«Наша Ніва» паведамляе, што з гарадзенскай турмы вызвалілі Юрася Меляшкевіча.
Меляшкевіч праходзіць па справе «Маёнтка Падароск» – ініцыятывы па аднаўленьні старой сядзібы пад Ваўкавыскам, якую фінансаваў бізнэсовец і мэцэнат беларускага паходжаньня Павал Падкарытаў.
Разам зь Меляшкевічам па справе праходзяць фінансавы дырэктар маёнтка Зьміцер Карабач і супрацоўнік фонду «Вяртаньне» Сяргей Макарэвіч. Аб вызваленьні Макарэвіча пад паруку стала вядома раней, 12 красавіка.
Меляшкевіча затрымалі ў Ваўкавыску ў кастрычніку летась. Сябры кажуць, што яго вызвалілі пад паруку бацькоў.
Дырэктару ПТУП «Маёнтак Падароск» Юрасю Меляшкевічу і фінансаваму дырэктару Зьмітру Карабачу выставілі абвінавачаньне ў нясплаце падаткаў і страхавых унёскаў з заробкаў работнікаў амаль на 400 000 рублёў.
Юрась Меляшкевіч займаўся грамадзка-палітычнай дзейнасьцю ад 1999 году. З 2004 сябра Партыі БНФ, быў сакратаром партыйнай камісіі ў пытаньнях экалёгіі і наступстваў катастрофы на ЧАЭС і камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Сын Віктара Рыгоравіча Меляшкевіча, аднаго з вэтэранаў Беларускага Народнага Фронту ад часоў заснаваньня руху.
Юры Меляшкевіч быў намесьнікам старшыні грамадзкай арганізацыі «БНФ «Адраджэнне», актывістам руху «За Свабоду!». У апошні час быў намесьнікам старшыні «Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры». Падчас зачысткі грамадзянскай супольнасьці арганізацыю ліквідаваў Вярхоўны суд.