Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 7 красавіка: усе матэрыялы слуцкага «Інфа-кур’ера» прызналі «экстрэмісцкімі»; вынесьлі прысуд у «справе сьцягоў»

абноўлена

Нацыянальныя сьцягі Беларусі і Ўкраіны. Гомель, 2020. Ілюстрацыйнае фота
Нацыянальныя сьцягі Беларусі і Ўкраіны. Гомель, 2020. Ілюстрацыйнае фота

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца.

Асудзілі палітвязьняў, якія вывесілі нацыянальныя сьцягі Беларусі і Ўкраіны

У Менскім гарадзкім судзе 6 красавіка вынесьлі прысуд у «справе сьцягоў», паведамляе «Вясна».

У сярэдзіне верасьня 2022 года сілавікі затрымалі пяць менчукоў за тое, што яны вывесілі вялікія нацыянальныя сьцягі Беларусі і Ўкраіны на фасадзе дома па вуліцы Лесі Ўкраінкі ў Менску.

Судзьдзя Дзіна Кучук прызначыла Дзянісу Варозаву і Вячаславу Панцюшэнку па 5 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Вользе Церах і Кацярыне Зарэцкай — па 5 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму, Уладзімеру Лавору — 4 гады і 9 месяцаў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Іх абвінавацілі ў стварэньні або ўдзеле ў «экстрэмісцкім фармаваньні» (ч. 3 арт. 361–1) і садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці (ч. 2 арт. 361–4 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

Судзьдзя Кучук разглядала шмат справаў палітвязьняў, у тым ліку Валерыі Касьцюговай і Тацяны Кузінай, валянтэраў фонду «Страна для жизни» Антона Сташэўскага, Юліі Сырых, Тацяны Астроўскай і Марыны Дуброўскай, відэаблогера Паўла Сьпірына, а таксама прафэсараў БНТУ, якіх абвінавачвалі ў злоўжываньнях падчас выкананьня дзяржпраграмы «Мэталюргія». Разгляд усіх спраў заканчваўся абвінаваўчым выракам з пазбаўленьнем волі на тэрмін ад чатырох гадоў.

Суд прызнаў усю прадукцыю слуцкай газэты «Інфа-кур’ер» «экстрэмісцкай»

Суда Партызанскага раёну Менску прызнаў усю прадукцыю слуцкай газэты «Інфа-курʼер» «экстрэмісцкай». Адпаведная інфармацыя зьявілася ў рэспубліканскім сьпісе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

Раней гэты ж суд прызнаў «экстрэмісцкімі» матэрыяламі толькі 6 артыкулаў газэты пра падзеі 2020 году.

Акрамя друкаванага выданьня, экстрэмісцкімі матэрыяламі прызнаны сайт з назвай «Kurjer.info-Слуцк», і групы выданьня ў сацсетках «УКантакце», «Одноклассники», Фэйсбуку, Інстаграме, тэлеграм-канал «Слуцкая Телега» і аднайменны тэлеграм-чат, канал на YouTube і лягатыпы гэтых старонак.

15 сакавіка ў рэдакцыі газэты прайшлі ператрусы. 7 красавіка пасьля 15 дзён арышту на волю выйшлі рэдактары газэты Сяргей Станкевіч і Алег Рубчэня.

Гомельскага музыку Арцёма Раманава асудзілі на 10 дзён арышту

6 красавіка затрымалі лідара гурту Krumkač Арцёма Раманава, паведаміў у Фэйсбуку актывіст Ільля Міронаў. Ноч Раманаў правёў у гомельскім ізалятары часовага ўтрыманьня.

7 красавіка суд Чыгуначнага раёну Гомля прысудзіў яму 10 дзён адміністрацыйнага арышту паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

У Гомлі затрымалі кіроўцу за налепку з Цоем і цытатай зь песьні «Перемен»

Мужчыну затрымалі за налепку з выявай Віктара Цоя і надпісам «Перемен требуют наши сердца», піша «Белсат».

На відэа з праўладнага тэлеграм-каналу бачна, як група ўзброеных сілавікоў выскоквае зь мікрааўтобуса, але далей яны проста стаяць, а адзін зь іх чапляе на рукі затрыманаму мужчыну кайданкі.

Дырэктара стаматалягічнай клінікі асудзілі на тры гады «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе

Як даведаліся праваабаронцы «Вясны», у судзе Ленінскага раёну Менску 21 сакавіка асудзілі Валерыя Савіцкага паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэксу. Судзьдзя Анастасія Ачалава прызначыла Валерыю тры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Валерыя абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў Менску ў 2020 годзе, падчас якіх ён выходзіў на праезную частку зь бел-чырвона-белым сьцягам.

Да суду мужчына знаходзіўся пад закладам памерам 7400 беларускіх рублёў.

Магілёўца асудзілі на 2 гады калёніі за «абразу Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады»

У судзе Кастрычніцкага раёну Магілёва 31 сакавіка асудзілі Аляксандра Тучкова паводле ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі), арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэксу, паведамляе «Вясна». Судзьдзя Натальля Крашкіна прысудзіла яму 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён у красавіку 2021 году пакінуў абразьлівыя камэнтары ў бок Лукашэнкі і старшыні КДБ Івана Тэртэля.

Палітзьняволенай Вікторыі Кульшы трэці раз дадалі трэмін па крымінальнай справе

У судзе Рэчыцкага раёну 7 красавіка агучылі чарговы прысуд палітзьняволенай Вікторыі Кульшы — паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі калёніі), паведамляе «Вясна».

Судзьдзя Станіслаў Іванюценка прызначыў ёй яшчэ 1 год зьняволеньня на дадатак да 3,5 года калёніі. Канчатковы тэрмін складае 4,5 года калёніі агульнага рэжыму.

Раней Вікторыю судзілі ўжо двойчы, у тым ліку за «непадпарадкаваньне адміністрацыі» гомельскай калёніі. За паўгода ў рэчыцкай калёніі Вікторыя адбыла мінімум 92 дні ў ШЫЗА, а нядаўна яе зьмясьцілі ў ПКТ на шэсьць месяцаў.

Прысуд сьветлагорскім «рэйкавым партызанам» пакінулі бязь зьменаў. Хутка іх этапуюць у калёніі

У Вярхоўным судзе 31 сакавіка разгледзелі апэляцыйныя скаргі на прысуд сьветлагорскім «партызанам». Па выніках разгляду тэрміны зьняволеньня пакінулі бязь зьменаў, а скаргі — без задавальненьня, паведамляе «Гомельская Вясна».

У сьнежні 2022 году Дзьмітрыя Равіча асудзілі да 22 гадоў калёніі, Дзяніса Дзікуна — да 23 гадоў, Алега Малчанава — да 21 году. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.

Іх абвінавацілі ў падпале рэлейнай шафы сыгналізацыі, цэнтралізацыі і блякаваньня (СЦБ) на чыгуначным перагоне Жэрдзь — Астанкавічы 28 лютага — на чацьвёрты дзень поўнамаштабнага нападу Расеі на Ўкраіну. Таксама іх асудзілі за «здраду дзяржаве» і рэгістрацыю ў пляне «Перамога» і сувязь з ByPol. Працэс тры месяцы праходзіў у закрытым рэжыме.

У хуткім часе Дзяніса этапуюць у горацкую калёнію № 9, Алега — у наваполацкую калёнію № 1, а Дзьмітрыя — у магілёўскую калёнію № 15.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG