Сойм Літвы ў першым чытаньні прыняў законапраект аб увядзеньні абмежавальных захадаў у адказ на ваенную агрэсію Расеі ва Ўкраіне. За яго прагаласавалі 113 дэпутатаў, дзевяць устрымаліся, паведамляе агенцтва BNS. Разьбіраемся, што зьменіць новы законапраект, калі будзе прыняты ў пытаньнях і адказах. Арыгінал тэксту імавернага закона можна пабачыць тут.
Літва больш ня будзе выдаваць беларусам візы?
Так. Калі законапраект ухваляць, то Літва спыніць выдачу візаў беларусам і расейцам як на тэрыторыі Літвы, так і ў замежных прадстаўніцтвах. Выключэньне будзе толькі ў выпадку, калі пасярэднікам у выдачы візаў выступае Міністэрства замежных спраў Літвы. Зараз беларусам у Беларусі таксама амаль немагчыма атрымаць шэнгенскую візу ад Літвы без пасярэдніцтва МЗС.
Што будзе з выдачай часовых дазволаў на жыхарства?
Прыём заявак на часовы дазвол на жыхарства для грамадзян Беларусі і Расеі таксама спыняецца, калі законапраект ухваляць. Выключэньне будзе зробленае толькі для тых, хто ўжо мае ці то шэнгенскую, ці то нацыянальную візу, альбо часовы дазвол на жыхарства ў Літве. Гэта значыць, падаваць дакумэнты на часовы дазвол на жыхарства змогуць тыя, хто мае візу, ці тыя, хто ўжо атрымліваў часовы дазвол на жыхарства.
Ці змогуць беларусы зь візамі, як і раней, прыяжджаць у Літву?
Так. Законапраект не прадугледжвае нейкіх дадатковых формаў кантролю для беларусаў на мяжы зь Літвой, калі яны ўжо маюць візу. Аднак такія формы кантролю існуюць для грамадзян Расеі. У мэтах бясьпекі Літвы закон прадугледжвае індывідуальную дадатковую праверку грамадзян Расеі, якія прыяжджаюць у Літву, на мяжы. Такая праверка ня будзе тычыцца грамадзян Расеі, якія:
- маюць дазвол на жыхарства Літвы ці іншай краіны ЭЗ;
- маюць доўгатэрміновую нацыянальную візу любой краіны ЭЗ;
- едуць транзытам у Калінінградзкую вобласьць Расеі;
- зьяўляюцца часткай сям’і грамадзяніна краіны ЭЗ;
- зьяўляюцца супрацоўнікамі кампаніі, якая займаецца міжнароднымі перавозкамі;
- едуць у Літву з гуманітарных прычынаў;
- зьяўляюцца ўцекачамі згодна з Венскай канвэнцыяй.
Якія складанасьці будуць у беларусаў, якія ўжо маюць дазвол на жыхарства?
Калі законапраект ухваляць, то ад беларусаў і расейцаў спыняць прыём заявак на статус электроннага рэзыдэнта. Гэта электронны подпіс smart ID, які дазваляе карыстацца паслугамі банкаў, дае доступ да аплаты камунальных паслуг і шэрагу іншых электронных паслуг. У законапраекце незразумела прапісаны пункт наконт ужо дзейсных статусаў электроннага рэзыдэнта, калі Smart ID у чалавека ўжо ёсьць. Выглядае, што ён будзе дзейнічаць да тэрміну свайго сканчэньня.
Беларусам забароняць купляць нерухомасьць у Літве?
Не. Такога пункту ў законапраекце няма. Забарона на набыцьцё нерухомасьці тычыцца толькі грамадзян Расеі, за выключэньнем тых, хто ўжо мае часовы дазвол на жыхарства.
Што зьменіцца з атрыманьнем літоўскага грамадзянства?
Грамадзяне Беларусі і Расеі ня змогуць падаць дакумэнты на літоўскае грамадзянства, калі гэты законапраект будзе ўхвалены. Падацца будзе можна толькі на выхад зь літоўскага грамадзянства. Закон, калі яго прымуць, будзе дзейнічаць год. Калі Сойм будзе разглядаць законапраект у другім чытаньні, не паведамляецца.
Кіраўнік Freedom House у Літве пра магчымыя зьмены для беларусаў: «Законапраект замацоўвае мэханізмы, якія і так працавалі»
Палітоляг і кіраўнік Freedom House ў Літве Віціс Юрконіс лічыць, што новы законапраект, які можа ўскладніць для беларусаў атрыманьне візаў і дазволаў на жыхарства, патрабуе ўдакладненьняў.
На думку Віціса Юрконіса, законапраект замацоўвае тыя захады, якія і так існавалі. Для беларусаў, якія будуць атрымліваць візы ці дазвол на жыхарства з гуманітарных прычынаў, нічога ня зьменіцца.
«Наколькі напісана ў законапраекце, то ён нічога не мяняе з таго, што і так рабілася. У прынцыпе, мэханізмы, якія былі вызначаныя і ўжо працавалі на практыцы, цяпер прапісаныя на ўзроўні закону. Варта адзначыць, што законапраект мае адсылку на зьмену сытуацыі. Трэба разумець кантэкст вайны і саўдзелу беларускага рэжыму ў ім і пытаньні нацыянальнай бясьпекі. У такім кантэксьце і трэба бачыць гэты законапраект. Ён не мяняе таго, што і так існавала апошні год», — кажа Віціс Юрконіс.
Пры гэтым Юрконіс лічыць, што законапраект вымагае дадатковых тлумачэньняў.
«Хацелася б пачуць удакладненьні, як гэта будзе прымяняцца ў рэальнасьці. Аб візавай палітыцы зразумела: вылучаць тых, хто атрымлівае візы па праваабарончай лініі. Далей у законапраекце выключэньні не асабліва прапісаныя. Сярод беларусаў, якія прыехалі, вялікая доля рэлякантаў з ІТ-кампаній. Тут пытаньне, як гэта іх датычыцца. Трэба быць актыўнымі самім беларусам, дакладна весьці лінію, дзе візы трэба выдаваць і дзе іх выдаваць ня трэба», — лічыць Віціс Юрконіс.
Законапраект могуць ухваліць у другім чытаньні, тады ён будзе дзейнічаць год. Калі адбудзецца другое чытаньне, пакуль невядома.
Паводле зьвестак МУС Літвы, у 2021 годзе грамадзянства Літвы па натуралізацыі атрымалі 33 беларусы і 45 расйцаў, а ў 2022 годзе — 16 беларусаў і 29 расейцаў. У 2021 годзе літоўскае грамадзянства ў спрошчаным парадку атрымалі 34 беларусы і 34 расейца, а ў 2022 годзе — 6 беларусаў і 17 расейцаў.
Згодна з законапраектам, грамадзянам Расеі і кантраляваным імі кампаніям забараняецца набываць нерухомасьць у краіне. Выключэньне будзе для расейцаў, якія атрымалі часовы від на жыхарства ў Літве ў сувязі зь перасьледам на радзіме. Дэпутаты лічаць, што набыцьцё нерухомасьці расейцамі ў доўгатэрміновай пэрспэктыве можа несьці небясьпеку для нацыянальнай бясьпекі Літвы.
Раней падтрыманая Камітэтам нацыянальнай бясьпекі і абароны Сойма Літвы прапанова забараніць грамадзянам Беларусі і Расеі набываць нерухомасьць у гэтай дзяржаве ў законапраекце ўлічаная часткова і датычыцца толькі расейцаў.
Акрамя таго, пры ўезьдзе ў Літву праз вонкавыя межы ЭЗ грамадзяне Расеі будуць правярацца ў індывідуальным парадку для ацэнкі іх патэнцыйнай пагрозы нацыянальнай бясьпецы краіны. Гэта ня будзе распаўсюджвацца на дыпляматаў, дысыдэнтаў, работнікаў транспартных кампаній, чальцаў сем’яў грамадзян ЭЗ і расецаў, якія маюць ВНЖ або доўгатэрміновую нацыянальную візу краін ЭЗ.
Меркаваны тэрмін дзеяньня прапісаных у праекце закона абмежаваньняў — з 15 красавіка 2023 года да 14 красавіка 2024-га.