Усе яны на ўмовах ананімнасьці выказалі меркаваньне, што гэты візыт выказвае дэманстрацыйную падтрымку ўладам Беларусі і ўскосна нават Расеі падчас расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Вядома ж, гэта ня новы падыход, адзначаюць яны, бо ад пачатку маштабнага ўварваньня Сіярта некалькі разоў сустракаўся зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым. У мінулым лістападзе Сіярта знайшоў час, каб сустрэцца зь міністрамі замежных спраў Беларусі і Расеі на Генэральнай асамблеі ААН, і пры гэтым не знайшоў часу на сустрэчу з калегамі па Вышаградзкай чацьвёрцы, якая аб'ядноўвае Вугоршчыну, Польшчу, Славаччыну і Чэхію.
Паводле афіцыйных заяваў, мэта цяперашняга візыту — «Захоўваць адкрытымі каналы камунікацыі», але гэтага можна было дасягнуць іншымі спосабамі: праз кантакты на ніжэйшым узроўні (цяпер у Менску знаходзіцца вугорскі амбасадар Жолт Чутара, які ачольваў вугорскую амбасаду ў Баку ў 2012 годзе — тады вугорскі ўрад выдаў Азэрбайджану Раміля Сафарава, які быў у турме за забойства армянскага вайскоўца), ці праз сустрэчу ў нэўтральным месцы — да прыкладу, у рамках мерапрыемства ААН.
Некаторыя экспэрты зьвярнулі ўвагу на тое, што, за выняткам расейцаў, прадстаўнікі беларускага кіраўніцтва ведаюць найбольш пра расейскі наступ ва ўсходняй Ўкраіне. Пэтэра Сіярта нават маглі паінфармаваць пра гэта — пытаньне, вядома ж, у тым, як выкарыстоўваць гэтую інфармацыю.
За візытам могуць таксама стаяць эканамічныя інтарэсы Вугоршчыны: раней паведамлялася, што вугорскі OTP Bank меў намер пашырыць прысутнасьць у Беларусі, а таксама існавалі пляны адкрыць у Беларусі з вугорскай дапамогай завод па перапрацоўцы сьвініны. (Паводле адной з крыніц вугорскай службы Радыё Свабодная Эўропа, гэта магло б нават служыць спосабам для абыходу расейскіх санкцый на сельскагаспадарчую прадукцыю, якія дзейнічаюць ад часу анэксіі Крыму ў 2014 году, бо вугорскую сьвініну можна было б пастаўляць у Беларусь, а пасьля перапрацоўкі яна магла б ісьці на расейскі рынак як мясцовы прадукт).
Таксама вядома, што Эўрапейская камісія разглядае магчымыя санкцыі супраць Беларусі з саўдзел у расейскай агрэсіі. Вугорскі міністар замежных спраў, магчыма, можа «ацаніць патрабаваньні Беларусі пра зьмякчэньне санкцый». (Супраць уладаў Беларусі былі ўведзеныя санкцыі пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і брутальнага здушэньня дэманстрацый пратэсту, але ў мінулым вугорскі бок займаўся лябіяваньнем, каб санкцыі зьмякчылі, і дамогся таго, каб некаторыя драбнейшыя фігуры прыбралі з санкцыйнага сьпісу).
Урэшце, яшчэ адной тэмай візыту можа быць ядзернае супрацоўніцтва: АЭС, пабудаваная ў Астравецкім раёне, ужо амаль гатовая, і магчыма, што спэцыялістаў зь яе могуць перавесьці на АЭС «Пакш» у Вугоршчыне. Гэтую станцыю пабудавалі за савецкім часам, а цяпер разбудоўваюць з дапамогай расейскай кампаніі «Росатом».