Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская просіць ААН распрацаваць новыя меры для «адэкватнага вырашэньня крызісу правоў чалавека ў Беларусі»


Сьвятлана Ціханоўская на міжнародным эканамічным форуме ў Давосе, 17 студзеня 2023
Сьвятлана Ціханоўская на міжнародным эканамічным форуме ў Давосе, 17 студзеня 2023

Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская заклікала генэральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша адрэагаваць на дэнансацыю Беларусьсю пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, паведамляе прэс-служба Аб'яднанага пераходнага кабінэта (АПК).

У звароце да Гутэрыша 17 студзеня яна прапанавала «выкарыстоўваць дадатковыя мэханізмы для публічнага асьвятленьня і расьсьледаваньня парушэньняў правоў чалавека [у Беларусі], аднаўленьня правоў пацярпелых [ад рэпрэсіяў] і прыцягненьня вінаватых да адказнасьці», а ў выпадку неабходнасьці распрацаваць новыя меры для «адэкватнага вырашэньня крызісу правоў чалавека ў Беларусі».

На думку Ціханоўскай, выхад з пратаколу «ні ў якай ступені не вызваляе Рэспубліку Беларусь ад існуючых абавязаньняў па Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах».

«Гэты крок рэжыму Лукашэнкі накіраваны на тое, каб пазбавіць беларусаў апошняга мэханізму звароту па міжнародную абарону, як гэта прадугледжана артыкулам 61 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэта наўмысна і груба адрывае беларусаў ад міжнароднага права», — падкрэсьліла Ціханоўская.

Са свайго боку яна заявіла, што гатовая «супрацоўнічаць са спэцыяльным дакладчыкам ААН у правах чалавека ў Беларусі і вярхоўным камісарам ААН у правах чалавека».

  • 27 кастрычніка 2022 году Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб дэнансацыі Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах ад 16 сьнежня 1966 году.
  • Старшыня камісіі Савету Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Сяргей Рачкоў заявіў, што закон разглядаўся «з улікам правапрымяняльнай практыкі і самавольнага пашырэньня Камітэтам ААН у правах чалавека сваіх паўнамоцтваў, якія стварылі дадатковыя неабгрунтаваныя абавязаньні» для Беларусі.
  • Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах — калектыўная дамова, якая ўстанаўлівае мэханізм падачы індывідуальных скаргаў. Пратакол фіксуе прызнаньне кампэтэнцыі Камітэту ААН у правах чалавека разглядаць скаргі ад асоб, якія сьцьвярджаюць, што іх правы былі парушаныя.
  • Факультатыўны пратакол быў прыняты Генэральнай Асамблеяй ААН у 1966 годзе і набыў моц у 1976-м.
  • Рашэньне аб выхадзе з Пратаколу набудзе моц 8 лютага 2023 году. Камітэт працягне прымаць, рэгістраваць і разглядаць усе скаргі, якія ён атрымае да гэтай даты. Па ўсіх скаргах, якія цяпер на разглядзе Камітэту, будуць вынесеныя рашэньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG