Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыі і арганізацыі Беларусі заклікалі Літву не прымаць абмежавальных захадаў да беларускіх грамадзян


Зьміцер Кучук і Ігар Барысаў, адны з падпісантаў сумеснай заявы беларускіх партый і арганізацый
Зьміцер Кучук і Ігар Барысаў, адны з падпісантаў сумеснай заявы беларускіх партый і арганізацый

Некалькі беларускіх партый і арганізацый прынялі сумесную заяву, у якой заклікалі Літву не прымаць закон, які абмяжуе правы грамадзян Беларусі.

Заява дэмакратычных партый і арганізацый Беларусі прынятая і падпісаная 28 сакавіка 2023 году.

«Мы, прадстаўнікі дэмакратычных палітычных партый і арганізацый Беларусі, зьвяртаемся да лідэраў Эўрапейскага зьвязу, а таксама да ўрадаў краін – сяброў ЭЗ з заклікам не дапусьціць ізаляцыі беларускага грамадзтва ад дэмакратычнага сьвету.

Заклікаем не прымаць абмежавальных мер у дачыненьні грамадзян Беларусі разам з прыняцьцем падобных захадаў у дачыненьні грамадзян Расеі. Беларускае грамадзтва, у адрозьненьні ад расейскага, выступае супраць увядзеньня беларускіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны.

Беларускае грамадзтва змагаецца з рэжымам Лукашэнкі, а таксама спрабуе супрацьстаяць фактычнай акупацыі Беларусі пуцінскім рэжымам, які імкнецца атаясаміць беларусаў з расейцамі, што спрыяе ажыцьцяўленьню плянаў Пуціна па канчатковай акупацыі нашай краіны».

У сваёй заяве падпісанты акцэнтуюць увагу на тым, што закон «Аб абмежавальных мерах у дачыненьні ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне», які разглядаецца Сэймам Літвы, «абмяжоўвае беларусаў у праве на перамяшчэньне, магчымасьці атрыманьня візаў і легалізацыі ў Літве».

«Прыняцьце гэтага закону будзе яшчэ адным крокам да ўсталяваньня жалезнай заслоны паміж беларускім грамадзтвам і дэмакратычным сьветам», — адзначаюць у лісьце.

Як пішуць аўтары ліста, большасьць беларусаў, якія бралі ўдзел у пратэстах 2020 году, застаецца ў Беларусі. Дзясяткі тысяч чалавек былі вымушаны пакінуць краіну і цяпер арганізуюць падтрымку дэмакратычнага руху з-за мяжы і выступаюць супраць расейскай ваеннай агрэсіі. Рэпрэсіі працягваюцца, а сем’і тысяч палітзьняволеных у Беларусі працягваюць існаваць у цяжкіх матэрыяльных умовах.

«Перакананыя, што магчымасьць свабоднага перамяшчэньня, навучаньня, працы і вядзеньня бізнэсу беларусамі ў краінах ЭЗ зьяўляецца адзіным эфэктыўным сродкам падтрымкі дэмакратычнага руху Беларусі Эўропай», — гаворыцца ў заяве.

Магчымае прыняцьце закону ў літоўскім Сэйме, а таксама абмежаваньні ў выдачы візаў з боку Чэхіі, Польшчы і іншых краін аўтары дакумэнту лічаць «трагічнай перашкодай у выратаваньні беларусаў ад рэпрэсій і будзе ўспрынята беларускім грамадзтвам як абясцэньваньне дэмакратычных памкненьняў і антываеннай пазыцыі беларусаў».

«Верым, што салідарнасьць зь беларускім народам у яго барацьбе за незалежнасьць і дэмакратыю зьяўляецца нязьменным прынцыпам эўрапейскай палітыкі. Выказваем сваю ўдзячнасьць эўрапейскім краінам і ў тым ліку Літоўскай Рэспубліцы за падтрымку беларускага дэмакратычнага руху, а таксама дапамогу беларускім палітычным эмігрантам».

Таксама дэмакратычныя палітычныя партыі і арганізацыі Беларусі падзяляюць заклапочанасьць замежных калег праблемай бясьпекі і гатовыя да абмеркаваньня існуючых праблем і выпрацоўкі сумесных рашэньняў.

Заяву падпісалі:

  • Віталь Рымашэўскі, Беларускія хрысьціянскія дэмакраты;
  • Ігар Барысаў, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада);
  • Уладзімер Шанцаў, выканаўца абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі;
  • Яўген Вiльскi, выканаўца абавязкаў старшынi партыi «Народная Грамада»;
  • Юры Губарэвіч, старшыня руху «За свабоду»;
  • Вадзім Саранчукоў, намесьнік старшыні Партыі БНФ;
  • Алег Мяцеліца, прадстаўнік у Літве «Нашай партыі»;
  • Дзьмітры Кучук, старшыня Беларускай партыі «Зялёныя».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG