18 студзеня Сьвятлана Ціханоўская ў Давосе правяла перамовы з прэм’ерам Бэльгіі Аляксандрам дэ Кро. Яна падзякавала прэм’еру за падтрымку ў запуску місіі «За дэмакратычную Беларусь» і запрасіла яго на афіцыйнае адкрыцьцё офісу 27 лютага ў Брусэлі, паведамляе прэсавая служба Ціханоўскай.
Таксама Ціханоўская расказала пра суды над журналістамі, чыгуначнымі партызанамі, актывістамі і праваабаронцамі і падкрэсьліла, што вельмі важна аказваць максымальную дапамогу рэпрэсаваным і праваабаронцам.
Ціханоўская адзначыла ў размове, што многія беларусы могуць застацца безь беларускіх пашпартоў, і папрасіла паспрыяць беларусам у атрыманьні часовых дакумэнтаў на тэрыторыі Эўразьвязу.
Ціханоўская і дэ Кро абмеркавалі магчымы ўдзел прадстаўнікоў Беларусі ў саміце Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў чэрвені ў Кішынёве. Прэм’ер адзначыў, што вельмі важна падтрымліваць Беларусь высока на парадку дня, і пагадзіўся, што трэба правесьці дыскусію сярод эўрапейскіх лідэраў пра выпрацоўку супольнай стратэгіі ў дачыненьні да Беларусі.
Таксама Ціханоўская падчас форуму ў Давосе правяла сустрэчу з герцагам Люксэмбургу Гіёмам і прэм’ер-міністрам Ксавіе Батэлем.
Як паведаміла прэсавая служба Ціханоўскай, яна папрасіла кіраўніцтва Люксэмбургу зьвярнуць увагу на ўмовы ў турмах і новыя затрыманьні ў Беларусі, прыкласьці намаганьні дзеля вызваленьня палітвязьняў. Яна таксама папрасіла Люксэмбург разгледзець пытаньне дапамогі рэпрэсаваным і іх сем’ям.
Акрамя гэтага, Сьвятлана Ціханоўская правяла сустрэчу з прэзыдэнткай Малдовы Маяй Санду. Ціханоўская выказала падтрымку прэзыдэнтцы і яе намаганьням па інтэграцыі Малдовы ў Эўразьвяз.
Таксама ў кулюарах форуму Сьвятлана ЦІханоўская паразмаўляла з былым канцлерам Аўстрыі Сэбаст'янам Курцам, прэзыдэнтам Латвіі Эгілсам Левітсам, братамі Клічко, кангрэсмэнамі ЗША Грэгарі Міксам і Брэнданам Бойлам, прадстаўнікамі кампаній Siemens i Deloitte Джо Карсэрам i Пунiтам Рэнжэрам і іншымі палітыкамі і бізнэсоўцамі.
Беларуская палітык падзякавала Санду за рашэньне малдоўскага парлямэнта стварыць фармальную групу сяброў дэмакратычнай Беларусі.
Лідэркі абмеркавалі супрацу на міжнароднай арэне, удзел Беларусі ў саміце Эўрапейскай палітычнай супольнасьці, які пройдзе ў чэрвені ў Малдове.
17 студзеня Сьвятлана Ціханоўская падчас эканамічнага форуму ў Давосе ўзяла ўдзел у дыскусіі «Ў абарону Эўропы» разам з прэзыдэнтамі Польшчы, Літвы, Паўночнай Македоніі і кіраўніком МЗС Гішпаніі.