Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспарт на 90,5 мільёна даляраў, будавалі разам цягнікі. Што аб’ядноўвае Беларусь і Вугоршчыну


Міністры замежных спраў Беларусі і Вугоршчыны Сяргей Алейнік і Пэтэр Сіярта. Менск, 13 лютага 2023
Міністры замежных спраў Беларусі і Вугоршчыны Сяргей Алейнік і Пэтэр Сіярта. Менск, 13 лютага 2023

13 лютага ў Беларусі пабываў кіраўнік Міністэрства замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта. Глядзім, што зьвязвае Беларусь і Вугоршчыну.

Міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта 13 лютага прыляцеў у Менск. У беларускай сталіцы ён сустракаўся з новым міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Алейнікам.

Адразу пасьля выхаду з самалёта ў Менску вугорскі дыплямат зрабіў кароткае паведамленьне.

«Вугоршчына чакае ад усіх членаў міжнароднай супольнасьці як мага хутчэйшых дзеяньняў дзеля міру і пазьбяганьня дзеяньняў, якія нясуць рызыку падаўжэньня або эскаляцыі вайны».

Паглядзелі, што зьвязвае Беларусь і Вугоршчыну.

Гандаль

У 2021 годзе Беларусь прадала ў Вугоршчыну тавараў на 90,5 мільёна даляраў, паводле зьвестак Белстату. Гэта ў 23 разы менш, чым экспарт у Польшчу, і ў 15 разоў менш, чым у Літву. У асноўным Вугоршчына купляла ў Беларусі трактары, калійныя ўгнаеньні, драўніну і матэрыялы зь яе. Вялікая частка з гэтай прадукцыі трапіла пад санкцыі.

У Вугоршчыне тады ж Беларусь набыла тавараў на 141,7 мільёна даляраў. Асноўныя тавары, якія Беларусь купляла там — лекі, шыны, электрычныя трансфарматары, хімічныя смолы.

За першае паўгодзьдзе мінулага году Беларусь прадала ў Вугоршчыну тавараў на 45 мільёнаў эўра. Найбольш Вугоршчына купляла ў Беларусі прадуктаў хімічнай вытворчасьці. Гэта вынікае з дадзеных эўрапейскай службы статыстыкі.

Сумесныя праекты

Эканамічнае супрацоўніцтва з Будапэштам меў беларускі «Штадлер». У Вугоршчыне таксама працуе свой «Штадлер» і заводы мелі каапэрацыю ў стварэньні двухпавярховых вагонаў KISS.

Да 2020 году Вугоршчына купляла да траціны трактароў, якія вырабляліся ў Беларусі. Цяпер гэтую статыстыку беларускія ўлады закрылі.

У 2020 годзе абедзьве краіны падпісалі Мэмарандум аб супрацоўніцтве ў энэргетычнай галіне. Абмяркоўвалася магчымасьць працы беларускіх будаўнікоў на аб’ектах інфраструктуры вугорскай атамнай станцыі «Пакш-2».

У 2021 годзе ў Беларусі працавала 8 кампаній з вугорскім капіталам.

Вугоршчына супраць санкцый

У чэрвені 2020 году ў Беларусь прыехаў прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан. Тады ў Беларусі ўжо былі палітвязьні, за кратамі знаходзіўся Сяргей Ціханоўскі, Павал Севярынец, Мікалай Статкевіч. У Менску Орбан выказаўся за зьняцьце санкцый з Беларусі.

«Беларусь зьяўляецца сябрам „Усходняга партнэрства“, але партнэрства ня можа быць пабудавана на санкцыях», — сказаў тады Віктар Орбан і дадаў, што эканамічнае і гандлёвае супрацоўніцтва паміж ЭЗ і Эўразійскай эканамічнай супольнасьцю — «пытаньне эўрапейскага інтарэсу».

Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне ўлады Вугоршчыны выказваліся супраць увядзеньня санкцый у дачыненьні да Расеі.

Прэм’ера Віктара Орбана лічаць адным з самых лаяльных да Пуціна эўрапейскіх палітыкаў. Ён прыяжджаў у Маскву за тры тыдні да пачатку вайны.

Візыт кіраўніка МЗС Пэтэра Сіярты — гэта першы візыт эўрапейскага чыноўніка такога ўзроўню ў Беларусь з пачатку палітычнага крызісу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG