Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе». Адказ бальшавікоў Інбелкульту і яго рэха


Радыё Свабода пачало ў новым YouTube-канале «Гісторыя на Свабодзе» публікацыю цыклю ілюстраваных відэагутарак пра Стары Менск.

У восьмай частцы цыклю аўтар кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня» Сяргей Абламейка расказвае пра створаны ў 1925 годзе Інбелкультам плян рэстаўрацыі Замчышча і стораны ўладамі замест яго плян сацыялістычнай рэканструкцыі Менску, а таксам пра сьлед, які ў беларускай літаратуры пакінулі тыя падзеі.

0:47 — што такое «камгас», які ў кнізе паказаны як злавесны ўладны орган

3:43 — якія палітычныя функцыі захавала за сабой НКВД пасьля аддзяленьня ад яго ГПУ

6:47 — як адказала НКВД на спробы Інбелкульту рэстаўраваць Замчышча

8:21 — хто такі Майсей Рабіновіч і якую ролю ён адыграў ў лёсе Старога гораду

11:48 — як праект каналізацыі Менску ператварыўся ў генплян Менску

13:03 — як шукалі выканаўца праекту генпляну Менску

14:40 — чаму Сяргея Шастакова замянілі на Ўладзіміра Сямёнава

16:30 — як і калі загінуў прафэсар Сяргей Шастакоў

17:29 — з кім у Менску мог кантактаваць прафэсар Шастакоў

19:45 — магчымы сьлед у беларускай літаратуры пра пляны рэстаўраваць Замчышча, які пакінуў Уладзімер Дубоўка

22:31 — што за генплян Менску склаў у 1926 годзе прафэсар Сямёнаў

27:35 — як чыноўнікі пагубілі плян рэстаўрацыі Інбелкульту

30:38 — чым скончыліся пляну Інбелкульту мэмарыялізаваць Замчышча

31:38 — які лёс чакаў Камісію аховы помнікаў Інбелкульту

32:31 — як Шчакаціхін пакінуў гістарычнае сьведчаньне пра невыпадковы характар зьнішчэньня Старога гораду ў Менску

Фрагмэнт размовы вядучага Сяргея Шупы зь Сяргеем Абламейкам:

— Чаму замест рэстаўрацыі ўлады пачалі каналізацыю? Чым яны зьвязныя? Тым, што гэта былі канкурэнтныя радкі ў бюджэце? Маўляў, калі ўлегчы ў каналізацыю, дык не застанецца грошай на тыя старыя дамы?

— Я гэта ўспрымаю, як альтэрнатыву. Бо генплян прафэсара Ўладзіміра Сямёнава, які быў створаны праз год, прадугледжваў вельмі важныя зьмены і для Старога гораду.

Але спачатку я б хацеў расказаць, як разгортвалася справа з пошукам кандыдатаў на стварэньне генпляну Менску. Першы кандыдат знайшоўся ўжо ў лістападзе 1925 году. Прэзыдыюм менскага акруговага выканкаму 26 лістапада прыняў пастанову, дзе гаварылася:

«Лічыць умовы прапанованыя прафэсарам ШАСТАКОВЫМ па састаўленьню праекта пляніроўкі і далейшай забудовы Менску найбольш прыемлемымі і дазволіць Аддзелу камгаспадаркі заключыць з прафэсарам ШАСТАКОВЫМ належны дагавор па гэтаму пытаньню».

Але празь месяц, у канцы сьнежня маскоўскага прафэсара Сяргея Шастакова нечакана замянілі на прафэсара Ўладзіміра Сямёнава, таго самага, які летам таго году пачынаў займацца каналізацыяй Менску, і які прывёз у Менск ідэю генпляну.

Паперы камгасу захаваліся вельмі дрэнна, за 1925 год яны практычна адсутнічаюць. Таму для таго, каб зразумець, чаму Шастакова замянілі на Сямёнава, я паглядзеў, чым Шастакоў займаўся ў Маскве.

Аказваецца, у тым жа 1925 годзе ён стварыў маскоўскі генплян, які ўвайшоў у гісторыю пад назвай плян «Вялікай Масквы».

Праект Шастакова прадугледжваў разрастаньне Масквы ўшыркі за кошт малапавярховага будаўніцтва і зрастаньне сталіцы зь невялікімі гарадамі Маскоўскай вобласьці. Генплян Шастакова прадугледжваў, што плошча Масквы зойме 200 тысяч гектараў, насельніцтва складзе 4 мільёны чалавек, і што ў горадзе будуць пераважаць прыватныя невялікія дамы.

Але для нас цікава іншае. Сяргей Шастакоў прапанаваў перанесьці палітычны і дзелавы цэнтар сталіцы СССР на Хадынскае поле, а Крэмль і стары цэнтар зрабіць музэем.

Да старой часткі гораду і наогул да помнікаў архітэктуры Шастакоў ставіўся зь вялікай павагай і вельмі ашчадна. Напрыклад, ён прапаноўваў у старым цэнтры Масквы для ўпарадкаваньня забудовы выкарыстоўваць толькі разбураныя ўчасткі. Таксама ён прапаноўваў разьбіраць хаатычную драўляную забудову старога цэнтру, якая замінала візуальнаму ўспрыняцьцю каштоўных старажытных помнікаў.

Ідэя Шастакова з захаваньнем цэнтру мела вялікі культурны імпэратыў і культурнае значэньне.

Аб поглядах Шастакова на старыя цэнтры гарадоў і аб яго стаўленьні да старой архітэктуры сьведчаць нават аргумэнты яго праціўнікаў — архітэктараў-дэзурбаністаў. Адна зь іх, В. Строгава, крытыкуючы ў сярэдзіне 20-х гадоў шастакоўскі праект «Вялікай Масквы» і яго прапанову адносна лёсу гістарычнага цэнтру сталіцы, напісала:

«Сохранить этот центр на будущее — значит попасть в рабство к прошлому».

А ў 30-я гады, калі найвышэйшае кіраўніцтва СССР ужо ушчыльную займалася будаўніцтва і генплянамі гарадоў, у адным зь лістоў Кагановіча Сталіну гаварылася:

«... Мы занялись вплотную вопросом о ген. плане Москвы... Должен сказать, что архитекторы проявили известную ограниченность и пассивность, старые все еще под влиянием Шестаковских и Щусевских планов, а молодые витают в небесах и носятся с проектами построить рядом новую Москву, а нынешнюю оставить как музей для истории, по этой нелепой чуши пришлось ударить».

Ведаючыч менскія пэрыпэтыі, няцяжка заўважыць у падыходах Шастакова да старога цэнтру Масквы аналёгіі з падыходам Камісіі аховы помнікаў Інбелкульту да Старога гораду ў Менску — у пляне рэстаўрацыі Замчышча, як памятаем, таксама прапаноўвалася зьнесьці толькі драўляную забудову Замкавай гары.

Адпаведна, мы можам меркаваць, што з такімі ідэямі і такім стаўленьнем да гістарычнай забудовы маскоўскага цэнтру Шастакоў у сваіх прапановах мог паставіцца адпаведным чынам і да гістарычнага цэнтру Менску.

— Кагановіч пісаў: «по этой нелепой чуши пришлось ударить». А па самім Шастакове яны неяк ударылі?

— Так, ударылі, ён скончыў дрэнна. Ужо ў 1928 годзе ён быў арыштаваны, а ў 1929 загінуў на Салаўках. Гэта быў выдатны архітэктар, ягоныя ідэі пазьней, у 1940-я гады, выкарысталі пляніроўшчыкі Вялікага Лёндану, Атавы і Вэлінгтану.

Ну а замест яго менскі камгас НКВД у канцы сьнежня заключыў дамову з прафэсарам Уладзімірам Сямёнавым, які быў ляяльны да камуністычных уладаў, у 1930-я гады стаў галоўным архітэктарам Масквы і стварыў яе першы генплян. Так што ў першых генплянаў Масквы і Менску адзін аўтар — Уладзімер Сямёнаў.

— Ці вядома што-небудзь пра кантакты Сяргея Шастакова з энтузіястамі захаваньня гістарычнага цэнтру Менску?

— Я спрабаваў знайсьці такія сьведчаньні. Праўда, я ня быў у Маскве. Жывучы ў Празе, даволі цяжка туды трапіць. Але дыстанцыйна, праз калегаў, я спрабаваў знайсьці асабістыя паперы Шастакова. Аказалася, што ў Музэі гісторыі архітэктуры імя Шчусеве іх няма, няма і ў некаторых іншых архівах.

Але ўсё ж нейкія сьляды, я думаю, засталіся. Мы ведаем, што «Маладняк» удзельнічаў у вывучэньні Замкавай гары. У спробах мэмарыялізацыі Замчышча, у прыватнасьці, удзелнічалі такія маладнякоўцы, як Уладзімер Дубоўка і Анатоль Вольны. Дубоўка выступаў у друку з публіцыстычнымі тэкстамі пра Замчышча, дом Гродзкага суду, друкарню Каліноўскага на Замкавай гары.

Цікава, што калі прапанаваныя Шастаковым умовы зацьвярджаліся ў Менскім акруговым выканкаме 26 лістапада 1925 году, то ў тыя ж дні, 25 — 28 лістапада, у Менску адбываўся зьезд «Маладняка», на якім быў прысутны жыхар Масквы Ўладзімер Дубоўка. А магчыма, яны мелі і ў Маскве нейкія кантакты.

Я не выключаю таксама, што якраз у тую восень у Шастакова маглі быць кантакты з дзеячамі Інбелкульту, такімі, напрыклад, як Мікола Шчакаціхін, ён жа таксама паходзіў з Масквы.

Ну і магчымым сьледам у гэтай гісторыі застаюцца два практычна невядомыя вершы Ўладзімера Дубоўкі. У 1927 годзе ў Маскве выйшаў зборнік вершаў Дубоўкі «Наля». Там ёсьць два вершы, прысьвечаныя старому Менску.

І вось якая акалічнасьць. Шастакова на Сямёнава памянялі 23 сьнежня. А паводле звычкі тых часоў, пра некаторыя падзеі паведамлялася зь вялікім спазьненьнем. Маглі і празь месяц пра нешта паведаміць, і нават праз два. І вось інфармацыя пра замену Шастакова на Сямёнава зьявілася ў беларускім друку 15 студзеня 1926 году.

А тыя два вершы Дубоўкі пра стары Менск напісаныя 16 і 19 студзеня 1926 году. Магчыма, гэта была Дубоўкава рэфлексія на тыя падзеі. У кнізе я больш пішу пра абодва вершы, але тут прывяду толькі фрагмэнт аднаго зь іх, які, паводле першага радка, называецца «Праз даліны і палі ішоў...». У адных з найлепшых алітэрацыйных строфаў беларускай паэзіі Дубоўка піша:

Расла напорнасьць, павадка расла,
ў празрыстых хвалях біўся рокат.
Здавалася, ад рокату раса
ільсьніцца з-пад званіц барокко.

І самацьветы — дыямэнты сьлёз,
і сэрца лябрадорскі камень, —
ляжалі скрозь, рассыпаліся скрозь:
над галавой і пад нагамі.

Ў задуме вечар прахадзіў далей:
на Замчышча цераз Нямігу.
Ў сьлядох яго ўсё водарыў алей
смалы хваёвае і кміну...

У гэтых вершах можна знайсьці розныя глыбокія сэнсы, але, здаецца, што гэта адзінае ў беларускай літаратуры сьведчаньне пра тыя няспраўджаныя мары 1925 году.

— Давай тады вернемся да наступніка Шастакова — прафэсара Сямёнава. Што зь яго плянам? Ён склаў яго?

— Склаў, і вельмі хутка. Яго праект пляніроўкі Менску на 25 гадоў, дакладней яго асноўныя палажэньні, былі зацьверджаныя прэзыдыюмам Менскага акруговага выканкаму 12 траўня 1926 году. Тая ж пастанова прадугледжвала, што гэты плян будзе абмеркаваны ў друку. Але ніякага абмеркаваньня, фактычна, не адбылося.

У кнізе гаворка пра гэты плян вядзецца больш падрабязна. А тут я толькі скажу, што Сямёнаў, сярод іншага, прадугледзеў пабудову ў Менску сеткі радыяльных магістраляў і пабудову парку «на Татарскіх агародах».

Гэта і было канцом Старога гораду, бо адна з тых радыяльных магістраляў прабівалася праз Стары горад, а парк культуры і адпачынку са стадыёнам і іншымі новымі будынкамі меркавалася пабудаваць на месцы Замчышча.

Таму радыяльная магістраль, якая ўрэшце была пабудаваная, і якая злучала Плошчу Свабоды з тым паркам, называлася Паркаваю. Сёньня гэта праспэкт Пераможцаў.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах:

Бясплатна спампуйце і чытайце кнігі «Бібліятэкі Свабоды»:

  • Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга першая. 2021 (PDF) (EPUB)
  • Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга другая. 2021 (PDF) (EPUB)

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG