Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вядома аб пракурору, які папрасіў 12 гадоў турмы для нобэлеўскага ляўрэата Бяляцкага


Пракурор Аляксандар Кароль (зьлева) на працэсе Бяляцкага і іншых лідэраў «Вясны»
Пракурор Аляксандар Кароль (зьлева) на працэсе Бяляцкага і іншых лідэраў «Вясны»

9 лютага адбыліся спрэчкі бакоў у справе «Вясны», пракурор Аляксандар Кароль запрасіў яе фігурантам вялікія тэрміны. Расказваем, што вядома пра гэтага пракурора.

Ленінскі раённы суд Менску 5 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы супраць праваабаронцаў Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзя Лабковіч і завочна Зьмітра Салаўёва. Алесь Бяляцкі — ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру за 2022 год.

Пракурор Аляксандар Кароль запрасіў падсудным у справе «Вясны» наступныя тэрміны:

  • Алесю Бяляцкаму — 12 гадоў зьняволеньня,
  • Уладзю Лабковічу — 9 гадоў зьняволеньня,
  • Валянціну Стэфановічу — 11 гадоў зьняволеньня,
  • Дзьмітрыю Салаўёву — 10 гадоў зьняволеньня.

Вядзе працэс судзьдзя Марына Запасьнік. Дзяржаўным абвінаваўцам у справе выступае Аляксандар Кароль. На працэсе пракурор заявіў, што «матэрыялы справы сьведчаць аб тым, што Бяляцкі можа схавацца ад правасудзьдзя», таму ён не пабачыў падставаў для зьмены меры стрыманьня праваабаронцу і не дазволіў зьняць з падсудных кайданкі.

Працэс у справе Алеся Бяляцкага і іншых лідэраў «Вясны». Менск, 5 студзеня 2023
Працэс у справе Алеся Бяляцкага і іншых лідэраў «Вясны». Менск, 5 студзеня 2023

«Пагардлівае стаўленьне да беларускай мовы»

Пра старшага пракурора аддзелу Генэральнай пракуратуры Аляксандра Караля вядома няшмат. Найбольш гучнай справай, у якой Кароль быў дзяржаўным абвінаваўцам, стаў працэс супраць аўтараў расейскага шавіністычнага сайту «Рэгнум».

«У тэкстах дэманструецца пагардлівае стаўленьне да беларускай гісторыі і мовы. Беларуская мова называецца прымітыўнай, карыстаньне якой магчымае толькі ў побыце», — казаў тады на судзе Аляксандар Кароль.

Юрыя Паўлаўца, Дзьмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнку судзілі паводле артыкулу 130 КК «Распальваньне міжнацыянальнай варожасьці». Усе яны былі асуджаныя на пяць гадоў зьняволеньня з адтэрміноўкай на тры гады. Менавіта столькі і прасіў пракурор.

Аляксандар Кароль таксама быў абвінаваўцам на працэсе анархіста-палітвязьня Зьмітра Паліенкі. Пракурор прасіў для яго шэсьць гадоў калёніі за «злоснае хуліганства». Гаворка пра інцыдэнт з распыленьнем пярцовага балёнчыка ў пад’езьдзе. Суд жа пакараў Паліенку трыма гадамі «хатняй хіміі».

Пасьля Кароль нават выносіў пратэст у Вярхоўны суд з прычыны мяккага прысуду, але празь нейкі час ад яго адмовіўся.

У 2021 годзе Аляксандар Кароль атрымаў з рук Аляксандра Лукашэнкі мэдаль «За працоўныя заслугі». А на сайце Генэральнай пракуратуры апісваецца ўдзел Караля ў паэтычных чытаньнях у ведамстве. Пракурор «бліскуча прачытаў» твор Эдуарда Асадава «У ночного экспресса».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG