У апошнія некалькі дзён больш за 50 чалавек сталі ахвярамі новага віду махлярства, паведамляе МУС Беларусі. Грошай пазбавіліся людзі, якія спрабавалі аплаціць камунальныя паслугі празь інтэрнэт.
Як расказалі сілавікі, ашуканцы стварылі сайты, вонкава падобныя да сайтаў банкаў — з магчымасьцю аплаты камунальных паслугаў. Пацярпелыя ўводзілі на сайце рэквізыты картак, пасьля чаго зь іх рахункаў зьнікалі ўсе грошы.
Усе знойдзеныя сайты сілавікі заблякавалі, але на будучыню МУС падказвае, як лёгка адрозьніць фішынгавы сайт ад сапраўднага: «Яго дамэннае імя не ідэнтычнае банкаўскаму — зьмяшчае як мінімум адзін лішні або зьменены сымбаль».
У выпадку выяўленьня фальшывага рэсурсу МУС прапануе рабіць скрыншот і зьвяртацца ў міліцыю.
Акрамя таго, адзначаецца, што праз мабільныя аплікацыі банкаў рабіць выплаты ўсё яшчэ больш бясьпечна — іх ашуканцы пакуль не бяруцца дубляваць.