Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады патлумачылі жыхарам памежнага з Украінай раёну, ці трэба баяцца «гукаў» і ці можна рыбачыць у памежнай зоне


У памежным з Украінай Лоеўскім раёне перад мясцовымі жыхарамі ў гарадзкім цэнтры культуры выступілі дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Жанна Чарняўская, старшыня Лоеўскага райвыканкаму Алег Таргонскі, намесьнік старшыні Гомельскай памежнай групы Сяргей Сьвянтэцкі.

Пра гэта напісала «Гомельская праўда».

Мясцовыя жыхары цікавіліся ў прадстаўнікоў улады, ці варта баяцца гучных гукаў, якія нядаўна былі чутныя лоеўцам. Мясцовая газэта не патлумачыла, пра якія гукі ідзецца. Прадстаўнік Гомельскай памежнай групы расказаў, што на сумежным з Лоевам украінскім баку назіраецца вялікая колькасьць людзей.

«Але яны апошнім часам імкнуцца паводзіць сябе добразычліва. Бо разумеюць: калі мы ўступім у вайну, адкрыецца другі фронт. А ім гэта вельмі невыгодна», — заявіў Сьвянтэцкі.

Ён запэўніў, што на тэрыторыі прымежных раёнаў дастаткова сіл і сродкаў, каб перадухіліць правакацыю. Пакуль ніякай небясьпекі, на яго думку, няма, а сытуацыя кантралюецца і прагназуецца. Сьвянтэцкі расказаў, што памежнікі абсталявалі неабходныя інжынэрныя збудаваньні, павысілася шчыльнасьць аховы дзяржаўнай мяжы.

Аматары рыбацтва пацікавіліся, ці плянуецца аднаўленьне выдачы пропускаў у памежную зону. У адказ было заяўлена, што забаранілі выдачу выключна для бясьпекі мясцовых жыхароў, пакуль яна працягне дзейнічаць.

Дэпутатка Чарняўская ў сваю чаргу заклікала жыхароў Лоеўскага раёну «ня верыць фэйкам», што зь Беларусьсю ніхто, акрамя Расеі, ня хоча супрацоўнічаць, і нагадала пра партнэраў Беларусі ў Афрыцы і Азіі.

«Беларусі зь яе прэзыдэнтам вельмі пашанцавала: мы актыўна займаемся вытворчасьцю прадуктаў харчаваньня і нават можам экспартаваць іх у іншыя краіны», — заявіла Чарняўская, дадаўшы, што эўрапейскія краіны цярпяць ад харчовага крызісу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG