Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што на Захадзе нібыта рыхтуюць ягонае забойства


Аляксандар Лукашэнка, 2022
Аляксандар Лукашэнка, 2022

Лукашэнка: «Захад будзе фінансаваць толькі канкрэтныя мерапрыемствы: зьвяржэньне, забойствы прэзыдэнта, службовых асоб».

6 лютага Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з генэральным пракурорам Андрэем Шведам заявіў, што «Захад» нібыта працягвае рыхтаваць яго зьвяржэньне, а Шведа ў выпадку посьпеху чакае незайздросная будучыня, паведаміла БелТА.

Пра гэта Лукашэнка гаварыў, разважаючы аб камісіі па вяртаньні беларусаў-эмігрантаў, указ аб стварэнні якой ён падпісаў сёньня.

Лукашэнка зноў ужыў слова «зьбеглыя», якім нэгатыўна акрэсьліваюцца беларусы, якія пакінулі краіну апошнім часам з палітычных прычынаў.

«Захад будзе фінансаваць толькі канкрэтныя мерапрыемствы, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Пажадана такога радыкальнага пляну, і нават ужо не ўзроўню 2020 году. Звяржэньне, забойствы прэзыдэнта, службовых асоб. І ты там не ў апошніх шэрагах (гэта не для таго, каб цябе напалохаць, ты сам гэта ведаеш). Гэта значыць усіх, хто ўстаў упоперак горла, — усіх прыбраць. Гэта будзе фінансаваць Захад».

Асобна ён сказаў пра полк імя Каліноўскага:

«Усе яны крычалі: полк Каліноўскага і іншае ... Вось яны бегаюць там, некаторыя вялікія палкоўнікі і падпалкоўнікі, крычаць, што «мы ствараем Народна-вызваленчую армію».

Па стане на 30 лістапада 2022 году ў Польшчы жылі 68 684 грамадзяніны Беларусі. У Літве маюць права на пражываньне больш за 48,8 тысячы грамадзян Беларусі.

Затрыманьні на мяжы

Гэта ня першая спроба сілавікоў заахвоціць людзей вярнуцца — у канцы 2021 года імі была створаная праграма «Дарога дамоў», якая нібыта «дазваляе тым, хто зьехаў, вярнуцца без наступстваў». Пры гэтым беларусам выстаўляюць пэўныя ўмовы, як яны могуць гэта зрабіць.

Так, напрыклад, зрабіла 49-гадовая адміністратарка пратэставых чатаў Тацяна Курыліна, якую цяпер судзяць паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Паводле зьвестак Дзяржаўнага памежнага камітэту, пры ўезьдзе ў Беларусь у 2022 годзе «за экстрэмізм» затрымалі 52 чалавекі. Але паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», усяго за 2022 год і пачатак 2023 году затрымалі прынамсі 58 беларусаў.

Зь іх мінімум 10 чалавек асудзілі на пазбаўленьне волі тэрмінам ад 1 да 5 гадоў калёніі, чатырох чалавек — на «хатнюю хімію», а супраць яшчэ сямі завялі крымінальныя справы. Некаторых з затрыманых судзілі ў адміністрацыйных справах і зьмяшчалі ў ізалятар на «суткі» або адпускалі дадому зь вялізным штрафам пасьля суду.

Часьцей за ўсё затрымліваюць па вяртаньні з Польшы або Літвы, таксама вядома пра затрыманьні пасьля прыезду з Украіны, Латвіі, Грузіі і Расеі. Сілавікі высаджваюць беларусаў з рэйсавых аўтобусаў, сустракаюць іх на аўтобусных ці чыгуначных вакзалах або прыходзяць па іх ужо дадому.

Звычайна людзей перасьледуюць за камэнтары ў сацыяльных сетках або ўдзел у пасьлявыбарных акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Але адразу затрыманых могуць кідаць за краты паводле адміністрацыйных пратаколаў за «экстрэмісцкія» рэпосты або фота зь бел-чырвона-белай сымболікай, якія знаходзяць у тэлефонах і сацыяльных сетках. Праваабаронцам вядомыя выпадкі, калі падставай для перасьледу зьяўляўся нават удзел у акцыях салідарнасьці за мяжой.

Прычыны для вяртаньня ва ўсіх розныя: некаторыя вяртаюцца, каб зрабіць пашпарт або візу, хтосьці едзе на лячэньне або наведаць блізкіх, а некаторыя на пахаваньне сваякоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG