Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест кампрамату на апазыцыю — самавыкрыцьцё ўладаў. Карбалевіч аб прапагандысцкім фільме


Скрыншот з фільма АНТ
Скрыншот з фільма АНТ

Вечарам 6 жніўня на дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фільм, які закліканы быў дыскрэдытаваць апазыцыю. Ці ўдалося? Амаль усё паказанае ўлады раней ужо агучвалі. І вельмі шмат нестыковак, якія паказваюць самую ўладу ня ў лепшым выглядзе.

Сьцісла:

  • Лукашэнка шмат разоў апавядаў, што загадаў вывезьці Ціханоўскую за мяжу дзеля яе ратаваньня. Фактычна гэта была дэпартацыя пад канвоем.
  • Незразумела, навошта дзеля ратаваньня Ціханоўскай трэба было вывозіць яе за мяжу, а не надаць ёй ахову ў Беларусі.
  • Ніяк не растлумачана, якое дачыненьне да выбарчай кампаніі меў кіраўнік Апэратыўна-аналітычнага цэнтру генэрал Андрэй Паўлючэнка.
  • Шмат пытаньняў узьнікае наконт юрыдычнай чысьціні дзеяньняў уладаў у фінансавай апэрацыі перадачы грошай Ціханоўскай.

Тое, што ўлады да пяцігадовага юбілею масавага народнага пратэсту нешта рыхтуюць супраць апазыцыі, можна было лёгка прадбачыць. Ды яны гэтага і не хавалі. Сам Аляксандар Лукашэнка рабіў шматзначныя намёкі — маўляў, неўзабаве мы вам усё пакажам. Намесьнік Сьвятланы Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінэце Павал Латушка на прэсавай канфэрэнцыі 31 ліпеня заявіў, што супраць яго і іншых прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў рыхтуецца правакацыя. Дзяржаўныя тэлеканалы анансавалі фільм, які мусіў раструшчыць апазыцыю ўшчэнт.

І вось вечарам 6 жніўня на тэлеканале АНТ гэты фільм паказалі. Ніякай сэнсацыі не адбылося. Найперш варта адзначыць, што там няма новай інфармацыі. Амаль усё гэта ўлады раней ужо агучвалі.

У фільме паказалі акалічнасьці выезду Сьвятланы Ціханоўскай у Літву 10 жніўня 2020 году. Лукашэнка шмат разоў апавядаў, чаму і навошта ён загадаў правесьці ўсю гэтую апэрацыю з сваёй апанэнткай. Аказваецца, ён так яе ратаваў. Бо ейныя канкурэнты ў апазыцыі нібыта зьбіраліся яе забіць. Апошні раз Лукашэнка агучыў сваю вэрсію 1 ліпеня ў выступе на ўрачыстым сходзе з нагоды афіцыйнага Дня незалежнасьці.

У Лукашэнкі не хапіла рэсурсаў, каб абараніць кандыдата ў прэзыдэнты ў сваёй краіне?

Паводле ўладаў, праціўнікі Сьвятланы Ціханоўскай з апазыцыі плянавалі зрабіць зь яе сакральную ахвяру, спаліць у штабе на вуліцы Веры Харужай у Менску. І нібыта арганізатарам гэтай акцыі быў Павал Латушка. Беларускія спэцслужбы пра гэта даведаліся, паведамілі Лукашэнку, і той загадаў эвакуаваць Сьвятлану ў Літву.

Ува ўсёй гэтай гісторыі шмат дзіўнага. Перад выбарамі 9 жніўня, калі нібыта плянавалася гэтае «сакральнае забойства», Павал Латушка быў дырэктарам Купалаўскага тэатру, то бок дзяржаўным чыноўнікам, да апазыцыі ня меў ніякага дачыненьня. Толькі 13–14 жніўня ён адкрыта выступіў супраць дзеяньняў уладаў, перайшоў на бок пратэстоўцаў. Таму тут нават чыста храналягічна канцы з канцамі ня сходзяцца.

І навошта дзеля ратаваньня Ціханоўскай трэба было вывозіць яе за мяжу? У Лукашэнкі не хапіла рэсурсаў, каб абараніць кандыдата ў прэзыдэнты ў сваёй краіне? Калі ўлада ня здольная гэта зрабіць, то што яна вартая? Гэта ж з боку Лукашэнкі прызнаньне ўласнага бясьсільля. І чаму, паводле лёгікі Лукашэнкі, у Літве Сьвятлане будзе больш бясьпечна, чым у Беларусі? То бок ён фактычна прызнае, што бясьпека, абарона людзей ад злачынных памкненьняў у літоўскай дзяржаве арганізаваная лепш, чым у дзяржаве, якою Лукашэнка кіраваў 25 гадоў на той момант.

Ідзем далей. У фільме кіраўнік Апэратыўна-аналітычнага цэнтру генэрал Андрэй Паўлючэнка апавядае, што ён 10 жніўня на даручэньне Лукашэнкі прыехаў у Цэнтральную выбарчую камісію, каб разабрацца з заявай, якую туды падала Сьвятлана Ціханоўская.

І тут узьнікае маса пытаньняў. 10 жніўня 2020 году Сьвятлана Ціханоўская прыйшла ў ЦВК разам з прадстаўнікамі сваёй каманды, сярод якіх былі Марыя Калесьнікава і адвакат Максім Знак, каб падаць заяву аб фальсыфікацыях на выбарах. Гэтай заявы яшчэ ніхто зь дзяржаўнага кіраўніцтва ня бачыў, ніхто, акрамя атачэньня Сьвятланы, ня ведаў яе зьместу. А Лукашэнка нейкім чынам даведаўся, што Ціханоўская прыйдзе ў ЦВК з заявай, і загадзя даручыў генэралу Паўлючэнку разабрацца, і той ужо чакаў Сьвятлану ў будынку камісіі.

Далей. Сваю заяву Ціханоўская прынесла ў ЦВК, менавіта гэты орган і павінен быў разьбірацца з прэтэнзіямі кандыдата ў прэзыдэнты, даць нейкі адказ. Прычым тут Апэратыўна-аналітычны цэнтар — дзяржаўная спэцслужба, якая займаецца кантролем інтэрнэту ды інфармацыйнай бясьпекай? Ніякага дачыненьня да выбараў гэты орган ня мае, ягонае ўмяшаньне ў выбары не прадугледжана заканадаўствам.

Раніцай 10 жніўня афіцыйныя вынікі выбараў не абвешчаныя. Фармальна Лукашэнка і Ціханоўская працягваюць заставацца кандыдатамі ў прэзыдэнты. І як стасуецца з законам той факт, што адзін кандыдат у прэзыдэнты (Лукашэнка) дае даручэньне кіраўніку спэцслужбы разабрацца з заявай другога кандыдата ў прэзыдэнты (Ціханоўскай)? Калі гэта не злоўжываньне ўладаю, то што?

У фільме паказалі толькі тэхнічны працэс перадачы грошай. Новых фактаў там няма

У сваіх шматлікіх аповедах пра гэтую гісторыю зь Ціханоўскай Лукашэнка асабліва падкрэсьлівае той факт, што «я вывез яе за мяжу», прычым пад аховаю. Сама Сьвятлана казала, што яе выезд быў не зусім дабраахвотным. Фактычна гэта была дэпартацыя пад канвоем. Яшчэ раз нагадаем, што афіцыйныя вынікі выбараў не абвешчаныя, і ідзецца пра гвалтоўны вываз за мяжу аднаго кандыдата ў прэзыдэнты (Ціханоўскай) на загад іншага кандыдата ў прэзыдэнты (Лукашэнкі). Гэта такія выразныя штрыхі што да законнасьці, дэмакратычнасьці і справядлівасьці той выбарчай кампаніі.

І апошняе — пра грошы. Пра іх Лукашэнка казаў упершыню яшчэ ў кастрычніку 2020 году, нават суму называў. У фільме паказалі толькі тэхнічны працэс перадачы грошай. Новых фактаў там няма.

Але адкуль узяліся гэтыя грошы? Лукашэнка расказваў: «Я распарадзіўся, зь дзяржаўнага прадпрыемства ўзялі 15 тысяч даляраў і ёй аддалі». Калі б у Беларусі існавала праўная дзяржава, то пракуратура і Камітэт дзяржаўнага кантролю адразу пацікавіліся б, якое прадпрыемства, паводле якой працэдуры вывела з свайго рахунку гэтыя грошы. Распараджэньне Лукашэнкі было пісьмовае ці вуснае? Нават не юрысту відавочна, што тут шмат пытаньняў пра юрыдычную чысьціню гэтай фінансавай апэрацыі ўладаў.

Паказваючы гэты фільм, улады разьлічвалі паказаць кампрамат на лідэраў апазыцыі. Але атрымалася, хутчэй, наадварот. Там столькі нестыковак, што можна казаць пра самавыкрыцьцё ўладаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG