Вярхоўны камісар у замежных справах і палітыцы бясьпекі Эўразьвязу Жузэп Бурэль выказаўся аб судовых працэсах над беларускімі лідэрамі апазыцыі і незалежнымі журналістамі.
«Рэжым Лукашэнкі пачаў завочныя суды над лідэрамі дэмакратычнай апазыцыі Сьвятланай Ціханоўскай і Паўлам Латушкам, а таксама супраць трох іншых сяброў Каардынацыйнай рады, працягваючы злоўжываць судовай сыстэмай у палітычных мэтах. Ім выставілі сфабрыкаваныя абвінавачаньні ў дзяржаўнай здрадзе, экстрэмізьме, змове і распальваньні нянавісьці, і ім пагражае да 20 гадоў пазбаўленьня волі толькі за спробу рэалізаваць свае дэмакратычныя правы. Гэтыя судовыя працэсы пачаліся пасьля аналягічных крокаў рэжыму супраць ляўрэата Нобэлеўскай прэміі Алеся Бяляцкага на мінулым тыдні і журналіста і сябра праўленьня незалежнага Саюзу палякаў Беларусі Анджэя Пачобута.
Палітычныя рэпрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі дасягнулі беспрэцэдэнтнага ўзроўню. Цяпер палітвязьняў больш за 1440 чалавек. Адвольнае заканадаўства пазбаўляе грамадзян асноўных правоў, у тым ліку новы закон, які дазваляе пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія жывуць за мяжой. Гэта працягваецца парушэньне правоў і свабодаў народу Беларусі і супярэчыць міжнародным абавязаньням Беларусі. ЭЗ асуджае гэтыя жорсткія рэпрэсіі і палітычна матываваныя судовыя працэсы, накіраваныя на тое, каб прымусіць замаўчаць любыя незалежныя галасы і закрыць усю прастору для дэмакратычных дэбатаў, якая засталася.
Эўразьвяз і далей будзе падтрымліваць усіх адважных жанчын і мужчын, якія імкнуцца да свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі».
Ініцыяваны ў рамках спэцыяльнага вядзеньня завочны працэс у «справе Каардынацыйнай рады» пачаўся 17 студзеня ў Менскім гарадзкім судзе.
Працэс ідзе завочна, бо ўсе фігуранты знаходзяцца за межамі Беларусі. Іх справу расьсьледавалі ў рамках «спэцыяльнага вядзеньня».
Адвакаты Ціханоўскай і Латушкі заявілі хадайніцтвы аб спыненьні вядзеньня ў крымінальнай справе ў дачыненьні да сваіх падабаронных. Але суд адхіліў іх, піша БелТА.
Латушка заявіў адвод свайму адвакату, суд адхіліў
Адзін з абвінавачаных у крымінальнай «справе Каардынацыйнай рады» Павал Латушка даслаў у адрас суду хадайніцтва, у якім заявіў адвод свайму адвакату, перадае БЕЛТА.
У заяве, у прыватнасьці, гаворыцца, што ён тым самым ставіць у вядомасьць, што з адвакатам пагадненьня не заключаў і прасіў аб яго адводзе, а таксама запатрабаваў даць магчымасьць ажыцьцяўляць абарону самастойна. Ягоны абаронца падтрымаў хадайніцтва, заявіў, што адвакат павінен прытрымлівацца меркаваньня і пазыцыі свайго падабароннага і ня можа яму супярэчыць.
Пракурор палічыў немагчымым задаволіць хадайніцтва, бо ў гэтым выпадку ўдзел абаронцы абавязковы.
Судовая калегія хадайніцтва Латушкі аб адводзе адваката пакінула без задавальнення.
У чым вінавацяць лідэраў апазыцыі
Сьвятлану Ціханоўскую абвінавачваюць паводле некалькіх артыкулаў КК: у здрадзе дзяржаве, масавых беспарадках, стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня, распальваньні варожасьці, змове з мэтай захапіць уладу, закліках да санкцый.
Кіраўніка Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Паўла Латушку абвінавачваюць у закліках да санкцый, распальваньні варожасьці, атрыманьні хабару, стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня.
Падобныя абвінавачваньні агучаныя і на адрас сябраў Каардынацыйнай рады Марыі Мароз, Вольгі Кавальковай, і Сяргея Дылеўскага.
У пракуратуры заяўлялі, што «Ціханоўская, Мароз, Кавалькова, Латушка і Дылеўскі ў розны час уступілі ў тайную злачынную змову, у тым ліку зь іншымі асобамі, з мэтай захопу дзяржаўнай улады».
У дзень, калі над Ціханоўскай пачынаецца суд, яна удзельнічае ў міжнародным эканамічным форуме ў Давосе. Яна зьяўляецца першай прадстаўніцай Беларусі за 30 гадоў. Апошні раз Беларусь у Давосе ў 1992 годзе прадстаўляў Станіслаў Шушкевіч.
У асноўнай праграме швайцарскага форуму яна выступіла з тэмай «Ў абарону Эўропы» разам з прэзыдэнтамі Польшчы, Літвы, Паўночнай Македоніі і міністрам замежных справаў Гішпаніі. Акрамя Ціханоўскай, удзел у форуме бяруць лідэры 52 дзяржаваў і каля 600 гендырэктараў міжнародных кампаній і карпарацый, піша яе прэс-служба.
Што трэба ведаць пра завочныя суды ў Беларусі
- Як тлумачаць улады, «спэцыяльнае вядзеньне — гэта вядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусі і ўхіляецца ад зьяўленьня ў орган, які вядзе крымінальны працэс».
- Аляксандар Лукашэнка ў ліпені 2022 году падпісаў закон аб зьменах у Крымінальна-працэсуальным кодэксе, якія дазваляюць завочна судзіць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, бо выехалі з краіны, асьцерагаючыся катаваньняў і крымінальнага перасьледу з палітычных прычын.
- 27 верасьня стала вядома, хто ўваходзіць у першы сьпіс на завочны суд. Усіх іх улады лічаць адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
- 12 сьнежня ў Беларусі пачаўся першы завочны суд: пяцёх абвінавачаных у справе «Чорнай кнігі Беларусі» выклікалі ў Менскі гарадзкі суд 12 сьнежня на 10:00.
- У першы сьпіс на завочны суд уваходзілі рэдактарка прызнанага «экстрэмісцкім» ТГ-каналу «Каратели Беларуси» і ютуб-каналу «Дзікае паляванне» Яніна Сазановіч, супрацоўнік «Чорнай кнігі Беларусі» Даніла Багдановіч, стваральнік спартовага парталу by.tribuna.com і мэдыямэнэджар Дзьмітры Навоша, а таксама Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская. Улады лічаць іх адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
- Падобныя справы пачалі таксама супраць Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Марыі Мароз, а таксама ўдзельнікаў і кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, праваабарончага цэнтру «Вясна», тэлеграм-каналу Nexta, Каардынацыйнай рады, Валера Цапкалы.
- Таксама спэцыяльнае вядзеньне распачалі супраць вядомай спартоўкі, алімпійскай прызэркі ў плаваньні Аляксандры Герасімені і выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Апейкіна. 26 сьнежня 2022 году ім прысудзілі 12 гадоў турэмнага зьняволеньня за заклікі да пераносу спартовых турніраў.
- 18 студзеня 2023 году вынесьлі выракі ў «справе ЧКБ». Сазановіч, Багдановічу, Навошу, Высоцкай і Занямонскай прысудзілі па 12 гадоў турмы. Кожнаму зь фігурантаў таксама прысудзілі штрафы ў памеры 500 базавых велічынь. КДБ унёс фігурантаў справы ў «тэрарыстычны сьпіс». Суд цягнуўся крыху больш за месяц у закрытым рэжыме.