У Менску за ўдзел у акцыях пратэсту асудзілі архітэктарку
Жыхарку Менску Валерыю Сокал абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу). Справу разглядала судзьдзя Юльяна Шчэрба.
25-гадовую архітэктарку Валерыю Сокал затрымалі 16 сьнежня 2022 году. Да суду яна знаходзілася пад вартай у СІЗА №1 Менску.
Па матэрыялах абвінавачваньня, Валерыя Сокал 16 жніўня 2020 году ўзяла ўдзел у акцыі пратэсту ў цэнтры Менску.
Суд прызначыў ёй пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі тэрмінам на 2 гады і 6 месяцаў без накіраваньня ў ПУАТ («хатнюю хімію»). Яе вызвалілі з пад варты ў залі суду.
17 сакавіка 2023 году дзяўчыну ўнесьлі ў пералік грамадзян, якія нібыта маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці.
Дырэктарку «Слаўцэнтру» Ірыну Зімневу аштрафавалі на 20 базавых велічыняў, але не адпусьцілі
Праваабаронцам стала вядома, што 13 красавіка ў судзе Маскоўскага раёну судзьдзя Тацяна Мотыль прызначыла Ірыне Зімневай штраф — 20 базавых велічыняў (740 рублёў) паводле арт. 19.1 КаАП («Хуліганства»).
Пасяджэньне праходзіла анлайн, Ірыне ставілі ў віну, нібыта яна «лаялася на міліцыянтаў». Справу разглядалі два дні: пасьля таго, як Мотыль заслухала Ірыну і яе абаронцу, судзьдзя абвесьціла перапынак да наступнай раніцы.
Раніцай 13 красавіка прайшлі вобшукі ва ўсіх офісах «Слаўцэнтру», па выніках якіх вынулі тэхніку. Затрымалі таксама мужа Ірыны Аляксея — ён дагэтуль знаходзіцца ў РАУС. Саму Зімневу пасьля штрафу таксама не адпусьцілі, дакладна не вядома, дзе яна цяпер знаходзіцца. Таксама невядома, ці гэта затрыманьне паводле новай справы, ці іншая працэдура.
Дома ў сямейнай пары застаюцца дзьве непаўнагадовыя дачкі.
Затрыманьне былога супрацоўніка БДПУ
«Наша Ніва» з спасылкай на тэлеграм-каналы сілавікоў паведамляе пра затрыманьне псыхоляга і былога супрацоўніка БДПУ 38-гадовага Сяргея Іванцова.
Сяргей — выпускнік Ліцэю БДУ 2002 году, пасьля паступіў на біяфак БДУ. Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у Нацыянальнай акадэміі навук, а таксама як мэдычны прадстаўнік некалькіх фармацэўтычных кампаній.
Таксама Іванцоў — дырэктар кампаніі «Дэ Візу», якая займаецца маркетынгавымі дасьледаваньнямі ў фармакалёгіі і вучыць гэтаму іншых. Яна ўваходзіць у ESOMAR, адну з найбуйнейшых сусьветных супольнасьцяў дасьледчыкаў. 5 гадоў таму Сяргей паступіў у асьпірантуру Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту і працаваў ва ўнівэрсытэце.
Таксама Іванцоў — практыкуючы псыхоляг, прыхільнік і папулярызатар энэаграмы (пэўнай канцэпцыі тыпаў асоб). Быў сэртыфікаваным трэнэрам энэаграмы і бізнэс-трэнэрам асацыяцыі ICTA.
Як паведамляе канал, зьвязаны зь сілавікамі, яго затрымалі за тое, што ён нібыта пісаў камэнтары ў чат-бот канала «Беларусь галаўнога мозгу». Паведамляецца, што ён цяпер у СІЗА і супраць яго завялі крымінальную справу паводле двух артыкулаў (якіх, не ўдакладняецца).
Шматдзетнаму бацьку з Баранавічаў, асуджанаму за камэнтар, замянілі «хатнюю хімію» на тэрмін у калёніі
12 красавіка ў баранавіцкім судзе разглядалі справу «аб замене абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу» ў дачыненьні да палітвязьня Антона Кавалёва. Працэс вяла судзьдзя Іна Паўлоўская, якая ў 2021 годзе прысудзіла Антону 2 гады «хатняй хіміі» за інтэрнэт-камэнтар пра менскага амапаўца, паведамляе «Вясна».
Вядома, што Кавалёву заставалася адбыць каля 8 месяцаў «хатняй хіміі». Аднак, нібыта з прычыны «парушэньняў умоваў адбываньня пакараньня», яму ўзмацнілі пакараньне і прысудзілі 4 месяцы калёніі. Кавалёва ўзялі пад варту пасьля суду.