Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што Армэнія і Азэрбайджан атрымаюць ад перамоваў пад эгідай Трампа?


На ілюстрацыйным каляжы лідэры Армэніі, ЗША і Азэрбайджану
На ілюстрацыйным каляжы лідэры Армэніі, ЗША і Азэрбайджану

Армэнія і Азэрбайджан могуць наблізіцца да падпісаньня гістарычнай мірнай дамовы ці хаця б абвясьціць пра яе дасягненьне, калі прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прыме лідэраў гэтых краін у Белым доме. Матэрыял падрыхтавалі Армянская і Азэрбайджанская службы Радыё Свабода.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што 8 жніўня ў Белым доме ён прыме лідэраў Азэрбайджану і Армэніі на «афіцыйнай цырымоніі падпісаньня мірнай дамовы», якая можа забясьпечыць завяршэньне шматгадоваму канфлікту паміж краінамі.

«Шмат лідэраў спрабавалі завяршыць вайну, але беспасьпяхова, аж дагэтуль, дзякуючы «ТРАМПУ», — напісаў Трамп у Truth Social 7 жніўня.

Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян і прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў таксама падпішуць дамовы з ЗША, каб «супольна выкарыстоўваць эканамічныя магчымасьці, каб мы маглі цалкам раскрыць патэнцыял рэгіёну Паўднёвага Каўказу», — дадаў Трамп.

Але напярэдадні гэта яшчэ не было зразумела.

«Аб падпісаньні якога-небудзь дакумэнту пакуль што не ідзе мова; вынікі перамоў вызначаць, які дакумэнт, калі ён увогуле будзе, будзе ўхвалены», — адзначыла Гасьмік Акапян, дэпутатка кіроўнай партыі «Грамадзянскі дагавор» і сябра камітэту ў міжнародных справах парлямэнту Армэніі, паведаміла Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Аднаўленьне дачыненьняў пасьля вайны

Армэнія і Азэрбайджан двойчы ваявалі праз Нагорны Карабах пасьля развалу СССР у 1991 годзе.

Пасьля апошняга вялікага ўзброенага канфлікту ў 2020 годзе і далейшага масавага выезду армянскага насельніцтва з гэтага спрэчнага рэгіёну Ерэван афіцыйна прызнаў Карабах сувэрэннай тэрыторыяй Азэрбайджану. З таго часу абедзьве краіны зрабілі значныя крокі да нармалізацыі дачыненьняў.

Хоць у сакавіку абвясьцілі аб завяршэньні тэксту мірнай дамовы, яе дагэтуль не падпісалі.

Азэрбайджан настойвае, што падпісаньне стане магчымым толькі пасьля таго, як Армэнія выдаліць з Канстытуцыі згадваньне аб Дэклярацыі незалежнасьці 1990 году, якая спасылаецца на Акт аб аб’яднаньні Савецкай Армэніі і Нагорнага Карабаху 1989 году. Баку таксама патрабуе афіцыйнага спыненьня дзейнасьці Менскай групы АБСЭ — адзінай міжнароднай плятформы, якая дзесяцігодзьдзямі займалася ўрэгуляваньнем канфлікту.

Армэнія фактычна пагадзілася на абедзьве ўмовы, але настойвае, што ўхваленьне новай Канстытуцыі — унутранае пытаньне, якое мусіць вырашацца ў наступныя гады. Наконт Менскай групы Ерэван прапануе супольна накіраваць заяўку пра яе роспуск адначасова з падпісаньнем дамовы.

Аднак гэта не адзіныя перашкоды на шляху да канчатковых дамоўленасьцяў.

Пытаньне межаў

У значным дыпляматычным прарыве вясной і летам 2024 году Армэнія і Азэрбайджан правялі першую ў гісторыі дэмаркацыю і дэлімітацыю 13-кілямэтровага ўчастку сваёй паўночнай мяжы. Армянскія войскі выйшлі з чатырох бязьлюдных вёсак, якія да вайны 1990-х гадоў належалі савецкаму Азэрбайджану.

26 красавіка 2024 году армянскія пратэстоўцы перакрылі дарогу каля горада Тавуш, недалёка ад мяжы з Азэрбайджанам. Яны перакрылі некалькі дарог па ўсёй краіне, у тым ліку ў сталіцы Ерэване, абураючыся тэрытарыяльнымі саступкамі Азэрбайджану.
26 красавіка 2024 году армянскія пратэстоўцы перакрылі дарогу каля горада Тавуш, недалёка ад мяжы з Азэрбайджанам. Яны перакрылі некалькі дарог па ўсёй краіне, у тым ліку ў сталіцы Ерэване, абураючыся тэрытарыяльнымі саступкамі Азэрбайджану.

Бакі пагадзіліся прадоўжыць дэмаркацыю, але з таго часу прагрэсу на іншых участках мяжы няма. Армэнія сьцьвярджае, што Азэрбайджан дагэтуль утрымлівае больш за 200 квадратных кілямэтраў яе тэрыторыі.

Апазыцыя ў Армэніі ацаніла гэтыя дзеяньні як «капітуляцыю» і заклікала Пашыньяна пайсьці ў адстаўку. Аднак масавыя пратэсты ў траўні-чэрвені 2024 году паступова завяршыліся. Пашыньян заявіў, што курс на доўгатрывалы мір падтрымлівае большасьць грамадзян.

Зангезурскі калідор

Адно з найбольш вострых пытаньняў — так званы Зангезурскі калідор.

Згодна з умовамі спыненьня агню ў 2020 годзе, Армэнія павінна гарантаваць бясьпечнае транспартнае злучэньне паміж мацерыковым Азэрбайджанам і ягоным эксклявам Нахічавань. Маецца на ўвазе бесьперашкодны рух грамадзян, транспарту і грузаў.

Аднак Армэнія, якая ўжо амаль 40 гадоў знаходзіцца ў эканамічнай блякадзе з боку Азэрбайджану і Турэччыны, настойвае: любы транзыт павінен адпавядаць яе сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці. Ерэван катэгарычна адкідвае ідэю «экстэрытарыяльнага калідору», бо лічыць гэта закамуфляванай тэрытарыяльнай прэтэнзіяй.

У 2024 годзе бакі дамовіліся разглядаць гэтае пытаньне асобна ад мірнай дамовы.

Паводле дамоўленасьцяў 2020 году, кантроль над транспартнымі шляхамі павінна была ажыцьцяўляць Памежная служба ФСБ Расеі. Але пасьля таго, як расейскія міратворцы не змаглі абараніць армянскае насельніцтва ў Карабаху пад час азэрбайджанскага наступу ў верасьні 2023 году, а потым былі выведзеныя — Армэнія далей арыентуецца на Захад і дыстанцуецца ад Масквы.

Роля ЗША

Пытаньне аб магчымым удзеле ЗША ў адміністраваньні дарогі актывізавалася пасьля саміту Пашыньяна і Аліева ў Абу-Дабі 10 ліпеня, дзе абмяркоўвалі пытаньне інфраструктуры.

Нікол Пашыньян і Ільхам Аліеў на перамовах у Абу-Дабі, 10 ліпеня 2025 году
Нікол Пашыньян і Ільхам Аліеў на перамовах у Абу-Дабі, 10 ліпеня 2025 году

Пасол ЗША ў Турэччыне Томас Барак заявіў, што Вашынгтон прапанаваў 100-гадовую арэнду транзытнага маршруту як кампраміс.

«Яны спрачаюцца праз 32 кілямэтры дарогі, але гэта не жарты. Гэта працягваецца ўжо дзесяцігодзьдзі», — сказаў Барак 11 ліпеня.

Назэлі Багдасаран, сьпікерка Пашыньяна, адхіліла ідэю арэнды, аднак 16 ліпеня прэм’ер пацьвердзіў, што ЗША прапанавалі перадаць адміністрацыю транзыту праз Сюнік амэрыканскай кампаніі.

Багдасаран заявіла, што Ерэван гатовы перадаць кіраваньне маршрутам трэцяму боку, напрыклад, амэрыканскай кампаніі або супольнаму прадпрыемству, але Армэнія павінна захаваць сувэрэнітэт над Сюнікам.

«Мы гаворым ня толькі пра дарогі, але і пра трубаправоду, лініі электраперадач, тэлекамунікацыйныя кабелі — то бок пра інфраструктуру, якую патрэбна ствараць і кіраваць ёй», — сказаў Пашыньян.

Аліеў тым часам заявіў: «Азэрбайджанскія грузы і грамадзяне не павінны бачыць твары армянскіх памежнікаў ці каго-небудзь яшчэ. Не павінна быць ніякага фізычнага кантакту, і павінна быць гарантаваная бясьпека, каб забясьпечыць свабодны праезд нашых грамадзян і грузаў», — сказаў ён у ліпені, аднаўляючы ціск на Армэнію.

Армянскі ўрад адхіліў гэтыя заявы. Тым часам апазыцыйныя партыі ў Армэніі заклікаюць да шырокага дыялёгу — ня толькі наконт адкрыцьця гэтага канкрэтнага транзытнага маршруту, а ўсіх маршрутаў у рэгіёне — з мэтай спыненьня блякады Армэніі.

Рэакцыя рэгіянальных гульцоў

Устойлівы мір і адкрыцьцё транзытнага маршруту праз Армэнію маюць патэнцыял зьвязаць нафта- і газаздабываючы Каўказ і Цэнтральную Азію з Эўропай у абыход Расеі і Ірану.

І Расея, і Іран выказалі занепакоенасьць праз магчымую прысутнасьць ЗША ў стратэгічным для Армэніі рэгіёне Сюнік, які мяжу зь Іранам.

Масква абвінаваціла Вашынгтон у спробе захапіць працэс прымірэньня Баку і Ерэвана і адсунуць на другі плян рэгіянальныя дзяржавы.

«Заходнія краіны імкнуцца перавесьці працэс прымірэньня паміж Баку і Ерэванам на свае рэкі. Мы таксама ведаем, куды звычайна вядуць гэтыя рэйкі... Гэта можа прывесьці да парушэньне балянсу сыстэмы бясьпекі ў рэгіёне», — заявіла 24 ліпеня на брыфінгу Марыя Захарава, афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі.

Іран таксама выказаў рашучы пратэст супраць любых дамоў, якія могуць паставіць пад пагрозу яго паўночную мяжу з Армэніяй.

Высокапастаўлены дарадца Вярхоўнага лідэра Ірану аятолы Алі Хамэнэі папярэдзіў краіны «ў рэгіёне або за ім» і заклікаў спыніць пошукі сухапутнага калідору для Азэрбайджану, які праходзіў бы праз армянскі рэгіён, якія мяжуе зь Ісламскай рэспублікай.

«Некаторыя ўрады, абыякавая да ўласных інтарэсаў і інтарэсаў рэгіёну, паднялі пытаньне Зангезурскага калідору і стукаюць ва ўсе дзьверы, каб прасунуць свае нелегітымныя мэты на Паўднёвым Каўказе», — напісаў Алі Акбар Велаяці на плятформе X 4 жніўня пасьля таго, як зьявіліся паведамленьні аб сустрэчы Трампа ў Белым доме зь лідэрамі Армэніі і Азэрбайджану.

Трамп і «Нобэлеўская прэмія міру»

Назіральнікі не выключаюць, што сустрэча ў Белым 8 жніўня можа стаць яскравай нагодай для прэзыдэнта Трампа ўзмацніць сваю кандыдатуру на Нобэлеўскую прэмію міру.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, 28 ліпеня 2025 году
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, 28 ліпеня 2025 году

У Белым доме сьцьвярджаюць, што Трамп пасьпяхова завяршыў некалькі глябальных канфліктаў, у тым ліку, спрэчкі паміж Тайляндам і Камбоджы, Ізраілем і Іранам, Руандай і Дэмакратычнай Рэспублікай Конга, Індыяй і Пакістанам, Сэрбіяй і Косава, Эгіптам і Эфіопіяй.

Аднак, як паказвае досьвед іншых канфліктаў, якія працягваюцца, як, напрыклад, паміж Косава і Сэрбіяй, сам подпіс дамовы не гарантуе ўстойлівага міру і стабільнасьці. Застаюцца глыбокія праблемы, у тым ліку, нявырашаныя спрэчкі наконт вяртаньня перамешчаных з Нагорнага Карабаху армян і лёсы армянскіх палонных вайскоўцаў, якія дагэтуль утрымлівае Баку. Тым больш, што варожасьць паміж двума народамі, якая працягваецца больш за 40 гадоў, усё яшчэ перашкаджае сапраўднаму прымірэньню.

Чакаюць, што патэнцыйнае абвяшчэньне аб дамове паміж Армэніяй і Азэрбайджанам у Вашынгтоне таксама супадзе з заканчэньнем 8 жніўня «ультыматуму» Трампа прэзыдэнту Расеі Уладзіміру Пуціну аб завяршэньні вайны ва Ўкраіне. Назіральнікі мяркуюць, што прарыў у Каўказкім рэгіёне мог бы кампэнсаваць дыпляматычную няўдачу, калі Масква адхіліць патрабаваньні Вашынгтону.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG