкалу ў выглядзе расейскага двухгаловага арла, калі адносіны з Расеяй перад выбарамі 2020 году былі ня самыя бясхмарныя. Людзей, якія выходзілі на пратэст, паказвалі як пацукоў, сьвіней, прастытутак ці прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці.

Скандальным стаў выпадак, калі на першай старонцы выданьня былі намаляваныя ксяндзы са свастыкамі. Тагачасны міністар замежных спраў Уладзімер Макей у выніку нават мусіў апраўдвацца перад папскім нунцыем.

Газэта жыве ня толькі карцінкамі, але і тэкстамі. Адна з найбольш заўважных прапагандыстак выданьня — Дыяна Шыбкоўская. Свабода расказвае, што пра яе вядома.

Бацька таксама бараніў Лукашэнку

Дыяне Шыбкоўскай 42 гады. У інтэрвію яна падкрэсьлівае, што нарадзілася 31 траўня, у Міжнародны дзень бляндынак. Шыбкоўская родам зь Менску, скончыла журфак БДУ.

Бацька Дыяны Шыбкоўскай — вядомы ў 1990-я прапагандыст Юры Дудзінаў. У свой час ён папрацаваў на БТ, а таксама вёў на дзяржаўным радыё перадачу «Размова па сутнасьці» зь Нінай Чайкай.

«Ёсьць два-тры журналісты — Аляксандар Зімоўскі на тэлебачаньні, Ніна Чайка і Юры Дудзінаў на радыё, — якія яшчэ спрабуюць адстойваць і тлумачыць народу палітыку Лукашэнкі», — пісала ў 2001 годзе расейскае выданьне «Завтра» (рэдактар — сталініст Аляксандар Праханаў).

Карані сям’і Шыбкоўскіх — з Расеі. Пра гэта Дыяна расказвала ў адным з інтэрвію. «Любімы расейскі горад — гэта Курск, сяло Стралецкае, дзе нарадзіліся і пахаваныя многія з маіх продкаў, там да гэтай пары жывуць мае сваякі. Люблю Маскву за тое, што гэты горад падараваў мне незабыўную сустрэчу і вялікае каханьне, якое накіравала маё жыцьцё па новым курсе. Люблю Піцер — тут жывуць мае сябры дзяцінства. Я люблю Расею, хоць і нарадзілася на беларускай зямлі. Гэтак жа, як і Беларусь, я лічу Расею сваёй Радзімай. Для мяне такое натуральна, як для дзіцяці мець дваіх бацькоў» (http://www.dal.by/news/2/12-02-14-12/).

«Румол» і георгіеўскія стужкі

Прапагандыстка працавала на інфармацыйнае агенцтва «Интерфакс-Запад», газэту «7 дней», расейскі сайт «Спутник».

«Мне падабаецца быць актыўнай, занятай і рашаць мноства пытаньняў. Я шчасьлівая, калі раблю нешта важнае, сацыяльна карыснае, калі дазнаюся нешта новае», — пісала яна пра сябе ў газэце «7 дней», якую выдае дзяржаўнае агенцтва БелТА. Шыбкоўская прызнавалася, што хацела пісаць пра палітыку, але рэдактар ня даў з фармулёўкай: «Ты ж бляндынка». Таму і даводзілася пісаць пра культуру і сацыялку.

Цягу да палітычнай публіцыстыкі Дыяна Шыбкоўская задавальняла публікацыямі на сайце беларускага аддзяленьня арганізацыі «Русь молодая» (Румол). У прыватнасьці, там яна пісала пра тое, як беларускія апазыцыянэры рыхтуюцца ва Ўкраіне да паўтарэньня Майдану, пра беларусаў, якія заваёўвалі мэдалі па расейскіх шашках, пра сытуацыі ў Сэрбіі і Армэніі.

Шыбкоўская і сама брала актыўны ўдзел у жыцьці арганізацыі «Румол». 9 траўня 2015 году яна піша: «Раздалі з „Русью молодой“ георгіеўскія стужкі каля ГУМу. Народ навальваўся з усіх бакоў. 400 стужак раздалі за 20 хвілін». Засталіся фатаздымкі, дзе Шыбкоўская разам зь іншымі актывістамі «Румолу» пазіруе пасьля спаборніцтваў па «рускаму жыму». Сярод тых, хто засьвяціўся на фота, ёсьць Канстанцін Бурыкін, вядомы як «бацюшка з свастыкай». Лідэр арганізацыі «Румол» Сяргей Лушч стаў вядомы, сярод іншага, тым, што доўгі час быў прыхільнікам нэапаганскай і неэнацысцкай сэкты «Схрон Еж Славен».

Потым адначасова з працай у выданьні «7 дней» Шыбкоўская пачала пісаць для расейскіх сайтаў «Imhoclub» — беларускай часткай там тады займаўся прарасейскі публіцыст Аляксей Дзермант, — а таксама «Евразия.Эксперт». У гэты час выкладала сумесныя здымкі з адным з ідэолягаў «русского мира» Мікалаем Старыкавым.

«Пашпарт Гомельскай вобласьці» і Армэнія

Калі ў 2014 годзе пачаліся падзеі ва Ўкраіне, Шыбкоўская на сваіх старонках у сацыяльных сетках актыўна падтрымлівала прарасейскіх баевікоў у Данецку і Луганску. У верасьні 2014 году яна выклала здымак з «пашпартамі Гомельскай вобласьці» і подпісам: «Як вам?».

У сацсетцы «ЎКантакце» Шыбкоўская актыўна рэпосьціла з такіх рэсурсаў, як «Украины больше нет», «Новости ополчения Новороссии», «Мы патриоты Белой Руси».

Ад траўня 2016 году Дыяна Шыбкоўская стала галоўным рэдактарам у выданьні армянскай дыяспары Беларусі «Міясін». Пры гэтым ніякіх армянскіх каранёў яна ня мае. Журналістка кажа, што аднойчы прыйшла на курсы армянскай мовы для дарослых, дзе пазнаёмілася зь людзьмі, якія ў будучыні і прапануюць узначаліць выданьне. У адным з раньніх інтэрвію Дыяна Шыбкоўская казала, што ў будучыні марыць стаць экспэртам у тэме краін Каўказу, але пакуль да гэтай мэты не наблізілася.

«Прысуд Семчанку заслужаны»

У «Мінскай праўдзе» Шыбкоўская змагла пісаць пра палітыку ў сваім разуменьні. Цяпер яна актыўна публікуе тэксты пра завочныя суды над апазыцыйнымі палітыкамі — такімі, як Сьвятлана Ціханоўская, Валер Цапкала, Павал Латушка. Наведвае і суды над палітзьняволенымі, была на агучваньні прысуду Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай з Tut.by.

«Прысуд заслужаны. Увогуле беларускія суды выносяць аб’ектыўныя рашэньні», — сказала Шыбкоўская аб прысудзе былому журналісту АНТ Дзьмітрыю Семчанку, які раней быў кіраўніком лукашэнкаўскага пулу журналістаў. Сама Шыбкоўская да пулу далучылася нядаўна і асьвятляе толькі візыты Лукашэнкі ў Менскую вобласьць.

Вось цытата зь яе артыкула «Палітычны паўраспад апазыцыі. Куды зьніклі змагары зямлі беларускай?»: «У мяне была магчымасьць разгледзець Андрэя Дзьмітрыева як сьлед. І я чыста па-жаночаму зьвярнула ўвагу, як неахайна ён быў апрануты. Катышкі на замытай байцы, ірваны заплечнік, зь якім сорамна зьяўляцца на публіцы любому грамадзкаму дзеячу. Калі праз пару гадоў я ўбачыла Дзьмітрыева ў ліку кандыдатаў у прэзыдэнты, у думках усплыў той вобраз з драным заплечнікам на плячы. Як алегорыя таго, у што можа ператварыцца мая Беларусь, калі да ўлады прыйдзе палітык, які і за сабой ня здольны даглядаць і элемэнтарна ня можа прывесьці сябе ў парадак».

Ня так даўно Дыяна Шыбкоўская паспрабавала сябе ў ролі ютуб-блогера. Яна спадзявалася пачаць сэрыю гутарак пад назвай «ЗаШИБись». Першым госьцем стаў вядучы СТВ Рыгор Азаронак. Сама Шыбкоўская сказала, што добра сябравалі яшчэ іх бацькі, а цяпер сябруюць і яны самі. Відэа правісела на ютубе ўсяго некалькі дзён, а потым зьнікла праз парушэньне стандартаў плятформы.

У сужыцельстве з Андрэем Лазуткіным

Што тычыцца асабістага жыцьця, то ня так даўно ў эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» у праграме «Скажинемолчи» прагучала, што «грамадзянскі муж» Шыбкоўскай — праўладны палітоляг, былы супрацоўнік Міністэрства адукацыі 31-гадовы Андрэй Лазуткін. Сумесныя фатаздымкі з Лазуткіным Шыбкоўская пастаянна публікуе на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Лазуткін — сябра Камуністычнай партыі Беларусі, вядомы сваімі выказваньні з адмаўленьнем таго, што ў Курапатах людзей расстрэльвалі савецкія ўлады. Таксама ён аўтар некалькіх расейскамоўных кніг прозы, выданьню першых кніг Лазуткіна спрыяў у тым ліку ліквідаваны цяпер ўладамі Беларускі ПЭН-Цэнтар.

Ад першага шлюбу ў Дыяны Шыбкоўскай ёсьць 18-гадовая дачка Мілана. Цяпер яна студэнтка Тэхналягічнага каледжу. Дзяўчына навучалася ў Нацыянальнай школе прыгажосьці. Працавала мадэлькай на многіх дзяржаўных мерапрыемствах. «Нядаўна яна мне заявіла, што таксама камуністка», — казала Шыбкоўская пра дачку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG