Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 12 красавіка: затрымалі дырэктарку Цэнтру славянскіх моваў і культураў; сына Лябедзькі зноў асудзілі

абноўлена

Ірына Зімнева
Ірына Зімнева

Сілавікі працягваюць «чысткі» ва ўстановах адукацыі і палітычны перасьлед грамадзян.

Затрыманьне дырэктаркі «Слаўцэнтру»

Праваабаронцам стала вядома пра затрыманьне дырэктаркі Цэнтру славянскіх моваў і культураў «Слаўцэнтар» Ірыны Зімневай.

Таксама затрымалі дзьвюх яе намесьніц: іх адпусьцілі пасьля допыту. Падчас ператрусу ў галоўным офісе вынялі ўсе кампутары.

Зімневу будуць судзіць паводле арт. 19.1 КаАП («Хуліганства»), бо знайшлі ў тэлефоне выявы ў бел-чырвона-белых колерах, а таксама малюнак з тэкстам «Перамагай зло дабром». Справу будзе разглядаць судзьдзя Тацяна Мотыль (суд Маскоўскага раёну Менску).

Пакуль галоўны офіс «Слаўцэнтру» зачынены, супрацоўнікі працягваюць працаваць.

Ірына — маці дзьвюх непаўналетніх дзяўчат.

«Слаўцэнтар» займаецца арганізацыяй курсаў польскай мовы, а таксама дае кансультацыі па атрыманьні карты паляка і паступленьні ў польскія ВНУ.

Жыхару Воршы далі 2 гады калёніі за здымкі расейскай вайсковай тэхнікі на вакзале

Судзьдзя Віцебскага абласнога суду Галіна Бондал вынесла прысуд 27-гадоваму жыхару Воршы, палітвязьню Яраславу Казакевічу, абвінавачанаму ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, паведамляе «Віцебская Вясна».

Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны а 8-й гадзіне 8 сьнежня 2022 году на чыгуначным вакзале станцыі Ворша-Цэнтральная зьняў на мабільны тэлефон відэа, на якім быў зафіксаваны эшалён з расейскай вайсковай тэхнікай, і нібыта пераслаў відэа ў тэлеграм-канал, «інфармацыйная прадукцыя якога раней была прызнаная судом экстрэмісцкімі матэрыяламі».

На наступны дзень, 9 сьнежня, Яраслава затрымалі і арыштавалі на 15 дзён за «выраб і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). На волю ён больш ня выйшаў.

У выніку Яраславу Казакевічу прысудзілі пакараньне ў выглядзе 2 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Сына палітыка Лябедзькі ня вызвалілі пасьля 15 содняў арышту

Арцёма Лябедзьку ня выпусьцілі на волю пасьля 15 содняў арышту. Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміў ягоны бацька Анатоль Лябедзька, былы старшыня АГП, а цяпер прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і супрацы з парлямэнцкай супольнасьцю.

Паводле Анатоля Лябедзькі, прайшоў яшчэ адзін суд над Арцёмам, «такі ж агідны і мярзотны, як і папярэдні», у выніку якога Арцёму прысудзілі яшчэ 15 дзён адміністрацыйнага арышту. Паводле якога артыкула Арцёма Лябедзьку абвінавачваюць гэтым разам, палітык не ўдакладніў.

Арцёма Лябедзьку затрымалі 28 сакавіка і прысудзілі яму 15 дзён адміністрацыйнага арышту. Паводле абвінавачаньня, Арцём Лябедзька нібыта стаяў каля міліцыянтаў і нецэнзурна лаяўся.

У Магілёве сілавікі пасярод уроку затрымалі настаўніцу

Паводле інфармацыі праваабаронцаў з Mayday.team, 12 красавіка ў сярэдняй школе № 43 Магілёва проста пасярод уроку затрымалі адну з настаўніц. Яе імя пакуль не раскрываецца.

Вядома, што пасьля затрыманьня жанчыну адвезьлі ў мясцовы аддзел КДБ, дзе дапыталі, паводле папярэдняй інфармацыі, наконт падпісанага ёю ў 2020 годзе ліста супраць міліцэйскага гвалту, а таксама запісалі відэа зь яе ўдзелам.

На гэты момант жанчына на волі.

Затрымалі тату-майстра Ільлю Акішава. Яму закідаюць удзел у пратэстах і стварэньне антываенных татуіровак

Ільлю Акішаву 24 гады. Ён родам з аграгарадка Занарач, што ў Мядзельскім раёне Менскай вобласьці. Ільля вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на спэцыяльнасьці «Дызайн віртуальнага асяродзьдзя». У апошнія гады ён прафэсійна займаецца стварэньнем татуіровак, паведамляе «Наша Ніва».

У відэа ГУБАЗіК хлопец кажа, што некалькі разоў паўдзельнічаў у пратэстах у 2020 годзе, а таксама нанёс некалькі антываенных татуіровак. У відэа дэманструюцца татуіроўкі з тэкстам «Рускі ваенны карабель, ідзі на***».

Палітзьняволеную Рэгіну Лавор забрала з дому міліцыя падчас адбываньня «хатняй хіміі»

Рамесьніцу Рэгіну Лавор, якую асудзілі на два гады «хатняй хіміі» за абразу прадстаўніка ўлады, павезьлі з дому сілавікі для тлумачэньняў, бо яна быццам не адчыніла дзьверы дому падчас праверкі 8 красавіка, паведамляе «Вясна».

Па яе асабіста прыехаў начальнік мясцовага ізалятара. Таксама затрымліваць Рэгіну прыехаў участковы інспэктар Івейскага РАУСа, капітан міліцыі Аляксандар Стубеда.

За сакавік 2022 году да Рэгіны Лавор больш як 25 разоў прыходзілі з праверкай, чацьвёрты месяц яна ня можа атрымаць дазвол, каб выехаць у Ліду і набыць матэрыялы для рамесьніцтва — фактычна, Рэгіна ня можа працаваць. Ёй забаранілі наведваць касьцёл і нават карыстацца прыбіральняй на вуліцы. На ўсе звароты ў РАУС, МУС жанчына атрымлівае адпіскі.

У Сьветлагорску затрымалі мясцовага жыхара за «экстрэмізм»

У Сьветлагорску затрымалі мясцовага жыхара Андрэя Якушэвіча. Затрыманьне адбылося ў пятніцу 7 красавіка на працы, паведамляюць праваабаронцы. Мяркуецца, што ў яго знайшлі «экстрэмізм» у тэлефоне. За апошні месяц у горадзе гэта паўтаралася шматразова.

На Якушэвіча завялі справу паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджваньне, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці альбо прапагандуе такую дзейнасьць»).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG