«Усяго зь Беларусьсю адключана і будзе дэмантавана 12 міжсыстэмных ліній, у тым ліку пяць напружаньнем 330 кВ і сем напружаньнем 110 кВ. Тры лініі электраперадач 330 кВ і тры лініі 110 кВ былі адключаныя і будуць дэмантаваныя з Расеяй. Усяго будзе дэмантавана больш за 182 кілямэтры ліній з 544 апорамі. Даўжыня дэмантаваных правадоў перавысіць 231 кілямэтар», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні кампаніі.
У кампаніі падкрэсьлілі, што дэмантуючы апошнія лініі электраперадач з Калінінградам і Беларусьсю завяршаецца гістарычны этап трансфармацыі інфраструктуры, зьвязаны з поўнай інтэграцыяй у энэргетычную сыстэму Эўропы, якая абслугоўвае больш за 400 мільёнаў спажыўцоў у 26 краінах.
Сёлета 9 лютага краіны Балтыі пасьпяхова падключыліся да адзінай энэргасыстэмы кантынэнтальнай Эўропы. Гэта адбылося пасьля таго, як 8 лютага Літва, Латвія і Эстонія адключыліся ад энэргетычнай сыстэмы Расеі і Беларусі.
Першапачаткова меркавалася, што так званая «Балтыйская сынхранізацыя» адбудзецца ў канцы 2025 году, але яе перанесьлі амаль на 11 месяцаў раней, шмат у чым з прычыны вайны ва Ўкраіне і жаданьня краін Балтыі цалкам пазбавіцца залежнасьці ад патэнцыйнага расейскага энэргетычнага шантажу.
Краіны Балтыі перасталі закупляць расейскі газ і электраэнэргію пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, але іх электрасеткі засталіся падлучанымі да Расеі і Беларусі. Гэта зрабіла іх залежнымі ад Масквы ў пляне стабільнага патоку электраэнэргіі.
Форум