Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што такое чат-рулетка, удзельнікаў якой працягвае затрымліваць ГУБАЗіК?


Расказваем, як праўладныя блогеры правакуюць беларусаў на рэзкія выказваньні ў інтэрнэце.

Ад пачатку году праваабаронцам і СМІ вядома пра затрыманьні каля дзясятка беларусаў, якія ўдзельнічалі ў размовах на палітычныя тэмы ў чат-рулетцы ў інтэрнэце. Існуе некалькі праўладных блогераў, якія правакуюць людзей на рэзкія выказваньні, а ўжо потым імі займаюцца супрацоўнікі ГУБАЗіКу.

Што за тэхналёгія?

Чат-рулетка — праграма, якая дазваляе ананімныя размовы ў відэа- і пісьмовым фармаце з выпадковымі людзьмі. Для гэтага існуюць адмысловыя сайты, а таксама мабільныя дадаткі.

Тэхналёгію чат-рулеткі ў 2009 годзе вынайшаў маскоўскі школьнік Андрэй Цярноўскі. Цяпер ён жыве ў ЗША. Асаблівасьцю праграмы было тое, што карыстальнік ніколі ня ведае, з кім менавіта будзе размаўляць праз імгненьне. Калі размова ня клеіцца ці суразмоўцам нешта не падабаецца, то заўсёды можна пераключыцца на іншага карыстальніка.

Як правіла, падобныя чаты бясплатныя. Ад карыстальніка трэба даць згоду на выкарыстаньне мікрафона і камэры. За дадатковыя грошы можна падключацца неабмежаваную колькасьць разоў у суткі, а таксама пазначаць пажаданы пол суразмоўцы.

На пачатку свайго існаваньня чат-рулетка выклікала сапраўдны фурор. Але з часам яна пачала губляць папулярнасьць. Справа ў тым, што ў рулетцы пачало зьяўляцца ўсё болей інтэрнэт-троляў, а таксама людзей, схільных дэманстраваць палавыя органы ці проста абражаць суразмоўцу. Звычайна падобныя чаты характарызуюцца нізкай прэмадэрацыяй.

Чым карыстаюцца беларусы?

Па відэафрагмэнтах з затрыманымі, якія выкладваюць беларускія сілавікі, бачна, што размовы праходзяць на плятформе Videochat.ru. Гэта самая папулярная расейскамоўная чат-рулетка.

На сайце «Відэачата» напісана, што рэсурс аб’ядноўвае «500 тысяч карыстальнікаў штодня з Расеі і іншых краін СНД». Асаблівым пунктам стаіць, што карыстальнікам нават ня трэба рэгістравацца.

Праграму «Чат рулетка» спампоўвалі з Google Play больш за 10 мільёнаў разоў, на яе ёсьць 230 тысяч водгукаў. Праграма мае сярэднюю ацэнку 4,2. Ёсьць вялікае мноства іншых, менш папулярных плятформаў. Амаль усімі можна карыстацца як праз сайт, гэтак і праз адмысловую мабільную праграмку.

Хто правакуе беларусаў?

Вядома мінімум двое праўладных блогераў, пасьля размоваў зь якімі затрымлівалі беларусаў. Найбольш вядомы — дальнабойнік з Мазыра Юры Комар. У размовах з удзельнікамі чат-рулеткі ён робіць выгляд, што ён украінец і перажывае за вызваленьне сваёй радзімы.

Суразмоўцам задае правакацыйныя пытаньні, ці гатовыя яны ваяваць за Ўкраіну, ці ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, ці гатовыя да сілавога змаганьня ўнутры Беларусі. Потым Комар усё загружае на свой ютуб-канал «Бело Росс». Вялікай папулярнасьці гэтыя ролікі ня маюць, затое іх глядзяць сілавікі і потым затрымліваюць удзельнікаў.

Аб’яднаньне былых сілавікоў BYPOL высьветліла, што Юры Комар працаваў дальнабойнікам у польскай фірме, якая зарэгістраваная ў Беластоку. Калі пра гэта стала вядома, Комара адтуль звольнілі.

Таксама Комар завёў тэлеграм-канал «Бело Росс», дзе робіць рэпосты з прапагандысцкіх каналаў, а таксама каналаў, блізкіх да сілавікоў.

Імя другога правакатара нядаўна назвала выданьне «Наша Ніва». Гэта былы міліцыянт зь Менску Ігар Канюшык. Паводле відэа зь ягонага ютуб-каналу «Дзед Барадзед» сілавікі таксама затрымлівалі людзей.

Каго і як затрымлівалі?

Аб’яднаньне BYPOL мяркуе, што сілавікі выкарыстоўваюць праграму KIPOD, каб распазнаваць твары суразмоўцаў.

Першымі вядомымі затрыманымі ахвярамі чат-рулеткі былі двое хлопцаў з Рагачова, якія казалі, што гатовыя са зброяй змагацца зь беларускімі ўладамі. Іх запісалі 4 студзеня, а ўжо на наступны дзень відэа з затрыманымі зьявілася ў тэлеграм-каналах, блізкіх да сілавікоў. Хлопцаў прымусілі мыць бел-чырвона-белым сьцягам падлогу.

Іншага жыхара Салігорску паказалі ў відэа зь сьлядамі зьбіцьця, на губах была кроў, на твары драпіны. У тэлеграм-канале сілавікоў пацьвердзілі, што супраць затрыманага была прыменена фізычная сіла.

Самае клясычнае пытаньне, якое задае Комар: «Што будзем рабіць зь „ябацькамі“»?

Сярод затрыманых у рамках чат-рулеткі — лекар Вадзім Шафранскі, асьпірант Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Віталь Палавінскі і іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG