Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Орхуская канвэнцыя ААН, «Усходняе партнэрства»: Зь якіх арганізацый і пагадненьняў беларускія ўлады выйшлі пасьля жніўня 2020 году


28 чэрвеня 2021 году Беларусь прыпыніла свой удзел у праграме «Ўсходняе партнэрства»
28 чэрвеня 2021 году Беларусь прыпыніла свой удзел у праграме «Ўсходняе партнэрства»

Пасьля пачатку палітычнага крызісу ў Беларусі ўлады са сваёй ініцыятывы выйшлі з шэрагу міжнародных канвэнцый, пагадненьняў і праграм. Пералічваем асноўныя.

«Усходняе партнэрства»

28 чэрвеня 2021 году Беларусь прыпыніла свой удзел у праграме «Ўсходняе партнэрства». «Усходняе партнэрства» — гэта ініцыятыва ЭЗ, скіраваная на ўмацаваньне адносін з шасьцю ўсходнімі суседзямі ЭЗ: Украінай, Грузіяй, Малдовай, Азэрбайджанам, Армэніяй і Беларусьсю.

У межах гэтай ініцыятывы ЭЗ выдзяляў у тым ліку сродкі на падтрымку розных праектаў у Беларусі.

За мінулыя гады грошы ЭЗ у Беларусі ішлі на энэргазьберажэньне, аднаўленьне воднай інфраструктуры, разьвіцьцё малога бізнэсу. Штогод дапамога ЭЗ Беларусі, пераважна ў выглядзе грантаў, складала каля 30 мільёнаў эўра.

Напрыклад, у 2015 годзе пачаў дзейнічаць праект «Разьвіцьцё аднаўляльных крыніц энэргіі ў Наваградзкім раёне — Дарожная карта для экалягічна чыстай тэрыторыі». Уклад ЭЗ склаў 540 тысяч эўра.

У 2016-м пачалася рэалізацыя праекту «Разьвіцьцё паслуг у сфэры кіраваньня адходамі Пухавіцкага раёну». Уклад ЭЗ склаў 352 тысячы эўра.

Падчас эпідэміі каранавірусу ЭЗ быў гатовы аказаць падтрымку Беларусі на 60 мільёнаў эўра. Агулам за гады, што Беларусь удзельнічала ў праграме «Усходняга партнэрства», краіна атрымала ад ЭЗ сотні мільёнаў даляраў дапамогі.

Орхуская канвэнцыя

Сёлета 18 ліпеня стала вядома, што Беларусь спыніла свой удзел у Орхускай канвэнцыі. Такое рашэньне замацавана ўказам Лукашэнкі.

Орхуская канвэнцыя — канвэнцыя Эўрапейскай эканамічнай Камісіі ААН «Аб доступе да інфармацыі, удзелу грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньняў і доступе да правасудзьдзя ў пытаньнях, якія тычацца навакольнага асяродзьдзя». Яе мэта — абарона права чалавека на спрыяльнае навакольнае асяродзьдзе для яго здароўя і дабрабыту, на ўдзел грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньняў, датычных гэтай тэмы.

Орхуская канвэнцыя спрыяла ўдзелу беларусаў у прыняцьці рашэньняў, якія ўплываюць на экалёгію. Напрыклад, грамадзкія слуханьні наконт нейкай будоўлі і высечкі дрэваў, магчымасьць паўплываць на адмену будаўніцтва нейкага прадпрыемства — усё гэта гарантавала Орхуская канвэнцыя. Аднак у Беларусі яна працавала не заўжды: будоўля акумулятарнага заводу пад Берасьцем, высечка паркаў ды іншае.

У Беларусі прасоўваньнем палажэньняў Орхускай канвэнцыі доўгі час займалася арганізацыя «Экадом». Арганізацыя дамагалася выкананьня палажэньняў канвэнцыі ў тым ліку пры будаўніцтве Беларускай АЭС у Астраўцы. Аднак 31 жніўня ўлады зьліквідавалі яе, як і сотні іншых недзяржаўных арганізацый. Гэта першы выпадак, калі зьліквідавалі арганізацыю, якая камунікавала з Камітэтам выкананьня Канвэнцыі.

Дамова аб рэадмісіі

4 кастрычніка 2021 году Беларусь прыпыніла дзеяньне дамовы аб рэадмісіі з ЭЗ. У межах пагадненьня аб рэадмісіі Беларусь павінна была прымаць назад сваіх грамадзян і замежнікаў, якія празь яе тэрыторыю незаконна траплялі ў краіны Эўразьвязу.

Такім чынам улады адказалі на санкцыі, уведзеныя з боку ЭЗ. Беларусь увесну 2020 году ратыфікавала дамову аб рэадмісіі асобаў з Эўразьвязу, якія прыбылі туды без дазволу. Беларусі далі 2 гады, цягам якіх рэадмісія грамадзян трэціх краін ажыцьцяўляцца не павінна былпа. За гэты час плянавалася стварыць адпаведную інфраструктуру для ўтрыманьня замежнікаў: памяшканьні, тэхніку і іншае.

Падпісаньне пагадненьня было зьвязана і зь візавым пытаньнем — цана візы (за выключэньнем доўгатэрміновых візаў для вучобы ці працы ў краінах шэнгенскай зоны) зьніжалася да 35 эўра.

У канцы чэрвеня, ужо пасьля пачатку міграцыйнага крызісу, прэс-сакратар замежнапалітычнай службы Эўразьвязу Набіла Масралі казала, што магчымае прыпыненьне пагадненьне не адаб’ецца на цане візы для беларускіх грамадзян.

Аднак зараз беларусу вельмі цяжка атрымаць шэнгенскую візу ў Беларусі. Многія візавыя цэнтры не працуюць, таму людзі мусяць пераплачваць кампаніям і контрагентам, каб атрымаць візу.

Дамова аб прызнаньні дыплёмаў з Польшчай

Беларусь выйшла з пагадненьня з Польшчай аб узаемным прызнаньні дыплёмаў аб вышэйшай адукацыі, вучоных ступеняў і ступеняў у галіне мастацтва сёлета 25 кастрычніка.

Гэтая дамова дзейнічала ад красавіка 2005 году, яна дазваляла прызнаваць польскія дыплёмы ў Беларусі і беларускія ў Польшчы.

Гэтае рашэньне адаб’ецца на беларускіх студэнтах, якія навучаюцца ў Польшчы. За апошнія 10 гадоў іх колькасьць вырасла ў пяць разоў.

У 2021/2022 навучальным годзе ў Польшчы вышэйшую адукацыю атрымлівалі 11 тысяч беларусаў. Яны занялі другое месца па колькасьці сярод усіх замежных студэнтаў у Польшчы пасьля ўкраінцаў, такую статыстыку прыводзіць Цэнтар апрацоўкі інфармацыі Нацыянальнага дасьледчага інстытуту Польшчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG