Новыя санкцыі ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі закрануць 5 фізычных асобаў зь Беларусі, заявіла міністар замежных спраў Новай Зэляндыі Наная Махута.
Імёны асобаў, якія трапілі пад санкцыі, яна не назвала. Санкцыі ўключаюць забарону на паездкі, на апэрацыі з актывамі або паслугамі, акцыямі або каштоўнымі паперамі.
Таксама 31 сакавіка Новая Зэляндыя ўвяла санкцыі супраць 21 фізычных асобаў з Расеі і 5 расейскіх прадпрыемстваў, «якія маюць стратэгічнае значэньне для краіны» — каб паказаць, што краіна «працягвае асуджаць дзеяньні Расеі і выказвае сваю падтрымку Ўкраіне», гаворыцца ў заяве кіраўніцы МЗС Новай Зэляндыі.
- Папярэдні раз Новая Зэляндыя увяла санкцыі супраць беларускіх фізычных асобаў 21 лістапада 2022 году. Тады ў сьпіс, у прыватнасьці, уключылі старэйшага сына Аляксандра Лукашэнкі Віктара (узначальвае Нацыянальны алімпійскі камітэт) і ягоную жонку Галіну.
- 17 траўня 2022 году Новая Зэляндыя ўвяла санкцыі супраць беларуска-расейскай ІT-кампаніі Synesis, якая стварыла сыстэму распазнаньня асобаў Kipod. Яе, паводле інфармацыі СМІ, беларускія сілавікі ўжываюць для пошуку ўдзельнікаў пратэстаў у Беларусі.