Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапагандысты паказалі відэа, каб скампрамэтаваць Ціханоўскую. Яна патлумачыла, адкуль узяўся канвэрт з грашыма


Сьвятлана Ціханоўская на цырымоніі ўскладаньня кветак да помніка «Маці Чарнобыля» у парку Сапегаў у Вільні 26.04.2025. Архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская на цырымоніі ўскладаньня кветак да помніка «Маці Чарнобыля» у парку Сапегаў у Вільні 26.04.2025. Архіўнае фота

Па дзяржаўным тэлебачаньні 6 жніўня паказалі сюжэт, як начальнік Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце Беларусі (ААЦ) перадаў Ціханоўскай скрутак перад яе выездам зь Беларусі ў жніўні 2020 году. Сьцьвярджаецца, што там нібыта былі грошы, але што дакладна знаходзілася ўнутры, не відаць.

На відэа паказана, як Ціханоўская знаходзіцца дома, на кухні, а начальнік ААЦ (дзяржаўны орган, фактычна спэцслужба) Андрэй Паўлючэнка, які вядзе здымкі схаванай камэрай і ня бачны з твару, тлумачыць, што гэта — «грошы, пра якія вы прасілі», і просіць схаваць іх, «каб ніхто ня бачыў». Ціханоўская забірае канвэрт і накрывае яго ручніком. У тым жа відэа згадваецца, што яна не хацела заставацца ў Беларусі, хоць ёй і прапаноўвалі, і хацела пабачыць дзяцей, якія былі за мяжой.

Пасьля гэтага яе разам зь сяброўкай адвозяць у бок мяжы, нібыта «дзеля бясьпекі». У сюжэце таксама паказваюцца кадры, як машына перасякае мяжу Беларусі ў цемры.

Лукашэнка пазьней сьцьвярджаў, што на дарогу Ціханоўскай далі 15 000 даляраў, узятых з дзяржпрадпрыемства, каб яна «магла жыць за мяжой». А таксама што беларускія структуры нібыта зьвярталіся да амбасады ў Літве, каб аказаць ёй дапамогу.

Камэнтар Ціханоўскай

«Люстэрка» папрасіла ў Сьвятланы Ціханоўскай пракамэнтаваць гэтае відэа. Яна сьцьвярджае, што толькі пасьля дэманстрацыі сюжэту наважылася адкрыць скрутак, які праляжаў у яе без малога пяць гадоў. У пакеце сапраўды было 15 тысяч эўра новымі купюрамі.

«Ніякіх грошай я не прасіла, мне проста засунулі гэты канвэрт. Такое адчуваньне, што некаторыя фразы Паўлючэнка спэцыяльна прагаворваў так, быццам я прасіла ў яго грошы. Дарэчы, калі я выходзіла з кватэры, то паспрабавала „забыцца“ гэты канвэрт, але ён нагадаў, каб я яго забрала. І на мяжы я зноў спрабавала яму іх вярнуць. Ім проста патрэбен быў нейкі кампрамат на мяне.

Я тады знаходзілася пад вялізным эмацыйным ціскам. Я не была да такога гатовая і ня ведала, як паводзіць сябе ў падобных сытуацыях. Аб гэтым злашчасным канвэрце я не расказвала, таму што мне было сорамна, што ён у мяне апынуўся. Я не хацела да яго нават дакранацца.

Але калі рэжым так турбуе лёс гэтых грошай, то давайце разам вырашым, куды пойдзе гэты „данат ад Лукашэнкі“. Беларускім добраахвотнікам? Сем’ям палітвязьняў? На культурныя праекты? І я ў чарговы раз заклікаю беларусаў: калі ў вас ёсьць магчымасьць, калі ласка, падтрымлівайце нашыя праекты і ініцыятывы».

  • Ціханоўская ня раз расказвала, што яе прымусілі пакінуць краіну, а перад гэтым забралі на гутарку ў ЦВК, дзе, паводле яе, аказвалі псыхалягічны ціск і шантажавалі дзецьмі. У выніку яна запісала відэа з заклікам да спыненьня пратэстаў.
  • У 2020-21 гадах у Беларусі супраць Ціханоўскай былі распачатыя крымінальныя справы, у тым ліку за дзяржаўную здраду з мэтай захопу ўлады. Завочна ёй прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG