«Я адчуў нешта нядобрае, калі памежніца вельмі доўга разглядала мой пашпарт. У выніку яна патэлефанавала і прыйшоў яе начальнік», — расказаў Сяргей Гардзіевіч выданьню «Ганцавіцкі час».
Памежнікі сказалі Гардзіевічу, што яму забаронены выезд за мяжу, і паставілі ў пашпарт адпаведны штамп. Падчас разбору аўтамабіль папрасілі адагнаць на спэцстаянку, дзе закрылі адмысловымі агароджамі. Пазьней яго разблякавалі, і Сяргей мусіў пакінуць пункт памежнага пропуску ў зваротным кірунку.
«Я спрабаваў дабіцца, каб вярнулі грошы, выплачаныя як зборы за перасячэньне мяжы, але памежнікі разьвялі рукамі: маўляў, грошы ў вас ня бралі, едзьце ў банк», — кажа Сяргей Гардзіевіч.
Паводле Гардзіевіча, ён ня мае ніякіх нявыплачаных штрафаў і запазычанасьцяў. Ён накіраваў скаргі ў пракуратуру і Сьледчы камітэт, каб даведацца прычыны забароны яму на выезд за мяжу.
Сяргей Гардзіевіч раней працаваў у інтэрнэт-выданьні «Першы рэгіён», а летам 2021 году быў асуджаны на паўтара года пазбаўленьня волі. Яго прызналі вінаватым паводле трох крымінальных артыкулаў: у абразе прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананьнем імі службовых абавязкаў (арт. 369 КК), паклёпе (арт. 188 КК) і публічнай абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК).
Сам Сяргей Гардзіевіч у судзе віны не прызнаў. Ён адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі №17 у Шклове. Летась у кастрычніку выйшаў на волю, а ў лістападзе 2022 году трапіў у «сьпіс экстрэмістаў» Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.