«Угнаеньні няма куды прадаць? Угнаеньні можна прадаць праз прадукты харчаваньня. Мяса, малако заўсёды маюць попыт», — працытаваў Аляксандра Лукашэнку дзяржаўны тэлеканал АНТ.
8 жніўня Аляксандар Лукашэнка інспэктуе, як аграрыі Менскай вобласьці працуюць на ўборцы ўраджаю.
5 жніўня ў Нацыянальным статыстычным камітэце Беларусі паведамілі, што ў студзені–чэрвені 2025 году экспарт тавараў каштаваў 19,007 мільярда даляраў, што на 3,7% менш за леташні паказьнік такога ж пэрыяду, а імпарт — 22,191 мільярда даляраў (на 3,3% больш, чым летась).
Такім чынам сфармавалася адмоўнае гандлёвае сальда — мінус 3,184 мільярда даляраў. Гэтая лічба за пяць месяцаў таксама была адмоўнай і складала мінус 2,605 мільярда даляраў.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, у студзені–чэрвені 2025 году вытворчасьць у сельскай гаспадарцы ўпала на 2,6% у параўнаньні зь мінулым паўгодзьдзем. Эканамісты тлумачаць гэта зрухам тэрмінаў жніва: сельская гаспадарка павінна даць лепшы вынік у ліпені, калі жніво ўжо пачалося.
Але апрацоўчая прамысловасьць, якая дае агулам 21% усяго ВУП Беларусі, вырасла толькі на 0,1%. Гуртовы і раздробны гандаль вырас на 0,6%, што сьведчыць аб запаволеньні попыту і страце тэмпаў эканамічнага росту.
Пры гэтым Беларусь стала найбуйнейшым пакупніком расейскай сьвініны, хоць раней сама пастаўляла гэты прадукт у Расею.
Форум